Гісторыя з экспрапрыяцыяй у Юрыя Чыжа менскага «Дынама» — наглядная ілюстрацыя таго, што ёсьць у Беларусі права на ўласнасьць, закон, суд і інвэстыцыйны клімат. Тут усё ў адным фляконе.
Рэйдэрскі захоп «Дынама»
У сьвеце валодаць футбольнымі клюбамі — справа прэстыжная. Іх пэрыядычна прадаюць, купляюць. Гэта тавар дарагі, эксклюзіўны. Але нідзе не адбіраюць, акрамя Беларусі.
Пачнём з храналёгіі падзей. На пачатку 1990-х футбольны клюб «Дынама» (Менск) прыватызаваў кіраўнік каапэратыву «Бярозка» Яўген Хвастовіч. У 1999 годзе ўлады канфіскавалі клюб і брэнд у Хвастовіча і перадалі Юрыю Чыжу, ягонай кампаніі «Трайпл». Пра фармальны бок справы ня вельмі дбалі, бо ўсім было вядома, хто прыняў рашэньне.
Пасьля разгромнага пройгрышу піцерскаму «Зэніту» ў Лізе Эўропы ў жніўні 2018-га зьявіўся загад забраць футбольны клюб «Дынама-Менск» у Чыжа. Толькі адзін чалавек у Беларусі мог аддаць такі загад. Выконваючы яго, тагачасны старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац накіраваў на адрас «Трайпла» ліст з патрабаваньнем перадаць задарма ўсе акцыі «Дынама» ва ўласнасьць гораду.
Калі б Юрый Чыж моўчкі пагадзіўся, то працэдура пераходу «Дынама» да новага гаспадара магла б застацца невядомай для грамадзкасьці. У бізнэсе зьмена ўласьніка, перапродаж кампаній — рэч звычайная, а цана зьдзелкі — камэрцыйная тайна.
Але Юрый Чыж захацеў атрымаць хоць якія грошы. Паводле інфармацыі газэты «Прессбол», ён інвэставаў у клюб 65 млн даляраў. Усім зразумела, што такіх грошай ніхто яму ня верне. Таму Чыж прасіў за свае акцыі ўсяго толькі каля паўмільёна даляраў (1 млн беларускіх рублёў).
Стаўленьне ўладаў да закону
І вось тут выявілася сапраўднае стаўленьне ўладаў да такіх абстрактных рэчаў, як права, закон, гарантыя недатыкальнасьці ўласнасьці.
7 сьнежня 2018 году па прадстаўленьні Міністэрства фінансаў «Трайплу» забаранілі распараджацца акцыямі «Дынама». На наіўны запыт прадстаўнікоў «Трайпла», на якой падставе гэта зроблена, дэпартамэнт па каштоўных паперах Мінфіна даў дзівосны і непаўторны ў сваёй непасрэднасьці адказ. Ён не спаслаўся на закон, як можна было чакаць. Дэпартамэнт заявіў, што гэта зроблена «ў інтарэсах Рэспублікі Беларусь». Проста і міла. Як любіць казаць Лукашэнка, «імем рэвалюцыі».
Чыж зьвярнуўся ў суд. Да канца не зразумела, навошта ён гэта рабіў. Гаспадар «Трайпла» — чалавек не наіўны, ён добра разумее правілы, паводле якіх прымаюцца рашэньні ў краіне, дакладна ведае, хто даў загад «адціснуць» у яго футбольны клюб. Магчыма, для Чыжа, у яго цяперашняй фінансавай сытуацыі, паўмільёна даляраў — таксама грошы. А яшчэ прэстыж, элемэнтарная цікавасьць, як суд будзе выкручвацца з абсалютна неправавой сытуацыі. А магчыма, ён сапраўды верыў, што паколькі ўсе законы абсалютна відавочна на ягоным баку, то ў суду няма іншага выйсьця, як прыняць рашэньне на яго карысьць.
Няма тэрміну даўнасьці
Рашэньне суду пераўзышло ўсе чаканьні. Выяўляецца, што Чыж 20 гадоў валодаў «Дынама» незаконна!
Сытуацыя, калі дзяржава нацыяналізуе прыватны бізнэс, не такая і рэдкая ў сьвеце. Узгадаем толькі, як у Расеі ў Міхаіла Хадаркоўскага «адціснулі» нафтавую кампанію «ЮКОС», а яго самога пасадзілі ў турму на 10 гадоў.
Знамянальнасьць гэтага канфлікту вакол «Дынама» палягае ў тым, што ў Беларусі фактычна адсутнічае тэрмін даўнасьці, уласнасьць у гаспадара можна забраць у любы момант праз шмат гадоў. Не, юрыдычна зафіксаваны тэрмін даўнасьці для аспрэчваньня гаспадарчых зьдзелак у законах ёсьць. Але гэтая справа паказала, што ён ня дзейнічае. У такіх умовах весьці любы бізнэс у краіне становіцца надзвычай рызыкоўна.
Дарэчы, падобная гісторыя ў Беларусі ня першая. У 2012 годзе Лукашэнка загадаў нацыяналізаваць кандытарскія фабрыкі «Камунарка» і «Спартак», кантрольныя пакеты ў якіх належалі бізнэсоўцу Марату Новікаву. Грамадзянскі кодэкс прадугледжвае тэрмін пазоўнай даўнасьці адносна прыватызацыйнай зьдзелкі — 10 гадоў. Менавіта на працягу такога пэрыяду яе можна прызнаць несапраўднай. У выпадку з фабрыкамі прайшло 19 гадоў.
Як можна ўспрымаць дэклярацыю аб падтрымцы прадпрымальніцтва
Можна ўзгадаць яшчэ адну гісторыю. У 2016 годзе Лукашэнка моцна абураўся, што адна з умоваў, якую выстаўляе МВФ, каб выдзеліць Беларусі крэдыт, — гэта прапанова забараніць перагляд вынікаў прыватызацыі пасьля пэўнага тэрміну (тры гады). То бок фонд патрабаваў паставіць закон вышэй за волю, жаданьне і капрызы адзінаўладнага кіраўніка. Зразумела, чаму гэтую прапанову Менск адрынуў.
Можна сказаць, тое было раней. Але ж цяпер афіцыйна дэкляраваны курс на падтрымку прадпрымальніцтва. І вось на гэтым тле такая гісторыя.
Юрый Чыж — не шараговы грамадзянін, нават не шараговы бізнэсовец. Ён алігарх, быў набліжаны да Лукашэнкі. І вось калі ў яго праз 20 гадоў так проста можна забраць уласнасьць, то што можа чакаць шараговага беларуса? А што павінны думаць замежныя інвэстары, якія зьбіраюцца адкрываць свой бізнэс у Беларусі? Можна, канечне, паспрабаваць дамовіцца з самім Лукашэнкам. Як гэта робіць, напрыклад, расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў (дарэчы, верагодна, новы ўласьнік «Дынама»). Дык, здавалася, і Чыж у 1999 годзе дамовіўся. Але прайшло 20 гадоў — Лукашэнка перадумаў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.