Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як насіць сваё. Стваральніцы беларускіх брэндаў пра самых стыльных беларусак і максымальны кошт сумачкі


Belarus Fashion Week. 2015 год
Belarus Fashion Week. 2015 год

Наколькі чалавека вызначае адзеньне, якое ён выбірае? Ці гатовыя беларусы насіць сваё? Ад якіх стэрэатыпаў у выбары адзеньня і аксэсуараў варта пазбаўляцца? Ці лёгка быць дызайнэрам адзеньня ў Беларусі?

Сваім досьведам дзеляцца ўладальніца моднага брэнду Krasa Ганна Кулакова, стваральніца моднага брэнду Leushina Ганна Леўшына і дызайнэрка брэнду Tikota Unique Кацярына Цікота.

Што рабіць, калі няма куды вешаць і няма чаго адзець

  • Ганна Леўшына: У мяне ёсьць правіла аднаго году. Я купляю рэч, і калі яна ў мяне правісела ў шафе год, і я яе ні разу не адзела, то такую рэч я заўсёды ці каму дару, ці прадаю, таму што я лічу, што рэч павінная насіцца.
  • Ганна Кулакова: Пытаньне пра «няма чаго адзець» прыходзіць абсалютна ў розны час, але абсалютна да кожнай жанчыны час ад часу, нават да жанчыны, у якой ёсьць свой модны брэнд. Гэта ня значыць, што няма чаго, але такія думкі для жанчын абсалютна нармальныя.
  • Кацярына Цікота: Я люблю практычныя, унівэрсальныя рэчы, якія могуць трансфармавацца. Сукенкі для цяжарных і кормячых мам, якія ёсьць у маёй калекцыі, могуць расьці разам з маміным жывоцікам, і потым, калі мама ўжо будзе карміць, яны ператвараюцца ў сукенкі для кармленьня, а калі мама ўжо перастае карміць, гэта будзе сукенка, якая праслужыць ёй яшчэ доўгі час.

Тры найбольш стыльныя беларускі

Ганна Соўсь: Назавіце трох найбольш стыльна апранутых беларусак ці беларусаў з вашага пункту гледзішча. А каму б зь вядомых асобаў вы неадкладна парэкамэндавалі зьмяніць стыль адзеньня?

Ганна Леўшына
Ганна Леўшына

Ганна Леўшына: Калі трэба вылучыць траіх, то я б назвала, па-першае, Жэню Сугак, галоўную рэдактарку The Village Беларусь за вельмі круты мінімалістычны рок-н-рольны стыль, самае галоўнае, насібельны. Мне заўсёды вельмі прыемна за ёй назіраць.

Па-другое, я б назвала Юлю Іванову, фэшн-стылістку, для мяне гэта дакладна наогул самая стыльная дзяўчына Менску. У маім разуменьні так можа выглядаць будучая рэдактарка, напрыклад, беларускага Vogue, калі гэта некалі здарыцца. У яе вельмі кляснае спалучэньне супэртрэндавых рэчаў са сваім уласным стылем, і ў цэлым атрымліваецца вельмі прыгожая, мастацкая карцінка. Мы не знаёмыя асабіста, але я заўсёды за ёй назіраю зь вялікім задавальненьнем у сацсетках.

І па-трэцяе, я б назвала Натальлю Кандраценку, уладальніцу часопісу Kult і беларускую бізнэс-вумэн. Мне яна імпануе вельмі тым, што ў яе абсалютна няма нейкіх рамак, якія яна сама сабе ставіць, і яна не пазбаўленая самаіроніі ў сваім стылі, а для мяне гэта вельмі цікава і важна. Мне здаецца, беларусам можна павучыцца іранізаваць у сваім стылі. Такія пэрсанажы мяне прыцягваюць.

Ганна Соўсь: А каго б вы пераапранулі?

Ганна Леўшына: Ня ведаю, наколькі карэктна называць людзей, стыль якіх у мяне выклікае зьдзіўленьне. Я б проста парэкамэндавала любым дзяўчатам, прафэсія якіх так ці інакш зьвязаная з публічнасьцю, не грэбаваць паслугамі стыліста і зьвяртацца да іх, бо ў іх можна шмат чаго пачарпнуць і давесьці свой уласны стыль да дасканаласьці ці прыемнага воку выгляду.

Ганна Кулакова
Ганна Кулакова

Ганна Кулакова: Я таксама працягну сьпіс беларускіх бізнэс-вумэн. Мне вельмі падабаецца і імпануе стыль Галіны Корсак, гэта ўладальніца пякарні Brioche і рэстарану Brioche Bistro. Мне вельмі падабаецца стыль Лены Бандарэнкі, уладальніцы івэнт-агенцтва Bon Bon. З шоў-бізнэсу калі на кагосьці і паказваць, то мне найбольш падабаецца Каця Раецкая, яе стыль, яна вельмі добра ўмее падкрэсьліваць індывідуальнасьць і свае моцныя бакі.

Гэтых трох асобаў аб’ядноўвае тое, што яны ня сьлепа ідуць за нейкімі трэндамі, а тое, што кожная зь іх можа праз стыль, праз вопратку неяк самарэалізоўвацца, паказваць сябе. Увогуле, уменьне спалучаць рэчы, якія, здавалася б, на першы погляд не спалучальныя, і гэта выглядае фантастычна, — гэта менавіта вось пра гэтых трох дзяўчат, таму я з радасьцю таксама назіраю за іх экспэрымэнтамі.

Я не магу сказаць, што стыль кагосьці канкрэтна мяне раздражняе, магчыма, я б нашых эстрадных сьпявачак папрасіла б падумаць. Я іх у жыцьці бачу, яны ўмеюць цікава апранацца, але чамусьці так сталася, што дзяўчаты ўспрымаюць канцэртны касьцюм як нешта такое абавязкова са стразамі, пёрамі і г. д. Мне здаецца, гэта ўжо трошку сышло, і трэба не баяцца свой асаблівы стыль выкарыстоўвацца і ў канцэртнай вопратцы.

Ганна Соўсь: А калі б вы прайшліся калідорамі ўлады, у Палату Прадстаўнікоў зазірнулі б ці ў нейкія міністэрствы? Бо ёсьць там пэўны стыль...

Я за тое, каб людзей было больш розных, яркіх, цікавых, са сваім непаўторным стылем.

Ганна Кулакова: Я б параіла проста яго зьмяніць (сьмяецца). Але гэта, напэўна, немагчыма. Раіць штосьці людзям, якія могуць прыслухацца ці нешта ў сабе зьмяніць — гэта канструктыўна. Я ня вельмі сабе ўяўляю якую-небудзь нашу міністарку зь фіялетавымі валасамі і ў касьцюме шэрым з люрэксам, што яна нойме сабе стыліста і нешта ў сабе зьменіць. Ад гэтага і ў галаве нешта зьменіцца, таму наўрад ці можна тут нешта параіць.

А беларускам я б параіла наступнае. Я ўвогуле вельмі люблю сьмелых людзей, якія гуляюцца са стылем. Нават калі мне стыль ня вельмі блізкі, я ўсё ж за тое, каб у Беларусі было як мага больш яркіх людзей, якія б не баяліся экспэрымэнтаваць. Вось мне здаецца, што беларускі асьцярожнічаюць, баяцца вылучыцца з масы. Раю не баяцца, таму што гэта здорава. Я за тое, каб людзей было больш розных, яркіх, цікавых, са сваім непаўторным стылем. А які гэта стыль — гэта ўжо справа густу.

Кацярына Цікота
Кацярына Цікота

Кацярына Цікота: Я, напэўна, адношуся да тых людзей, якія ня судзяць іншых занадта па адзеньні. Я разумею, што ёсьць меркаваньне пра тое, што дызайнэры павінныя даваць модныя парады. Гэта слушна, але для мяне ў першую чаргу важнае якраз-такі іншае палажэньне пра тое, што чалавек мае права самавыражацца, і калі яму камфортна выглядаць у чырвоных нагавіцах і ў сінім пінжаку, калі яны нават для нейкай катэгорыі людзей не спалучаюцца, але ён у гэтым адчувае сябе камфортна і гэта дае яму сілы і радасьць, то чаму б не. Таму казаць, што камусьці варта пераапрануцца, а камусьці працягваць у тым жа духу, я не магу настолькі катэгарычна.

Ці ацэньваць людзей па іх адзеньню?

Ганна Соўсь: Кацярына Цікота кажа, што нягледзячы на тое, што яна дызайнэрка, яна не ацэньвае людзей па адзеньні. А вы? Наколькі чалавека вызначае адзеньне, якое ён выбірае?

Брэнд Leushina
Брэнд Leushina

Ганна Леўшына: Я таксама не магу сказаць, што я проста ацэньваю людзей па адзеньні, але апрыёры мне будзе цікавейшы чалавек, які будзе выглядаць стыльна. Калі мы возьмем нейкую масу людзей, якіх я ня ведаю, і нехта зь іх мне спадабаецца чыста зьнешне, канешне, я першапачаткова захачу пагаварыць зь ім. Бывае, што памыляюся, таму што адзеньне — гэта сродак данесьці нейкую інфармацыю пра сябе суразмоўцу, і часам мы можам у гэтым схітраваць і выдаць жаданае за сапраўднае. Таму часам зьнешні вобраз не адпавядае таму ўнутранаму зьместу, які ты хочаш пабачыць у чалавеку.

Ганна Кулакова: Я лічу, што калі паглядзіш на чалавека ў нейкім канкрэтным вобразе, можна адразу пэўныя якасьці характару вылучыць. Напрыклад, калі чалавек ідзе ў вялікай чорным шыракаполым капелюшы, у грубых ботах, у нейкай шыфонавай яркай сукенцы, зь вялікай доляй верагоднасьці гэта чалавек — экстравэрт, які любіць прыцягваць да сябе ўвагу, ён любіць, калі на яго зьвяртаюць увагу. Нейкія асаблівасьці чалавека можна такім чынам вылучыць. Але ня больш.

Леўшына: Чалавек можа і павінен адчуваць пэўныя эмоцыі ад адзеньня

Ганна Соўсь: Ганна Леўшына, я зь вялікай цікавасьцю глядзела фота вашых калекцый у Інстаграме. Як бы вы самі сказалі, у чым разынка, у чым адметнасьць вашага дызайнэрскага адзеньня? Для каго яно, хто вашы кліенты?

Брэнд Leushina
Брэнд Leushina

Ганна Леўшына: Хочацца, прынамсі, верыць у тое, што я раблю дастаткова ўнікальныя і эмацыйныя рэчы. Бо мы, мне здаецца, падстаміліся ад такога фаст-фэшну, які нас акружае. Калі мы ўжываем так многа рэчаў, што кошт гэтых рэчаў сьціраецца. Мы перастаём ад адзеньня адчуваць нейкія эмоцыі. Я ў стварэньне сваіх рэчаў укладаю менавіта такі пасыл, што чалавек усё яшчэ можа і павінен адчуваць пэўныя эмоцыі ад адзеньня. То бок гэта рэч, якую табе шкада забыць ці згубіць дзесьці, гэта рэч, якую табе, прыйшоўшы дадому, ня хочацца проста кінуць на верхнюю паліцу шафы, а табе хочацца яе акуратненька павесіць.

Часам табе хочацца яе дастаць, проста памацаць, надзець на сябе, пакруціцца перад люстэркам — то бок адчуць такое пэўнае трапятаньне ад рэчаў. Таму я ўсе рэчы стараюся рабіць унікальнымі, укладаць туды вельмі многа ручной працы, і калі казаць пра маіх кліентак, то напэўна нейкі сярэдні вобраз я не магу стварыць, бо дзяўчыны вельмі розныя. Але, безумоўна, гэта дзяўчыны, якія хочуць быць яркімі, заўважнымі, не баяцца выклікаць інтарэс сваім адзеньнем і якія цэняць сваю ўнікальнасьць.

Кулакова: Сукенка — галоўны элемэнт у маім гардэробе

Ганна Соўсь: Ганна Кулакова, я сама вельмі люблю сукенкі і ведаю, як ня проста знайсьці прыгожую і зручную сукенку па памеры, якая застанецца ў добрым стане. Ствараючы свой брэнд, вы арыентаваліся менавіта на сукенкі. Чаму? Вывучалі попыт ці арыентаваліся на свае густы? Чаму менавіта сукенкі? Хто вашы патэнцыйныя пакупніцы?

