У Казахстане Аляксандра Лукашэнку ўзнагародзілі спэцыяльным ордэнам Елбасы. Глядзім, якія яшчэ ордэны і мэдалі мае кіраўнік Беларусі.
Елбасы — так называецца ордэн, якім 28 траўня ўзнагародзілі ў Казахстане Аляксандра Лукашэнку. У перакладзе гэта значыць — кіраўнік дзяржавы. Ордэн носіць імя першага прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Такім жа ордэнам узнагародзілі Ўладзіміра Пуціна і прэзыдэнта Кіргізстану Сааранбая Жээнбекава.
Дзяржаўныя ўзнагароды Лукашэнкі
Мэдаль "У памяць 850-годзьдзя Масквы«(Расея) і Ордэн Рэвалюцыі (Лібія)
У 1997 годзе Аляксандар Лукашэнка трапіў у лік грамадзянаў, якія «зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё Масквы».
Ордэнам Рэвалюцыі Аляксандра Лукашэнку ўзнагародзілі ў Лібіі, гэта зрабіў асабіста Муамар Кадафі ў 2000 годзе. У адказ Лукашэнка падараваў Кадафі Каран, зроблены беларускімі майстрамі.
Ганаровы Крыж францускага Супраціву (Францыя) і ордэн Хасэ Марці (Куба)
Напярэдадні 50-годзьдзя Аляксандра Лукашэнку ўзнагародзілі Ганаровым Крыжам францускага Супраціву, гэта здарылася ў 2004 годзе. Такую ўзнагароду атрымліваюць былыя байцы антыфашысцкага супраціву, кіраўнікі дзяржаў, асобы, якія ўнесьлі вялікі ўклад у разгром фашызму і ўсталяваньне міру на плянэце.
Кубінскі ордэн Хасэ Марці Лукашэнку ўручылі ў 2000 годзе «за цьвёрдую прынцыповасьць, абарону інтарэсаў свайго народу і пастаянныя намаганьні, накіраваныя на аб’яднаньне былых савецкіх рэспублік».
Ордэн «За заслугі перад Айчынай» II ступені (Расея) і Ордэн Франсіска Міранды (Вэнэсуэла)
Ордэн «За заслугі перад Айчынай» II ступені Аляксандру Лукашэнку ўручылі ў Расеі ў 2001 годзе, бо ён стаяў ля вытокаў Саюзнай дзяржавы, якая цяпер аказалася адным з самых праблемных момантаў у перамовах Менску і Масквы.
Ордэн Франсіска Міранды Лукашэнка атрымаў у Вэнэсуэле ў 2010 годзе «за дзейнасьць, якая садзейнічае прагрэсу краіны, і за выдатныя заслугі».
Ордэн Пятра Вялікага I ступені (Расея), ордэн Аляксандра Неўскага (Расея)
Ордэн Пятра Вялікага Лукашэнка атрымаў за «ўмацаваньне сяброўства славянскіх народаў» у 2004 годзе. Ордэн Аляксандра Неўскага — у 2014 годзе за «заслугі ў разьвіцьці шматбаковага супрацоўніцтва з РФ і аказаньні садзейнічаньня ў яе сацыяльна-эканамічным разьвіцьці».
Вялікі ланцуг ордэна Вызваліцеля (Вэнэсуэла) і стужка ордэна Сэрбіі
Вялікі ланцуг ордэна Вызваліцеля Аляксандар Лукашэнка атрымаў у Вэнэсуэле. Прысвойваць гэтую ўзнагароду можа толькі асабіста прэзыдэнт, якім тады, у 2007 годзе, быў Уга Чавэс.
Стужкай ордэна Сэрбіі Лукашэнку ўзнагародзілі ў 2013 годзе «за заслугі ў разьвіцьці і ўмацаваньні міралюбівага супрацоўніцтва і дружалюбных адносін».
Ордэн «Зьзяньне» (Грузія) і ордэн «Гейдар Аліеў» (Азэйрбайджан)
Ордэн «Зьзяньне» ўручаецца прэзыдэнтам Грузіі за заслугі ў культуры, мастацтве ды іншых сфэрах. Лукашэнка такі ордэн атрымаў у 2011 годзе.
Ордэн «Гейдар Аліеў» Лукашэнка атрымаў у 2016 годзе. Іншаземцам такі ордэн уручаюць за заслугі перад Азэрбайджанам.
Яшчэ адна дзяржаўная ўзнагарода ў Аляксандра Лукашэнкі — ад кіраўніцтва Малдовы. Ордэн Рэспублікі яму ўручылі за «асаблівыя заслугі ў разьвіцьці і ўмацаваньні дружалюбных адносін, разуменьне і супрацоўніцтва ў розных галінах паміж Малдовай і Рэспублікай Беларусь, за важную дапамогу Малдове ў складанай эканамічнай сытуацыі».
Мэдаль «Бэтлеем-2000» Аляксандар Лукашэнка атрымаў ад Палестынскай адміністрацыі ў 2000 годзе.
Канфэсійныя ўзнагароды
Ордэн Кірылы Тураўскага і ордэн крыжа Ефрасіньні Полацкай
За «ўнёсак у духоўнае разьвіцьцё народу» ў 1998 годзе Аляксандар Лукашэнка атрымаў ад Беларускай праваслаўнай царквы ордэн Крыжа Ефрасіньні Полацкай. Праз 10 гадоў тая ж БПЦ уручыла яму Ордэн Кірылы Тураўскага.
Ордэн князя Ўладзіміра I ступені і ордэн Дзьмітрыя Данскога I ступені
Абодва ордэны Аляксандар Лукашэнка атрымаў ад Расейскай праваслаўнай царквы, адзін у 2005 годзе, на 60-гадовы юбілей і ў гонар перамогі ў вайне, а другі — праз два гады, за «значны ўклад у разьвіцьцё адносін паміж царквой і грамадзтвам, падтрымку праваслаўя».
Яшчэ адну ўзнагароду ад Расейскай праваслаўнай царквы Лукашэнка атрымаў у 2002 годзе — ордэн Сергія Раданескага I ступені.
Ланцуг ордэна Рыцараў Гроба Гасподняга і ордэн Сьвятога Савы
Ордэн Сьвятога Савы I ступені Аляксандар Лукашэнка атрымаў ад Сэрбскай праваслаўнай царквы ў 2014 годзе. А ланцуг ордэна Гроба Гасподняга — ад Ерусалімскай праваслаўнай царквы ў 2000 годзе.
Іншыя ўзнагароды
У Аляксандра Лукашэнкі хапае і іншых узнагародаў. Пералічым самыя цікавыя зь іх.
Кіраўнік Беларусі мае мэдаль Міжнароднай фэдэрацыі фэстывальных арганізацый «За разьвіцьцё ўсясьветнага фэстывальнага руху», спэцыяльны прыз «Брама Алімпа» ад Міжнароднай фэдэрацыі спорту.
Таксама Лукашэнку ўзнагародзілі ордэнам «Срэбная зорка мэцэната» і «Корцікам мэцэната» ад Міжнароднага фонду «Мэцэнаты стагодзьдзя».
Адна з узнагародаў, якія ёсьць на рахунку Лукашэнкі, — гэта жартаўлівая Шнобелеўская прэмія Міру, якую ўручаюць за абсурдныя ўчынкі. Яе Аляксандру Лукашэнку прысудзілі ў 2013 годзе — за забарону пляскаць у ладкі ў публічным месцы.
Зразумела, афіцыйна такой забароны не было, але ўдзельнікаў пратэстаў 2011 году, якія моўчкі пляскалі ў ладкі на вуліцы, затрымлівала міліцыя.