Інгуша Ісмаіла Нальгіева выслалі зь Беларусі ў Расею. Пра гэта Свабодзе паведаміў юрыст БАЖ Алег Агееў са спасылкай на адваката Антона Тушынскага.
«Толькі што адвакату паведамілі ў міліцыі, што пастанова аб прымусовай высылцы Нальгіева зь Беларусі выкананая».
Пастанову аб высылцы грамадзкага актывіста і блогера Ісмаіла Нальгіева падпісала намесьніца начальніка аддзелу грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага РУУС Менску Вольга Алаленка. Гэта было 8 траўня. Высланаму Ісмаілу Нальгіеву забаронена наведваць Беларусь цягам 10 гадоў.
Атрымаць камэнтар у адказнай супрацоўніцы аддзелу грамадзянства і міграцыі не ўдалося.
Грамадзкага актывіста з Інгушэтыі Ісмаіла Нальгіева затрымалі 8 траўня ў аэрапорце «Менск-2», адкуль ён меўся ляцець у Прагу. Падставай для затрыманьня стаў запыт расейскіх праваахоўнікаў. Між тым невядома, ці складалі на Ісмаіла Нальгіева адміністрацыйны пратакол у менскім аэрапорце. 10 траўня актывіста з Інгушэтыі яшчэ ўтрымлівалі ў ізалятары на Акрэсьціна. Адвакат Антон Тушынскі падаў скаргу на рашэньне аб высылцы і спадзяваўся, што яе разгледзяць у судзе, але празь некалькі гадзін яму паведамілі, што рашэньне ўжо выкананае.
«Даводзіцца канстатаваць, што суду па скарзе так і не было. Праваабаронцы ўжо заступіліся за Ісмаіла праз сумесную заяву, цяпер, верагодна, яшчэ раз будзем рыхтаваць заяву, каб асудзіць ягоную тэрміновую высылку. Гэта відавочнае парушэньне ягонага права на абарону. Да таго ж чалавека аддалі ў краіну, дзе яму пагражаюць катаваньні, а беларускае і міжнароднае заканадаўства гэта рабіць забараняюць. Ці будзем далей абскарджваць тое, што адбывалася з Нальгіевым у Беларусі, будзе залежаць ад таго, ці дасьць ён згоду. Але цяпер атрымаць такую згоду праблематычна, улічваючы сытуацыю, якая склалася на ягонай радзіме», — сказаў Свабодзе юрыст БАЖ Алег Агееў, які апякуецца актывістам Ісмаілам Нальгіевым.
У які дакладна горад Расеі і на якім транспарце беларускія праваахоўнікі адправілі Ісмаіла Нальгіева, праваабаронцам невядома.
Ісмаіл Нальгіеў — кіраўнік расейскай грамадзкай арганізацыі «Выбар Інгушэтыі». Паводле расейскіх СМІ, Ізмаіл Нальгіеў браў удзел у нядаўніх пратэставых акцыях у Інгушэтыі. Тыя пратэсты трываюць з восені 2018 году. Актывісты лічаць абмен тэрыторыямі нераўназначным, вінавацяць Чачэнскую Рэспубліку ў захопе тэрыторыі Інгушэтыі, на якой знаходзяцца радавыя вежы і фамільныя могілкі інгускіх радоў. Мітынг актывістаў у мястэчку Магас 26–27 сакавіка быў жорстка разагнаны сілавікамі.