Пацьвердзілася інфармацыя пра тое, што загад забраць футбольны клюб «Дынама-Менск» у бізнэсоўца Юрыя Чыжа паступіў пасьля паразы ад піцерскага «Зэніту» ў Лізе Эўропы, піша Tut.by.
Эканамічны суд Менску 22 траўня пачаў разглядаць пазоў галоўнага ўпраўленьня спорту і турызму Менгарвыканкама да ЗАТ ФК «Дынама-Менск». Начальнік юрыдычнай службы холдынгу «Трайпл», якому належыць 53% акцый «Дынама», Тацяна Васілеўская распавяла пра пачатак канфлікту.
Высьветлілася, што ў канцы жніўня 2018 году «Трайпл» атрымаў ліст з подпісам тагачаснага мэру Менску Андрэя Шорца з загадам перадаць задарма ва ўласнасьць гораду ўсе акцыі «Дынама». «Трайпл» адказаў, што лічыць справядлівым продаж акцый за 1 мільён даляраў, аргумэнтуючы гэта значнымі ўкладзенымі сродкамі.
Паводле Васілеўскай, на пакупку акцый кампанія патраціла больш 1 мільёну даляраў, на пагашэньне даўгоў — больш 2 мільёнаў даляраў. Кампанія не атрымала адказу ад гарадзкіх уладаў.
У лютым 2019 году «Трайпл» накіраваў усім акцыянэрам «Дынама» пісьмовыя прапановы па продажу акцый. Пасьля чаго кампанія даведалася, што Міністэрства фінансаў наклала забарону на распараджэньне гэтымі акцыямі «у інтарэсах Рэспублікі Беларусь».