Сукенка брэнду Krasa
Сукенка брэнду Krasa

Ганна Кулакова: Любы бізнэс пачынаеш з патрэбы. Я, як дзяўчынка, заўсёды любіла сукенкі. Для мяне гэта галоўны элемэнт у маім гардэробе. І я разумею, што менавіта гэты элемэнт — самы жаночы, таму што пінжакі, жакеты, кашулі, усё што заўгодна, можа насіць і мужчына, і жанчына. Калі я стварала жаночы брэнд, мне хацелася гэтую жаноцкасьць падкрэсьліць. Канешне, сукенкі — гэта абсалютна бясконцая крыніца натхненьня. І я ведаю, што ніколі мне не надакучыць ствараць нешта новае, але пры гэтым я разумею, што я магу на сёньняшні момант прапанаваць нешта яшчэ.

Год таму быў у нас створаны з партнэрам Юліяй брэнд My Way, дзе мы ўжо адышлі ад канцэпцыі «толькі сукенкі». Там мы ствараем і гарнітуры, і паліто, і ўсе ў прынцыпе элемэнты жаночага гардэробу. Але мы бачым, што канцэпцыя «толькі сукенкі» у Krasa вельмі добра працуе, таму што ў дзяўчат ужо зьявілася такая правільная асацыяцыя: за сукенкамі — у Krasa. Яны разумеюць, што яны прыйдуць да нас, яны атрымаюць максымальны выбар канкрэтнага элемэнту гардэробу з усімі магчымымі колерамі і фасонамі і са сваёй лінейкай памераў. У нас яна не такая вялікая, але тым ня менш. І гэтая канцэпцыя працуе, дзяўчатам падабаецца, а мы робім тое, што людзям падабаецца.

Цікота: Гэта былі самыя працаёмкія калекцыі, Tikota Mama і Tikota Inclusive

Ганна Соўсь: Ці ўдзячная і прыбытковая справа — стварэньня моднага адзеньня, моднага брэнду, аксэсуараў у Беларусі? Ці гатовыя беларусы купляць і насіць сваё?

Кацярына Цікота: Абапіраючыся на ўласны досьвед, магу сказаць, што тое, чым я займаюся, мой брэнд адзеньня Tikota Unique, гэта справа, якая прыносіць мне прыбытак, і тая справа, якой хочацца займацца, таму што я ў яго ўкладаю і сваю душу, і ўсе свае сілы, і гэта як маё дзіця. Колькі ўкладаеш у дзіця, столькі й атрымліваеш. Чым больш мы аддаём, тым больш мы вартыя атрымаць.

За апошні год мне ўсё часьцей і часьцей сустракаюцца людзі, якія кажуць, што мы намерана купляем беларускія рэчы, таму што мы хочам падтрымаць нашу беларускую вытворчасьць і бачым у гэтым сэнс, бо сапраўды якасьць беларускіх тавараў адрозьніваецца. Мы, канешне, не глядзім на Кітай, бярэм суседнія краіны, і беларусы вельмі любяць сваё. Прынамсі тыя кліенты, якія прыходзяць да мяне, сапраўды хочуць насіць беларускае. Гэта вельмі прыемна, дзеля такіх людзей хочацца працаваць яшчэ больш і больш укладацца. Па маім досьведзе ў нас людзі вельмі адкрытыя да таго, што робяць нашы беларускія вытворцы.

Ганна Соўсь: Кацярына, я была ўражаная вашай калекцыяй для вазочнікаў. Калі паглядзець на тое, што вы ўжо зрабілі, што робіце цяпер, якая калекцыя была для вас найвялікшым выклікам як для дызайнэркі і адначасна задавальненьнем?

Кацярына Цікота: Напэўна, гэта не адна калекцыя. Як вы згадалі, гэта калекцыя для інвалідаў-вазочнікаў, гісторыя якой пачалася яшчэ ў траўні мінулага году, калі адбыўся першы паказ калекцыі ў аэрапорце. І паралельна з гэтым літаральна за два тыдні да гэтага паказу здарыўся іншы паказ, гэта іншы мой накірунак, гэта адзеньне для цяжарных і кормячых мам. Гэта таксама той накірунак, які мяне вельмі хвалюе. На той момант, калі я яшчэ была ў цудоўным стане, у чаканьні дзіцяці, яшчэ быў нязьведаны сьвет, і я хвалявалася, бо я абапіралася на свае адчуваньні і зьбірала дадзеныя ад іншых цяжарных, кормячых мам, каб стварыць іншую калекцыю.

Гэтыя два накірункі, фактычна два сацыяльных праекта, якая зараз зьяўляюцца для мяне прыярытэтнымі, мелі абедзьве сур’ёзныя падрыхтоўкі. Давялося абапірацца ня толькі на ўласныя адчуваньні і веды, але і правесьці дастаткова вялікую працу, сустрэчы са спэцыялістамі, з фокус-групай, зь людзьмі, для якіх гэтае адзеньне і стваралася. Трэба сказаць, што гэта былі самыя працаёмкія калекцыі, Tikota Mama і Tikota Inclusive, накірункі, на якія было патрачана пакуль больш за ўсё сіл, чаму я вельмі рада. Для мяне гэта новае прыняцьце сябе, сваіх магчымасьцяў, сваіх сіл.

Што рабіць, калі няма куды вешаць і няма чаго насіць?

Ганна Соўсь: Што бы вы адказалі на скаргу многіх жанчын «Няма куды вешаць і няма чаго насіць»? Ад якіх стэрэатыпаў у выбары адзеньня і аксэсуараў варта пазбаўляцца, каб не было такой праблемы?

Брэнд Leushina
Брэнд Leushina

Ганна Леўшына: Трэба навучыцца больш рацыянальна падыходзіць да складаньня свайго гардэробу, наколькі гэта магчыма наогул у дзяўчыны. У мяне ёсьць добрае правіла — правіла аднаго году. Я купляю рэч, і калі яна ў мяне правісела ў шафе год, і я яе ні разу не адзела, гэта 100% значыць, што больш я яе не адзену, і такую рэч я заўсёды ці каму дару, ці прадаю, таму што я лічу, што рэч павінная насіцца. Гэта як перліны, якія, як кажуць, цямнеюць, калі іх не насіць, так і рэч не павінная вісець, яна павінная прыносіць радасьць. Калі гэтую радасьць яна не прыносіць мне, значыць, мне трэба ад яе пазбавіцца і дазволіць камусьці іншаму яе насіць.

Ганна Кулакова: Я абсалютна згодная з Ганнай, у мяне таксама ёсьць такое правіла, я яго сабе ўвесь час нагадваю, калі думаю, ну, можа быць, у наступным годзе. Але ўсё ж цуда не здарыцца — калі на працягу года я не адзела, то гэта будзе проста вісець. Але ў мяне ёсьць малодшая сястра з такім жа памерам вопраткі, і ўсё праходзіць спачатку празь яе, а пасьля ўжо ўзьнікаюць нейкія іншыя шляхі.

Я лічу, што гэтае пытаньне пра «няма чаго апрануць», напрыклад, з раніцы, прыходзіць абсалютна ў розны час, але абсалютна да кожнай жанчыны час ад часу, нават да жанчыны, у якой ёсьць свой модны брэнд. Гэта проста нармальна, з гэтым проста трэба зьмірыцца, што пэрыядычна яно так і будзе. Гэта ня значыць, што няма чаго, але такія думкі для жанчын абсалютна нармальныя.

Кацярына Цікота: Я — прыхільніца практычных рэчаў, і рэкамэндую ўсім, для таго, каб не было такіх сытуацый, калі няма чаго насіць і шафа ломіцца ад адзеньня, падыходзіць да выбару гардэробу дастаткова сур’ёзна, і зьвяртацца па дапамогу да спэцыялістаў, стылістаў для таго, каб яны дапамагалі пра складзе базавага гардэробу, якія служыць асновай. Гэта палегчыць потым жыцьцё, ведаю на ўласным досьведзе.

Людзі, якія ўжо прайшлі гісторыю знаёмства са стылістам, ужо больш абдумана падыходзяць да выбару рэчаў. І я сама люблю ствараць рэчы, якія практычныя, унівэрсальныя, і могуць трансфармавацца. Вось нават сукенкі для цяжарных і кормячых мам, якія ёсьць у маёй калекцыі, яны могуць расьці разам з маміным жывоцікам і потым, калі мама ўжо будзе карміць, яны ператвараюцца і ў сукенкі для кармленьня, а калі мама ўжо перастае карміць, гэта будзе сукенка, якая праслужыць ёй яшчэ доўгі час. Яны выкананыя зь якасных матэрыялаў, таму тэрмін службы іх павялічаны, у параўнаньні з мас-маркетам у гандлёвых цэнтрах.

Ці трэба надаваць шмат увагі вопратцы?

Ганна Соўсь: Я жыву і Празе і калі вы пройдзеце не турыстычнымі дарогамі Прагі, то заўважыце, што пераважная большасьць людзей пры выбары адзеньня арыентуецца на зручнасьць і адэкватны кошт. Прыехаўшы з Прагі ў Менск, адразу зьвяртаеш увагу на тое, што выбару адзеньня жанчыны ў Беларусі надаюць значна большае значэньне, чым, напрыклад чэхі. З вашага пункту гледжаньня, гэта добра ці не?

Брэнд Leushina
Брэнд Leushina

Ганна Леўшына: У мяне дваістае стаўленьне да гэтай праблемы, таму што, з аднаго боку я вельмі хачу, каб беларускі навучыліся выглядаць адэкватна і адпаведна сытуацыі, бо ўсё яшчэ мы можам прыйсьці ў нядзелю на Камароўку і пабачыць там даму з двума мяхамі бульбы, якая ідзе на абцасах і з вечаровым макіяжам. І мне хочацца, каб мы навучыліся крыху прасьцей ставіцца да адзеньня і разумець, якое адзеньне для чаго патрэбнае. Але з другога боку вось гэтая ўбранасьць беларусаў мне таксама ў нейкай ступені імпануе, таму што я разумее, што яны самі ад гэтага кайфуюць. Калі жанчына ўстала з раніцы, патраціла кучу часу на тое, каб нафарбавацца, накруціць валасы на бігудзі, апранула шпількі, апранула самую лепшую сукенку, і ёй усё роўна, куды яна ў гэтым пойдзе, ёй у гэтым добра, то я не магу яе судзіць. Таму не магу дакладна адказаць на гэтае пытаньне, добра гэта ці дрэнна. Мне здаецца, што з часам мы, канешне, прыйдзем да таго, што станем больш эўрапеізаванымі і пачнём разумець, што часам можна атрымліваць кайф і ад простых рэчаў і радавацца жыцьцю без абцасаў. Але пакуль, я думаю, мы яшчэ ў працэсе.

Ганна Кулакова: Мы ў працэсе, але трэнд апошняга году, напрыклад, на тое, што можна насіць з клясычнымі гарнітурамі і сукенкамі клясныя красоўкі і кеды. Я вось бачу па сваіх сяброўках, яны ўздыхнулі з палёгкай, таму што зараз зьявілася абсалютна легальная магчымасьць зьняць з сябе гэтыя абцасы, якія ўжо надакучылі — сябе трошку адпусьціць, але пры гэтым выглядаць абсалютна стылёва.

Сукенка брэнду Krasa
Сукенка брэнду Krasa

Я бачу, канешне, што мы ня можам не адгукацца на гэты сусьветны трэнд, каб гэта быў і камфорт, і прыгожа. І маладыя беларускі — усё ж як бы навідавоку: ва ўсіх ёсьць інстаграм і г. д., і дзяўчаты таксама вучацца, і мне гэта страшна падабаецца, спалучаць клясычныя рэчы, выглядаць абсалютна дагледжана і прыгожа, і пры гэтым камфортна. Вось гэта ўзор. На гэта патрабуецца час, безумоўна, але мы ў працэсе.

