Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы пачнуць перамовы з Казахстанам аб закупліваньні нафты цягам двух тыдняў


Ілюстрацыйнае фота. Нафтаправод «Дружба»
Ілюстрацыйнае фота. Нафтаправод «Дружба»

Менавіта такі тэрмін назваў 28 траўня журналістам кіраўнік Міністэрства энэргетыкі Казахстану Канат Базумбаеў.

«У нас ужо ёсьць пэўныя пажаданьні з боку Беларусі, прыблізныя аб’ёмы. Там ідзе гаворка і пра бэнзін, і пра нафту. На гэтым альбо наступным тыдні прыедуць іхныя прадстаўнікі, мы іх паслухаем», — сказаў Базумбаеў.

Беларускія ўлады сёлета заявілі пра намер пачаць экспарт нафты, альтэрнатыўнай расейскай. Як адзін з магчымых варыянтаў разглядаюцца пастаўкі нафты з Казахстану.

Гэтая тэма абмяркоўвалася падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з амбасадарам Казахстану Ермухаметам Ертысбаевым. Тады кіраўнік дыпляматычнай місіі пацьвердзіў гатоўнасьць сваёй краіны пастаўляць нафту ў Беларусь.

У верасьні 2018 году, адказваючы на пытаньне Свабоды пра магчымасьць нафтавых паставак, дыплямат заявіў наступнае:

«У нас нафты хапае. І мы гатовыя пастаўляць яе ў Беларусь хоць заўтра. Адзіная перашкода — паміж нашымі краінамі велізарная расейская транзытная прастора».

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG