Тацяна Лугіна, прызначаная Алякандрам Лукашэнкам у сярэдзіне траўня на пасаду кіраўніка дзяржаўнага канцэрну «Беллегпрам», дала інтэрвію дзяржаўнай тэлевізіі. Гутарку паказалі на СТВ і ў перадачы «Галоўны эфір» на «Беларусь-1».
На пытаньне аб тым, ці яна адчувае няроўныя ўмовы гаспадараньня, пра якія казаў Лукашэнка, Тацяна Лугіна адказала: «цяжка сказаць», што дзяржаўны і прыватны бізнэс «маюць нейкія няроўныя правы», а дзяржаўная падтрымка нацыянальных праектаў — «гэта гіганты прамысловасьці, якія і павінны на ўзроўні дзяржавы падтрымлівацца», і гэта «ня больш за пяць прадпрыемстваў».
Наконт няроўнасьці ва ўмовах з індывідуальнымі прадпрымальнікамі і прадаўцамі былых ва ўжываньні рэчаў («сэканд-хэнд»), яна заявіла, што бачыць патрэбу ў дадатковым рэгуляваньні.
«Трэба больш паглыбіцца ў знаходжаньне менавіта сэканд-хэнду на рынку Рэспублікі Беларусь, — казала Лугіна. — Умовы ўваходу гэтай прадукцыі, яе клясыфікацыя і інвэнтарызацыя — што рэальна ўваходзіць у падкатэгорыю сэканд-хэнд. На якіх умовах яны ўваходзяць, якімі мытамі абкладаюцца? У гэтае пытаньне будзем паглыбляцца, вывучаць і, вядома ж, будзем для сябе разумець, што нам трэба рабіць для таго, каб гэтая дынаміка не працягвалася».
Пра якую дынаміку гаворка, яна не ўдакладніла. Аляксандар Лукашэнка ж, прызначыўшы яе, казаў, што «сёньня рознага кшталту рызьзё прывозім з-за мяжы, а ў сябе нібыта ня можам вырабляць» (у гэтым ён вінаваціў прыватныя кампаніі, індывідуальных прадпрымальнікаў і тых, каго называе «тарбешнікамі» і «мяшэчнікамі»).
Лугіна таксама паабяцала прыкласьці максымум сілаў, каб «ўсё ж такі любоў да беларускага адзеньня ў насельніцтва толькі прырастала, і асабліва ў моладзі».
Папярэдні старшыня «Беллегпраму» Мікалай Яфімчык быў звольнены 20 сакавіка праз «сканчэньне тэрміну кантракту», ён працаваў з 2014 году. Лугіна з 2015 году ўзначальвала пінскае прадпрыемства «Палесьсе».