Кацярына Цікота: Я думаю, што тут мае значэньне і краіна, у якой мы жывем, і мэнтальная характарыстыка народу. Не магу сказаць, кепска гэта ці добра, але ў нас так заведзена, таму судзіць не буду. Пакуль у нас так, і магчыма так яшчэ будзе некаторы час.

Колькі максымальна можна заплаціць за сукенку?

Ганна Соўсь: Давайце пагаворым пра грошы, якія можна плаціць за брэндавыя рэчы. Брытанскі вытворца адзеньня і аксэсуараў клясу люкс Burberry за год зьнішчыў нераспраданыя рэчы і парфумэрыю на больш за 32 млн. эўра, каб не зьніжаць цэны. З вашага пункту гледжаньня якая максымальная цана можа быць у Беларусі для брэндавых рэчаў? Калі б вы мелі неабмежаваны бюджэт, за якую суму вы ніколі б не купілі сукенку, боты ці торбачку?

Кацярына Цікота: Калі абапірацца на ўласныя адчуваньні пры выбары вопраткі, я выбіраю рэчы, якія выкананыя зь якасных матэрыялаў і якія маюць якасны пашыў. Натуральна, гэтыя рэчы больш працаёмкі ў выкананьні, і яны каштуюць нашмат даражэй, чым рэчы мас-маркету. Гэта варта прымаць да ўвагі. Напрыклад, за блузу, незалежна ад якасьці матэрыялу і працы, я б не аддала больш за 300 даляраў. З торбачкай складаней. Я люблю рэчы адзінкавыя, унікальныя, індывідуальныя, створаныя часьцей за ўсё для мяне канкрэтна. У мяне ёсьць торбы, якія цалкам расьпісаныя ўручную, і там сапраўды ўкладзена дастаткова шмат працы.

На на дадзены момант я ня бачу сэнсу ў торбе, якая каштуе больш за 500 даляраў. Я ня ведаю, якой павінная быць торба за такую суму. У мяне пакуль самая дарагая торба ў маёй калекцыі каштуе 200 даляраў, і яна цалкам зробленая ўручную, усе швы, ніткі афарбаваныя ўручную, і сама торба так зробленая. Гэтая рэч адпавядае свайму кошту — якасьць і зробленая праца. Я думаю, пры выбары рэчаў, канешне, трэба абапірацца на ўласныя адчуваньні і на тое, што была ўкладзеная ручная праца, і якасьць матэрыялу ў першую чаргу.

Ганна Леўшына: Мне здаецца, тут гаворка ня толькі пра Беларусь. У Беларусі зараз спажывецкі попыт вельмі нізкі ў сувязі з эканамічнай сытуацыяй. Але калі ты робіш якасную, добрую, вельмі ўнікальную рэч, то яна павінна каштаваць дорага. Я не магу сказаць, што пры неабмежаваным бюджэце я б не патраціла больш за 500 даляраў на рэч, якая б мне вельмі спадабалася. Мне здаецца, што ў беларусаў ёсьць ня вельмі добрая якасьць, мы не ўмеем цаніць чужую працу. Мы заўсёды лічым, што нам плацяць мала, а вось чужую працу мы цаніць не ўмеем, і мне здаецца, мы павінныя навучыцца гэта рабіць. Таму што калі рэч зробленая добра, яна павінная каштаваць дорага.

Ганна Кулакова: Калі б у мяне быў неабмежаваны бюджэт, першае, што б я зрабіла, купіла б сумачку Макса Міронава, на якую я даўно гляджу — гэта наш беларускі дызайнэр торбачак, яна каштуе ў раёне 450 даляраў. Я разумею, наколькі яна абалдзенная, эксклюзіўная, наколькі на яе будуць зьвяртаць на вуліцы ўвагу, таму што яна зробленая бездакорна, ня горш, чым нейкія сусьветныя брэнды. Я разумею, за што я плачу — тут сапраўды справа ў тым, наколькі шмат працы і наколькі якасна зробленая рэч і наколькі ў яе ёсьць свой флёр, свая гісторыя. Гэта таксама важна для брэнду. Напэўна, сума неабмежаваная, калі я разумею, гэтая рэч для мяне ўаў, наколькі яна для мяне крутая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG