Беларускі добраахвотнік з батальёну «Данбас» Ігар Кляўко, які абвінавачваецца ва Ўкраіне ў выкраданьні чалавека, наўмысным забойстве і бандытызьме, пасьля пераводу з Дніпроўскай псыхіятрычнай лякарні ў Марыюпальскі сьледчы ізалятар абвясьціў галадоўку. Такім чынам ён пратэстуе супраць парушэньня сваіх правоў.
«Я чатыры дні трымаў сухую галадоўку, цяпер пачаў піць ваду», — сказаў Свабодзе сам Ігар Кляўко.
Паводле яго, у Марыюпалі яго ўтрымліваюць у адзіночнай камэры.
«Я нікому не страляў у сьпіну», — падкрэсьліў Кляўко сваю невінаватасьць.
Ігар Кляўко больш як паўгода прабыў у Дніпроўскай клінічнай псыхіятрычнай лякарні паводле рашэньня суду аб прымусовых мэдычных захадах у сувязі зь «цяжкай дэпрэсіяй». 13 жніўня пасьля правядзеньня чарговай экспэртызы, якая пацьвердзіла адсутнасьць псыхічных разладаў, беларускага добраахвотніка перавялі ў Марыюпальскі сьледчы ізалятар. Пазьней Арджанікідзеўскі раённы суд Марыюпалю падоўжыў яго арышт да 13 кастрычніка 2018 году.
Кляўко скардзіўся на катаваньні падчас этапаваньня з Дніпра ў Марыюпаль, ягоны адвакат Ірына Галоўчанка зьвярнулася ў суд для праверкі. Але, паводле абаронцы, зьнешне ў Ігара Кляўка не было ніякіх прыкмет фізычнага ўзьдзеяньня.
Цяпер Ігар Кляўко мае азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы.
Раней украінскі Камітэт вызваленьня палітвязьняў паведамляў пра сьмерць двух сьведак, якіх адвакаты іншых фігурантаў гэтай справы далучалі для пацьвярджэньня іхнай невінаватасьці.
Ігар Кляўко быў затрыманы летась у лютым у Ірпенскім вайсковым шпіталі на другі дзень пасьля апэрацыі на параненай назе. Яму пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — выкраданьне чалавека, наўмыснае забойства і бандытызм.
Год таму, у чэрвені 2018 году, Кляўко ўжо абвяшчаў галадоўку, патрабуючы замены меры стрыманьня. Праз тры тыдні жонцы ўдалося пераканаць яго спыніць галадоўку.
Ігар Кляўко, вядомы пад пазыўным «Леў», разам з батальёнам «Данбас» і добраахвотніцкім украінскім корпусам «Правы сэктар» прайшоў амаль усе гарачыя пункты антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе: Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пяскі.