Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За нашу і вашу свабоду!». У Кіеве адзначылі Дзень Волі


Ужо традыцыйна беларусы, якія жывуць ва Ўкраіне, разам з украінскімі актывістамі ладзяць у цэнтры Кіева, на Майдане Незалежнасьці, акцыю салідарнасьці, прымеркаваную да Дня Волі.

Арганізатарамі сёлетняй акцыі выступілі Беларускі цэнтар «Сябры», Рух салідарнасьці «Разам», Тактычная група «Беларусь», якая аб’ядноўвае беларускіх добраахвотнікаў, і міжнародны дабрачынны фонд «Валошка».

Удзельнікі акцыі зьвярталі ўвагу на супольныя старонкі беларускай і ўкраінскай гісторыі, калі фактычна адначасова аб незалежнасьці абвясьцілі Беларуская і Ўкраінская Народныя Рэспублікі. «Нашыя народы і тады, і цяпер — разам. Мы лічым за гонар разам з украінцамі бараніць незалежнасьць Украіны на ўсходзе», — дадаў беларускі добраахвотнік Ян Мельнікаў.

У сваю чаргу прадстаўніца Фонду «Валошка» Анжэла Душаева падзякавала беларусам за дапамогу Ўкраіне: «Яны кінулі сваю радзіму, свае сем’і і прыехалі ваяваць ва Ўкраіну, а цяпер некаторыя зь іх, як Ігар Кляўко, сядзяць у турмах. Мы мусім яго падтрымаць».

Асобна ўдзельнікі акцыі выказалі сваю падтрымку і ўкраінцу Паўлу Грыбу, асуджанаму ў Расеі на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі за нібыта спрыяньне тэрарыстычнай дзейнасьці. «Вельмі прыкра, што яго выкралі менавіта з тэрыторыі Беларусі», — адзначыла старшыня Беларускага цэнтру «Сябры» Галіна Сарочык.

У акцыі ўзялі ўдзел ад 30 да 50 чалавек, яна была санкцыянавана кіеўскай гарадзкой уладай.

Пасьля невялікага мітынгу на Майдане Незалежнасьці актывісты прайшлі па Храшчаціку на вуліцу Грушэўскага, дзе ўшанавалі памяць Міхася Жызьнеўскага (ён загінуў на пачатку 2014 году ў часе масавых акцыяў пратэсту), а таксама лідара Народнага Руху Ўкраіны Вячаслава Чарнавола, які трагічна загінуў у 1999 годзе.

У часе шэсьця ўдзельнікі акцыі скандавалі «Жыве Беларусь!», «Слава Ўкраіне!», «За нашу і вашу свабоду!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG