Новы амбасадар Казахстану ў Беларусі Ермухамэт Эртысбаеў заявіў, што ягоная краіна гатовая пастаўляць у Беларусь столькі нафты, колькі патрэбна беларусам.
Расейская транзытная прастора як перашкода
Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра магчымасьць нафтавых паставак, дыплямат заявіў наступнае.
«У нас нафты хапае. І мы гатовыя пастаўляць яе ў Беларусь хоць заўтра. Адзіная перашкода — паміж нашымі краінамі велізарная расейская транзытная прастора», — сказаў Ермухамэт Эртысбаеў.
Амбасадар удакладніў, што Казахстан з дапамогай Злучаных Штатаў мадэрнізаваў сваю нафтавую галіну, за кошт гэтага краіна мае прыкладна 70-80 мільярдаў даляраў нафтавых грошай, якія знаходзяцца ў дзяржаўным рэзэрве.
Што да беларуска-казахстанскага таваразвароту, то, як адзначыў дыплямат, ён на карысьць Менска. Казахстан прадае Беларусі тавараў прыкладна на 100 мільёнаў даляраў, а купляе тут на 600 мільёнаў. Плюс рэалізуе сыравіну, а набывае гатовыя тавары.
Казахстан як краіна высокаадукаваных людзей
Паводле амбасадара, у сярэдзіне 1990-х даход на душу насельніцтва ў Казахстане складаў 600 даляраў, а ў апошнія гады — ужо 12-14 тысяч даляраў. Гэта адбылося за кошт таго, што ад самага пачатку кіраўніцтва дзяржавы ўзяло курс на научаньне маладых кадраў.
Па словах Ермухамэта Эртысбаева, яшчэ ў 1994 годзе ў Казахстане была прынятая праграма „Будучыня“, якая эфэктыўна працуе вось ужо амаль чвэрць стагодзьдзя.
«Лепшыя выпускнікі школаў накіроўваюцца за дзяржаўны кошт у ЗША, Заходнюю Эўропу, Азію, у самыя топавыя ўнівэрсытэты. Яны вучацца сучасным мэтадам кіраваньня, пасьля чаго вяртаюцца на радзіму і праводзяць палітыку мадэрнізацыі. Да таго ж, у нас працуе свая ўстанова — „Назарбаеў-унівэрсытэт“, у яго ўкладзена каля 1 мільярду даляраў. Навучаньне ў ім праходзіць на ангельскай мове, маецца моцны штат выкладчыкаў, туды прыяжджаюць зь лекцыямі вядомыя навукоўцы з усяго сьвету», — адзначыў Ермухамэт Эртысбаеў.