Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прапанавалі забараніць продаж ужыванага адзеньня праз інтэрнэт


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства гандлю Беларусі разьмясьціла на сваім сайце праект пастановы Савету Міністраў аб дапаўненьнях у правілы продажу тавараў «паводле ўзораў» (PDF). Да 15 кастрычніка будуць прымацца водгукі і прапановы, якія можна высылаць на адрас i.shpak@mart.gov.by.

У пастанове прапануюць, спасылаючыся на эўрапейскія і расейскія законы, вызначыць «гандаль паводле ўзораў» як такі, калі пакупнік ня можа непасрэдна азнаёміцца з таварам на момант заключэньня дамовы — як форму раздробнага гандлю без гандлёвых аб’ектаў, калі дамова заключаецца без адначасовай фізычнай прысутнасьці прадаўца і пакупніка, на падставе каталёгаў, рэклямы, фота або іншых зьвестак пра тавар, якія прадавец рассылае або распаўсюджвае любымі незабароненымі шляхамі, у тым ліку праз інтэрнэт.

Пры такой форме гандлю прапануецца забараніць продаж алькаголю і тытуню, біялягічных дабавак да ежы, лекаў і вэтэрынарных сродкаў, зброі і патронаў, піратэхнікі, ювэлірных «ды іншых бытавых вырабаў», а таксама ўжываных адзеньня і абутку.

У абгрунтаваньні (PDF) гэтай прапановы тлумачаць, што пры куплі былых у выкарыстаньні тавараў пакупнік ня можа атрымаць поўных зьвестак пра стан тавару і заганы; можа адразу дыстанцыйна заплаціць за тавар, а пры гэтым ня можа вярнуць няякасны, бо закон у прынцыпе забараняе вяртаньне ўжываных тавараў.

З праекту закону незразумела, ці можна будзе разьмясьціць у інтэрнэце аб’яву аб продажы ўжыванага адзеньня, знайсьці такім чынам пакупніка, але прадаць рэч пры асабістай сустрэчы.

Сярод іншага ў абгрунтаваньні спасылаюцца на вынікі маніторынгу інтэрнэт-крамаў канцэрнам «Беллегпрам», у якім выявілі, што ў інтэнэт-крамах прадаюць ужываную нацельную бялізну, дзіцячыя адзеньне і абутак, хоць беларускія правілы не дазваляюць прадаваць такія рэчы нават не праз інтэрнэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG