Эканамічны суд Менску 22 траўня перадаў Менгарвыканкаму акцыі кампаніі Юрыя Чыжа «Трайпл» у футбольным клюбе «Дынама-Менск».
Таксама «Трайпл» мусіць сплаціць у бюджэт 510 рублёў дзяржаўнага мыта.
Суд прызнаў незаконным рашэньне 1999 году аб выпуску 108 акцый, пасьля чаго кампанія Юрыя Чыжа стала акцыянэрам футбольнага «Дынама».
Падчас працэсу іншыя акцыянэры футбольнага клюбу — «Белавія», «Белтэлекам», Беларускае фізкультурна-спартовае таварыства «Дынама» — палічылі патрабаваньні Менгарвыканкаму аб перадачы гораду акцый «Трайпла» справядлівымі.
У канцы жніўня 2018 году «Трайпл» атрымаў ліст з подпісам тагачаснага мэру Менску Андрэя Шорца з загадам перадаць задарма ва ўласнасьць гораду ўсе акцыі «Дынама». «Трайпл» адказаў, што лічыць справядлівым продаж акцый за 1 мільён даляраў, аргумэнтуючы гэта значнымі ўкладзенымі сродкамі.
Начальнік юрыдычнай службы холдынгу «Трайпл» Тацяна Васілеўская расказала, што на пакупку акцый кампанія патраціла больш 1 мільёна даляраў, на пагашэньне даўгоў — звыш 2 мільёнаў даляраў.
«Трайпл» можа абскардзіць судовае рашэньне.
Юры Чыж — беларускі бізнэсовец, генэральны дырэктар групы кампаніяў «Трайпл», які ўваходзіў у найбліжэйшае кола кіраўніка Беларусі — раней яго ня раз бачылі ў кампаніі Лукашэнкі.
Непрыемнасьці ў Чыжа пачаліся ў 2015 годзе неўзабаве пасьля затрыманьня ягонага партнэра Ўладзімера Япрынцава разам з сынам Казьбекам па абвінавачаньні ў махлярстве. Прычынай для затрыманьня стала заява Чыжа ў КДБ. Улетку 2016 году Япрынцаў выйшаў зь СІЗА, а тэрмін атрымаў ягоны сын Казбэк са сваім партнэрам.
У сакавіку 2016 году Чыжа затрымалі па падазрэньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры, аднак у верасьні 2016 году ён быў памілаваны Лукашэнкам і выйшаў на волю пасьля таго, як «кампэнсаваў шкоду дзяржаве». Шэраг аб’ектаў з маёмасьці Чыжа былі прададзеныя за тры месяцы да вызваленьня. Гэта значыць, што бізнэсовец хацеў ня толькі сплаціць шкоду, але і прасіць Лукашэнку аб памілаваньні, за што звычайна дадаткова патрабуецца сума, большая за ўчыненую шкоду ў 2-3 разы.
З 2018 году Ўладзімер Япрынцаў спрабуе ў судовым парадку вярнуць свае актывы, перададзеныя або прададзеныя Чыжом безь ягонага ведама. Япрынцаў зьвярнуўся ў суд з позвай аб прызнаньні несапраўднай угоды па пераходзе часткі свайго пакета ў кампаніі «Трайпл» (16,5%) да маскоўскага бізнэсоўца Ёсіфа Аксенцьева. Судовае паседжаньне ў гэтай справе прызначылі на лета 2019 году.
Уладальнікам менскага «Дынама» Чыж стаў у канцы 1999 году. За гэты час ён памяняў больш за 30 трэнэраў, але каманда выйгравала чэмпіянат Беларусі толькі аднойчы, у 2004 годзе (8 разоў займала другое месца, 5 разоў — трэцяе).
У апошні час Юры Чыж перастаў наведваць матчы сваёй каманды і пасяджэньня выканкаму фэдэрацыі футбола. Разгромная параза «Дынама-Мінск» ад пецярбургскага Зеніта (1: 8) у матчы ў адказ Лігі Эўропы прывяла да зьяўленьня інфармацыі, што Чыж прадае свае 57% акцый футбольнага клюба. У якасьці магчымых новых уласьнікаў клюба фігуравалі Міхаіл Гуцарыеў, Віктар Пракапеня. Але здзелка не была закрытая да канца мінулага году, і дэ-юрэ Юрый Чыж заставаўся ўладальнікам клюба.