Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне беларускага байца-добраахвотніка пакінулі ў псыхічным шпіталі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускі добраахвотнік Ігар Кляўко, які падазраецца ў забойстве жыхара паселішча Мангуш Данецкай вобласьці, да 17 жніўня будзе знаходзіцца ў Дняпроўскай псыхіятрычнай лякарні са строгім наглядам Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны.

Ігар Кляўко, архіўнае фота
Ігар Кляўко, архіўнае фота

​Як адзначаецца ў судовым рашэньні Валадарскага раённага суду Данецкай вобласьці, неабходнасьць працягу псыхічнага лекаваньня пракурор матываваў «хваравітым станам» Ігара Кляўка. Такі стан, «згодна з заключэньнем псыхіятрычнай экспэртызы, пазбаўляе чалавека здольнасьці ўсьведамляць свае дзеяньні і кіраваць імі».

Паводле абвінавачаньня, беларускі добраахвотнік у такім стане «без адпаведнага лячэньня і мэдычнага назіраньня можа нанесьці шкоду грамадзкім інтарэсам, а таксама паўплываць на сьведак».

Прызначылі яшчэ адну псыхіятрычную экспэртызу

У той жа час суд прызначыў дадатковую псыхіятрычную экспэртызу, бо, паводле інфармацыі галоўнага ўрача Дняпроўскай псыхлякарні, за ўвесь час знаходжаньня ў гэтай установе ў Ігара Кляўка «не назіралася якіх-небудзь клінічных прыкмет часовых разладаў псыхічнай дзейнасьці ў форме цяжкай дэпрэсіі», як гэта было вызначана папярэдняй псыхэкспэртызай у лякарні Славянску.

Наступнае паседжаньне суду прызначанае на 13 жніўня.

У часе дасудовага сьледзтва і цяперашніх судовых паседжаньняў Ігар Кляўко заяўляў што ня мае дачыненьня да злачынства, перасьлед лічыць палітычна матываваным, а сабраныя сьледзтвам доказы — сфабрыкаванымі.

Беларускі добраахвотнік, якога ва Ўкраіне вінавацяць у забойстве, расказаў сваю вэрсію справы

Беларускі добраахвотнік зьвяртаўся ў Генэральную пракуратуру Ўкраіны з заявамі аб парушэньні сваіх правоў падчас затрыманьня і сьледзтва, але заявы вярталі для праверкі тым самым органам пракуратуры, якія і вядуць ягоную справу.

Пракуратура сьцьвярджае, што ўсё законна

Адказ з Генэральнай пракуратуры Ўкраіны на запыт Радыё Свабода
Адказ з Генэральнай пракуратуры Ўкраіны на запыт Радыё Свабода

У адказе на афіцыйны запыт Свабоды Генэральная пракуратура Ўкраіны паведаміла, што справа Ігара Кляўка «знаходзіцца пад кантролем Галоўнай вайсковай пракуратуры, пры гэтым парушэньняў патрабаваньняў Крымінальнага працэсуальнага кодэксу Ўкраіны з боку супрацоўнікаў вайсковай пракуратуры Марыюпальскага гарнізону ня выяўлена».

Намесьнік вайсковага пракурора Марыюпальскага гарнізону Яраслаў Міхальчук падкрэсьліў, што «затрыманьне Ігара Кляўка адбывалася прадстаўнікамі органаў унутраных спраў з выкананьнем патрабаваньняў заканадаўства Ўкраіны».

Паводле яго, сабраныя падчас дасудовага расьсьледаваньня доказы вінаватасьці Ігара Кляўка сталі «дастатковай падставай, каб паведаміць яму абгрунтаванае падазрэньне ў крымінальнай вытворчасьці і накіраваць у суд хадайніцтва аб абраньні прымусовых захадаў мэдычнага характару», паколькі экспэртная ўстанова ўстанавіла факт ягонага псыхічнага захворваньня.

Беларусу-добраахвотніку пагражае да 15 год турмы

Адказ з Вайсковай пракуратуры Марыюпальскага гарнізону на запыт Радыё Свабода
Адказ з Вайсковай пракуратуры Марыюпальскага гарнізону на запыт Радыё Свабода

Ігар Кляўко быў затрыманы летась у лютым у Ірпенскім вайсковым шпіталі на другі дзень пасьля апэрацыі на параненай назе. Яму пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — выкраданьне чалавека, наўмыснае забойства і бандытызм.

Года таму, у чэрвені, Кляўко абвясьціў галадоўку, патрабуючы замены меры стрыманьня. Праз тры тыдні жонцы ўдалося пераканаць яго спыніць галадоўку.

Ігар Кляўко, больш вядомы пад пазыўным «Леў», разам з батальёнам «Данбас» і добраахвотніцкім украінскім корпусам «Правы сэктар» прайшоў амаль усе гарачыя кропкі антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны: Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пяскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG