Падчас сумеснага паседжаньня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Савету рэспублікі віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Дворнік удакладніў, што адбываецца на зямельных надзелах, якія ў свой час атрымалі бізнэсоўцы з Блізкага Ўсходу.
У прыватнасьці, дэпутатка Ганна Канапацкая пацікавілася, чаму няма ніякай актыўнасьці на ўчастках, вызначаных пад рэалізацыю інвэстпраектаў яшчэ ў 2014 годзе? І папрасіла пракамэнтаваць эканамічную эфэктыўнасьць гэтых праектаў.
Уладзімер Дворнік адказаў, што надзелы выдзяляліся з умовай, што бізнэсоўцы зь дзьвюх краін наладзяць там прамысловую вытворчасьць. Аднак інвэстыцыйных праектаў дагэтуль няма, землі не выкарыстоўваюцца.
«Калі мы пабачым, што ніякіх зрухаў не прадбачыцца, землі будуць вернутыя ў падпарадкаваньне Менскага аблвыканкаму», — запэўніў віцэ-прэм’ер.