Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці перашкаджаюць сэканд-хэнды прадпрымальнікам? Шумчанка: «Беллегпрам» проста шукае ворагаў


Анатоль Шумчанка, архіўнае фота
Анатоль Шумчанка, архіўнае фота

Новая кіраўніца «Беллегпраму» паабяцала змагацца з сэканд-хэндам: разабрацца, на якіх умовах ужыванае адзеньне паступае ў продаж і якімі мытамі абкладаецца. Гэта адбылося пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка, прызначаўшы яе, казаў, што «сёньня рознага кшталту рызьзё прывозім з-за мяжы, а ў сябе нібыта ня можам вырабляць».

У завозе «рызьзя» Аляксандар Лукашэнка тады вінаваціў прыватныя кампаніі, індывідуальных прадпрымальнікаў і тых, каго называе «тарбешнікамі» і «мяшэчнікамі». Анатоль Шумчанка, старшыня рады Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва», якое бароніць інтарэсы дробных і індывідуальных прадпрымальнікаў, тады тлумачыў, што ў Беларусі проста ня створаныя ўмовы для таго, каб малы і сярэдні бізнэс разьвіваўся і пераходзіў з продажу чужога на вытворчасьць свайго.

А што да сэканд-хэндаў — ці праўда зь імі ёсьць нейкія праблемы, якія адчуваюць і прадпрымальнікі?

«Калі сёньня нейкія суб’екты гаспадараньня з сэканд-хэндаў ня сплочваюць нейкія падаткі, дык якія пытаньні? — разважае Шумчанка ў камэнтары Свабодзе. — Але пытаньне ў тым, што „Беллегпраму“ заўжды нехта перашкаджае, на гэта трэба глядзець. Хачу нагадаць, што спачатку гэта былі ІП, якія нібыта трэба было паставіць у роўныя ўмовы. Вось ІП паставілі ў „роўныя ўмовы“ ў двукосьсі, але гэта не прынесла ніякай карысьці „Беллегпраму“».

Сэканд-хэнды — канкурэнты дробным і індывідуальным прадпрымальнікам, прызнае ён: «адбіраюць хлеб у прадпрымальнікаў». Але «ў нармальнай краіне хапае ўсім», кажа Шумчанка пра долі рынку, а канкурэнцыя мусіць быць здаровай. Калі беларусы могуць сабе дазволіць толькі ўжыванае адзеньне, разважае ён, то «як мы можам мець пытаньні да „сэкандаў“ — дзяржава не забясьпечвае годных заробкаў».

Шумчанка адзначае, што пры гэтым «Беллегпрам» абыходзіць тэму крамаў таннага адзеньня сумнеўнай якасьці, якія ў Беларусі сталі адкрываць прадпрымальнікі з Узбэкістану і іншых азіяцкіх краінаў. Маўляў, у гандлёвых плошчах тыя ўжо не саступаюць сэканд-хэндам.

«Беллегпраму» ён раіць ня думаць пра тое, якія ўмовы стварыць іншым, бо «спрабавалі — не дапамагае» (на ягоную думку, пасьля падзеньня ў разы долі ІП у гандлі дзяржаўны канцэрн не зажыў лепей), а думаць пра цэны і якасьць уласнай прадукцыі або нават пра саму ідэю канкураваць з Кітаем у лёгкай прамысловасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG