Ужо паўгода ў калёніі «Віцьба-3» сядзіць былы добраахвотнік «Правага сэктару», удзельнік баёў ва Ўкраіне, жыхар Наваполацку Тарас Аватараў. Фрунзенскі суд Менску ў траўні прызнаў яго вінаватым у незаконных дзеяньнях з выбуховым прыстасаваньнем і асудзіў на 5 гадоў зьняволеньня. Паводле маці Тараса, Людмілы Посьпех, у калёніі яе сыну даводзіцца нялёгка.
«Цяпер параўнальна здаровы. Гэтым разам, як прыехала на спатканьне, сказаў, што нарэшце выдалі цёплую бялізну, бо дагэтуль быў у летняй. Тое, што абутак у яго развальваецца, — нічога не зробіш, бо выдаецца раз на год і раней немагчыма замяніць. Кажа, што за паўгода ужо знасіў. Была ў яго язва страўніка, быў моцна прастыўшы, а цяпер нібыта ўсё нармальна, на здароўе ня скардзіўся», — расказала маці Тараса Аватарава.
Тарасу 29 гадоў, ён вучыўся ва ўнівэрсытэце, нейкі час працаваў у Маскве. Ці далі вязьню якую працу ў калёніі?
«Працы ніякай не далі, бо запісалі яго да схільных да ўцёкаў і да злосных парушальнікі рэжыму, а таму ён на асаблівым кантролі. За паўгода адбыў ужо 21 дзень ў карцэры. Першы тэрмін атрымаў праз два дні пасьля карантыну за тое, што наступіў на клюмбу і спрабаваў сарваць рамонак, які можа дапамагчы ад хваробы страўніка. У яго было язва, цякла кроў, месяц прасіў зрабіць яму аналізы, але адмаўлялі. Як трапіў у карантын, адразу папярэдзілі, што будуць чапляцца за любую дробязьь, за расшпілены гузік, за што заўгодна. Так і робяць. Было неяк, што пазбавілі спатканьня за тое, што зайшоў у царкву. У іх там у двары ёсьць царква, але Тарасу забаронена выходзіць на двор, толькі на спартовую пляцоўку можна. Дык калі Тарас вяртаўся са спартовай пляцоўкі, па дарозе ў царкву зайшоў. Пакаралі. Карацей, парадкі яму ўстанавілі такія: крок улева, крок управа — кара. Наклалі таўро парушальніка рэжыму і цяпер не адчэпяцца», — мяркуе Людміла Посьпех.
Паводле маці Тараса Аватарава, шмат лістоў ад яго не даходзіць, пра іх становіцца вядома пазьней. Так, аб прастудзе сына і што ён месяц таму прасіў выслаць яму лекі, Людміла даведалася толькі з тэлефоннай размовы.
У віцебскай калёніі Тарас Аватараў піша апавяданьні пра вайну ва Ўкраіне, перакладае вершы Лэсі Ўкраінкі і спрабуе пісаць вершы, паведаміла Людміла Посьпех.
Тарас Аватараў быў затрыманы раніцай 26 лістапада мінулага году на чыгуначным вакзале ў Менску. У былога байца «Правага сэктару» міліцыянты знайшлі маску з прарэзамі для вачэй, два пашпарты, самаробнае выбуховае прыстасаваньне на аснове часткі гранаты і ўзрывальніка, сыгнальны пісталет, электронныя носьбіты, чорна-чырвоны сьцяг, а таксама даведку пра ўдзел у антытэрарыстычнай апэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны. У момант затрыманьня на ім была армейская бронекамізэлька.
У судзе Тарас Аватараў прызнаў віну часткова. Пра частку гранаты ён казаў, што гэта муляж, і сьцьвярджаў, што яе падкінулі. Вынікі экспэртызы, на якую спасылалася сьледзтва, паводле Тараса, былі сфальшаваныя. Маці асуджанага Людміла Посьпех думае, што яе сына заманілі ў Беларусь для паказальнага суду за тое, што ён адважыўся са зброяй у руках бараніць Украіну.