Украінская пісьменьніца Аксана Забужка была сёлета госьцем літаратурнага фэстывалю «Сьвет кнігі» ў Празе. Мы сустрэліся зь ёй у кулюарах фэстывалю і пагаварылі пра тое, якія працэсы прывялі ва Ўкраіне да абраньня прэзыдэнтам шоўмэна Ўладзіміра Зяленскага.
Украіна трапіла ў сэрыял
— 11 верасьня 2001 году мы ўсе, хто тады ў жывым часе сачыў на экранах тэлевізараў і кампутараў за тым, як абрынаюцца вежы Сусьветнага гандлёвага цэнтру, тады, мабыць першы раз адчулі, нібыта жывем у нечым кіно. Вось жа, калі цяпер разважаць далей у такіх катэгорыях — можна сказаць, што Ўкраіна раптам апынулася ў нечым — даслоўна! — сэрыяле. Што здарылася?
— Так, людзі незаўважна пераступілі гэты парог, і цяпер хацелася б «выключыць тэлевізор», а ён не выключаецца... Адбыліся выбары, Зяленскі ўжо завецца «новаабраным», а цэлая куча людзей — і я ў тым ліку — недзе ўсё яшчэ ў глыбінях падсьвядомасьці нібыта песьціць надзею, што зараз ён скажа: «Людзі, прабачце, я пажартаваў, а вы й паверылі...» Ушчыкніце мяне — гэта ўсё мне сьніцца!
І гэтае адчуваньне я ўжо аднойчы мела, ёсьць прэцэдэнт. Калі сёлета ў мяне ўпершыню стрэліла гэтая фраза, я раптам згадала, што оёёй, я гэта ўжо чула, два гады таму, ад сваіх амэрыканскіх сяброў, калі Трамп выходзіў на фінішную простую. Сябры казалі мне: мы ня можам паверыць, што гэта насамрэч адбываецца, мы чакаем, што заўтра прачнемся, і нам скажуць — гэта быў розыгрыш, гэта быў дрэнны жарт. З такім пачуцьцем я глядзела на інаўгурацыю Трампа, я думала — Божа, якая ганьба, як гэта ўсё выпадала з усіх нормаў амэрыканскай палітычнай культуры.
Вядома ж, у параўнаньні з тым, у што цяпер уляпалася Ўкраіна, гэта ўсё ж нешта слабейшае. У нас мацнейшае, бо мы й сапраўды ў сэрыяле, які нельга выключыць, зь якога нельга выйсьці. Мы змушаныя ня толькі глядзець гэтае кіно, мы змушаныя ўдзельнічаць у гэтым рэаліты-шоў і мусім неяк вызначыцца, у якой меры гэта ўплывае на нашу рэальнасьць і што мы можам зрабіць для таго, каб гэтае шоў не зрабілася хорарам.
Інфармацыйная вайна пачалася з «мэдыярэформы»
— Як і чаму такое сталася?
— Прычын шмат. Перадусім, першым пунктам я б назвала тую самую інфармацыйную вайну, пра якую я ўжо 15 гадоў крычу, пішу, гавару. Супраць Украіны інфармацыйная вайна пачалася на пераломе 1990-х і 2000-х, калі ў нас адбылася так званая «мэдыярэформа», адбылася прыватызацыя СМІ, калі ўласьнікамі ўсіх рэйтынгавых тэлеканалаў і эфэмак зрабіліся невядомыя людзі, нібыта сымбалічна алігархі — мы ведаем, якія каналы належаць Пінчуку, якія Ахметаву, якія Фірташу, якія Каламойскаму ці яшчэ каму.
Але ў рэальнасьці гэта нейкі пакет нейкай зьмененай уласнасьці, якая дае нейкі расейскі працэнт, а расейскі працэнт прадбачае, што на канале зьяўляецца чалавек — прадстаўнік інвэстара. А гэты прадстаўнік інвэстара — гэта нейкі маскоўскі журналіст, які ўжо працуе рэдактарам, і ў вуху ў вядучага гучыць голас зь «ярко выраженным московским акцентом», які ўкраінскі глядач ў сваім этэры ня чуе. Аднойчы быў скандал, калі голас Марыі Сталяровай прарваўся ў этэр на «Інтэры». Сталярову дэпартавалі, але гэты інцыдэнт не паўплываў на ўсю сетку, бо яна раздробненая і таргетаваная.
