Народная дэпутатка Ўкраіны Натальля Весялова (абіралася да парлямэнту ад партыі «Самадапамога», але пакінула аднайменную фракцыю ў Вярхоўнай Радзе — РС) зьвярнулася да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з просьбай даць украінскае грамадзянства двум добраахвотнікам — зь Беларусі і Малдовы.
«Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі паабяцаў даць грамадзянства ўсім украінцам, якія вернуцца ў нашу краіну і прынясуць нам свой бясцэнны досьвед з-за мяжы. Але ня менш важныя для Ўкраіны людзі, якім трэба даць грамадзянства ў першую чаргу: гэта замежнікі па пашпарце, але сапраўдныя ўкраінцы ў душы і сэрцы. Гэта беларусы, малдаване, грузіны, расейцы, якія пяты год запар аддаюць сваё жыцьцё і здароўе ў барацьбе за незалежнасьць Украіны», — напісала Натальля Весялова на сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook.
У прыватнасьці, дэпутатка накіравала ў адміністрацыю прэзыдэнта два хадайніцтвы адносна грамадзяніна Беларусі Зьмітра Палойкі і грамадзяніна Малдовы Станіслава Гібадуліна.
Натальля Весялова паведамляе Ўладзіміру Зяленскаму, што Зьміцер Палойка з траўня 2014 году ваяваў на Данбасе — спачатку ў складзе добраахвотніцкага батальёну «Данбас», а цяпер паводле кантракту служыць у 24-й асобнай мэханізаванай брыгадзе ў Мар’інцы Данецкай вобласьці. Ён удзельнічаў у вызваленьні Бахмута, Мар’інкі, Папаснай і Лісічанску. Адначасова вучыцца завочна ў Данецкім нацыянальным унівэрсытэце на юрыдычным факультэце.
«Дзьмітры Палойка ня можа атрымаць грамадзянства Ўкраіны, паколькі паводле заканадаўства, мусіць ехаць у Беларусь за даведкай аб несудзімасьці. Гэта пры тым, што супраць яго ў Беларусі і Расеі адкрытыя крымінальныя справы за "найміцтва". У 2020 годзе ў яго заканчваецца тэрмін дзеяньня беларускага пашпарту, што яшчэ больш ускладніць сытуацыю», — напісала ўкраінская дэпутатка.
«Спадзяюся, што прэзыдэнт задаволіць маё хадайніцтва, і Ўкраіна атрымае новых грамадзянаў, якія праліваюць сваю кроў за нашу зямлю!», — заявіла Натальля Весялова.Летась у верасьні ўкраінская партыя «Нацыянальны корпус» на чале з дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэем Білецкім арганізавала пад парлямэнтам акцыю з патрабаваньнем легалізаваць замежных добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны на Данбасе. Пасьля пікету каля Вярхоўнай Рады некалькі добраахвотнікаў, у тым ліку і зь Беларусі, накіраваліся да Адміністрацыі прэзыдэнта — там яны прыкавалі сябе кайданкамі да агароджы на вуліцы за некалькі сотняў мэтраў ад адміністрацыі ўкраінскага кіраўніка.
За ўвесь час толькі адзін грамадзянін Беларусі, якія ваяваў на Данбасе, атрымаў украінскае грамадзянства. Іншыя не змаглі атрымаць нават від на сталае жыхарства ва Ўкраіне. У лютым 2017 году двое беларускіх добраахвотнікаў пасьля некалькіх няўдалых спробаў легалізавацца ва Ўкраіне атрымалі статус уцекачоў у Польшчы.