Суд у Есентуках арыштаваў на два месяцы інгускага апазыцыянэра і журналіста Ісмаіла Нальгіева. Пра гэта паведамляе выданьне «Каўкаскі вузел».
Нальгіева абвінавачваюць ва ўжываньні гвалту да супрацоўніка паліцыі на акцыі пратэсту 26 сакавіка ў Магасе. Актывіст прабудзе пад вартай да 10 ліпеня.
Нальгіеў быў затрыманы памежнікамі ў аэрапорце Менску, адкуль спрабаваў вылецець у адну зь эўрапейскіх краін. 10 траўня ўлады Беларусі прынялі рашэньне выслаць яго ў Расею. Рашэньне прымалася без суду, з абгрунтаваньнем: «у інтарэсах грамадзкага парадку, абароны маральнасьці, правоў і свабод грамадзян». Пры гэтым у ім не сказана, што менавіта парушыў Нальгіеў. Адвакаты актывіста лічаць, што яго ў Расеі цкуюць як грамадзянскага актывіста.
Нальгіеў — адзін з тых, хто падаваў заяўку на правядзеньне мітынгу пратэсту, які адбыўся ў Магасе 26 сакавіка. Раніцай наступнага дня частка ўдзельнікаў мітынгу ўступілі ў сутыкненьні з паліцыяй, якая паспрабавала разагнаць людзей. Пасьля гэтага былі распачатыя крымінальныя справы, арыштаваныя ўжо больш за 10 чалавек.