Лабатамізацыя аўдыторыі
З таго часу адбываецца апапсеньне СМІ, перавядзеньне ўсяго тэлевізійнага зьместу ў забаву, entertainment. Вядома ж, entertainment характарызуе і амэрыканскую тэлевізію, але там ёсьць выразны падзел: ёсьць чыста забаўляльныя каналы, а ёсьць і вельмі сур’ёзныя, пазнавальныя, інфармацыйныя.
А тут — стаўка на жаўцізну, на вельмі прымітыўныя інстынкты, гумар найніжэйшага густу. Калі музыка — то «шансон». Калі навіны — то таксама жоўтыя. Такая сабе сьвядомая лабатамізацыя аўдыторыі, зьніжэньня ўзроўню навінаў да тупога гыгыгы.
І калі прасачыць гісторыю тых сэрыялаў — а я ўжо ў 2012 годзе ў сваіх інтэрвію казала, што я з жахам думаю пра пакаленьне часоў засільля «лучших московских продюссеров» ва ўкраінскіх этэрах, гаварыла пра новую рэкалянізацыю (не беларусам тлумачыць, што гэта такое). Тая рэкалянізацыя прывяла да таго, што ў апошнія гады Януковіча ўкраінскаму музыканту патрапіць на тэлевізію проста было немагчыма, «бо нефармат».
Тым часам масава, валам ішла пісаная паводле маскоўскіх сцэнароў прадукцыя абсалютна пахабнага гумару і музону на ўзроўні трох акордаў. Дык вось, у 2012-м я з жахам думала — што будзе, калі вырасьце пакаленьне, для якога вось гэта вось усё будзе эмацыйным фонам іхнага дзяцінства. І гэты фон навязваўся, бо ўсе тыя сэрыялы зь Зяленскім — гэта ня пяць гадоў, і не са «Слугі народу» гэта ўсё пачыналася. Бо перад тым 15 гадоў сэрыялы зь Зяленскім круцілі ва ўсіх міжгародных маршрутках і міжнародных аўтобусах.
Прывучэньне да твару
— І вось гэтае пакаленьне вырасла.
— Так. Пятнаццаць гадоў... Пятнаццаць гадоў людзей прывучалі да гэтага твару, да гэтага «стылю». Прывучалі гэты стыль гумару ўспрымаць як эмацыйны пазытыў. Бо гумар — гэта сьмешна, а калі гэта сьмешна — значыць, гэта нястрашна, гэта ня можа з сабой несьці ніякіх пагрозаў. Гэта праца на ўзроўні падсьвядомага — не на ўзроўні ідэяў ці праграмаў. Гэта вельмі граматна, выключна граматна.
Прывучалі да твару як да пазытыву. А апошнія некалькі гадоў ён пачаў рэклямаваць каштоўнасьці, напрыклад, золата. І гучыць, скажам, з эфэмаў хрыплы голас: «Табе пасуе маё каханьне!» Вось вам — золата, сямейныя каштоўнасьці і гэты голас — і так ствараецца пазытыўная асацыяцыя, пазытыўны вобраз чалавека, які ўвесь час крытыкуе палітыкаў, увесь час нібы зь іх сьмяецца. Ствараецца вобраз незалежнага пазытыву. Чалавека пазасыстэмнага. Вось вам і «хороший парень».
«Адмарозіць вушы назло цешчы»
А паралельна з гэтым пяць гадоў — усю кадэнцыю Парашэнкі — вялася атака на прэзыдэнта, накручвалася нянавісьць і агрэсія. Кожны дзень валілі нон-стоп, расказвалі 24 гадзіны за суткі, як ва Ўкраіне ўсё дрэнна. Я не кажу, што ва Ўкраіне ўсё добра. Але ўсё ж некалі ў мяне выклікала раздражненьне, калі да мяне дакочваліся тыя хвалі нэгатыву. Ведаеце, нібы грэх Бога гнявіць — у параўнаньні з тым, што было.
Сапраўды, былі зрухі, і дай Бог зрабіць іх незваротнымі — толькі дайце яшчэ трохі часу, трохі форы, дайце замацаваць. Была пэўнасьць, што яшчэ пяць гадоў у такім фармаце — і мы выстаім.
Але ідзе вось гэтая накрутка ва ўкраінскіх СМІ, якія Ўкраіна насамрэч не кантралявала.
У выніку ва Ўкраіне знайшлася куча людзей, якія вырашылі, як у тым анэкдоце, «адмарозіць вушы назло цешчы», паказаць Парашэнку сярэдні палец — і прынцыпова прагаласаваць за клоўна, думаючы, што гэтым прыніжаюць Парашэнку, які сымбалізуе ўладу.
Мяне ўсе гэтыя пятнаццаць гадоў трэсла па-свойму, а апошнія пяць гадоў трасе па-іншаму. Я сфармулявала гэта яшчэ некалькі гадоў таму і сказала, што рэальна паверу ў незваротнасьць зьменаў, рэформаў, курсаў і супакоюся тады, калі Ўкраіна пачне вяртаць сабе сваё інфармацыйнае поле. Пакуль там нічога не адбываецца, пакуль канал аднаго алігарха перамагае канал прэзыдэнцкі — не. Не. Гэта ўсё яшчэ тая самая матрыца, якая спараджае кашмары нашай цывілізацыі, якая так загнівае, цывілізацыі, якая ўвайшла ў фазу інсталяванага вар’яцтва.
Юлія Ўладзіміраўна на разагрэве
— Але ж выбары былі дэмакратычныя.
— Выбары былі дэмакратычныя? Дэмакратычныя. Мяне знаёмыя расейцы віншуюць і расказваюць, як яны нам зайздросьцяць, бо ў іх 20 гадоў ніякіх выбараў няма, яны наагул забыліся, што гэта такое — а тут мы і сапраўды да апошняга моманту ня ведалі, што будзе.
Так яно і мае быць — дэмакратычныя, сумленныя выбары. А фіг яны насамрэч сумленныя! Бо сумленныя яны тады, калі прадбачыцца, што чалавек, які прыходзіць на выбарчы ўчастак — ён не адвольна кідае бюлетэнь, але перад тым дастаткова паінфармаваны пра тое, што стаіць за тым бюлетэнем.
А гэтага, прабачце, не было. Гэта няпраўда. Былі шакуючыя рэчы, якія выявілі сацыёлягі ўжо ў прамежку паміж першым і другім турам. Напрыклад, 39% апытаных чакалі зьніжэньня камунальных тарыфаў — што абсалютна не ўваходзіць у абавязкі прэзыдэнта. А чаму яны чакалі зьніжэньня тарыфаў? Няўжо такая колькасьць людзей — ідыёты?
А вось чаму. Найактыўней у нас вяла кампанію Юлія Ўладзіміраўна Цімашэнка, якая цэлы год з кожнага праса, з кожнага білборда, з усіх рэсурсаў увесь час казала: «Тарыфы-зьбядненьне, тарыфы-зьбядненьне, тарыфы-зьбядненьне...» Ну так, тарыфы сапраўды былі завышаныя — на патрабаваньне Міжнароднага валютнага фонду, нашых заходніх партнэраў. Ну яны там трошкі зьмякчылі гэта субсыдыямі... Але гэта ўжо занадта складана! Ня ўсе пэнсіянэры разумеюць, бачыла я, як плачучы, яны пыталіся: «Деточка, шо мне с этим делать?» Вось жа, цэлы год яна сьпявала адну песьню: выберыце мяне, першае, што я зраблю — я зьніжу тарыфы. І ніхто яе не спыняе! Ніхто ня скажа: ты хлусіш! І ЦВК не спыняе чалавека, які хлусіць, які вядзе прэзыдэнцкую кампанію і абяцае рэчы, якія не ўваходзяць у прэзыдэнцкую кампэтэнцыю. А як ты спыніш? Фармальна ніякі закон не парушаны.
Людзі пачулі і замацавалі. Гэта адклалася ў падсьвядомасьці як норма — што прэзыдэнт адказвае за зьніжэньне тарыфаў. Выйшла, што Цімашэнка была ў Зяленскага «на разагрэве». І ўсе тыя людзі, якія гэта слухалі, прагаласавалі не за яе, а за таго, які «табе пасуе маё каханьне».
Адстаяць інстытут прэзыдэнцтва
Плюс, ёсьць яшчэ такі фармат — у нас быў атакаваны кожны прэзыдэнт. Думаю, таксама не без удзелу нашых маскоўскіх добразычліўцаў. Атакуецца любы ўкраінскі прэзыдэнт з моманту ўступленьня на пасаду. Тым часам сам гэты інстытут прэзыдэнцтва для нас вельмі важны. І гэта істотны момант. У гэтай маладой і нетрывалай украінскай дэмакратыі, якая б яна там ні была, інстытут прэзыдэнцтва, можна сказаць — гэта было тое, што мы збудавалі, адваявалі і выстаялі на Майданах. Прэзыдэнт — гэта той, за каго сапраўды галасуе краіна, каго яна насамрэч выбірае. Мы адстаялі гэты інстытут падчас Памаранчавай рэвалюцыі ў 2004 годзе, калі яго хацелі ў нас забраць — і, дарэчы, у 2014-м, калі прэзыдэнт парушыў абяцаньне: учора гаварыў адно, а цяпер «резко сворачиваем». Супраць правілаў — вылятаеш!
Для гэтага патрэбная энэргія Майдану, перакладзеная з энэргіі мільёнаў, але гэта таксама паказьнік, што інстытут прэзыдэнцтва працаваў і быў дзейсны. І Масква атакавала кожнага ўкраінскага прэзыдэнта. Цяпер я чакаю, калі яны пачнуць атакаваць Зяленскага. Як будзе адбывацца гэтая нібыта гульня — у гэтую браму будзе граць шмат розных камандаў зь вельмі рознымі намерамі і інтэнцыямі.
«Выклікалі? Вось вам я!»
Карацей кажучы, тэхналёгія простая. Вы ствараеце цалкам нэгатыўны фон няспынна нэгатыўнымі навінамі — карупцыя, задушылі, зарэзалі, забілі, згвалтавалі, карупцыя, забілі, зарэзалі, п’яны сусед зарэзаў суседа ў сяле Дзерыпупаўцы Адэскай вобласьці — гэта навіны! І гэта ў краіне, дзе ўвесь час адбываюцца грандыёзныя падзеі, зьмены, калясальныя працэсы — мноства стартапаў, мноства бізнэсаў, рэформы, трансфармацыя — пра гэта нічога. Увесь час нэгатыў, і так назапашваецца раздражненьне. Пры гэтым увесь час гоніцца: патрэбныя новыя твары, трэба мяняць сыстэму (дарэчы, гэта яшчэ майданаўскі мэм).
І тут — опа! — новы твар. Як на старых фатаграфіях, калі малюецца чорны заднік, і на ім выразаецца дзірка, а ў дзірку ўстаўляецца галава: «Выклікалі? Вось вам я!» І вось гэтая галава ўстаўляецца перад Новым годам. І ўся гэтая агульная эмацыйная накрутка, эмацыйнае раздражненьне прывялі да такіх высокіх вынікаў, якіх ніхто не спадзяваўся. Але гэта таксама — як нехта нядаўна выказаў дапушчэньне — сумарнае раздражненьне ад усяго нашага палітыкуму.
Безумоўна знаёмасьць твару ў тэлевізары псыхалягічна працуе на гэтую нібыта пазытыўную ідэнтыфікацыю. Безумоўна, з другога боку, раздражненьне, незадавальненьне палітыкумам, дзе аб’ектыўна, дзе штучна падагрэтае — гэта той фон, на якім лёгка запускаюцца такія трыгеры. Безумоўна, ёсьць тут і момант пэўнага інфармацыйнага прэсінгу. Цэлы красавік — эмоцыі, эмоцыі, людзі сварацца між сабою ў сем’ях, уся гэтая эмацыйнага напруга ўводзіць у стан амоку. У выніку, у тых, хто галасаваў за Зяленскага, не было радасьці перамогі. Ва ўсіх быў шок — як вынік таго амоку. Гэта матэрыял для сацыяльных псыхолягаў.
Гэта доўгі адказ на пытаньне — як так сталася...
Парашэнка ня здолеў растлумачыць, за што мы ваюем
— А ў чым галоўная праблема Парашэнкі? Чаму ён прайграў?
— Яго галоўная праблема, як ні парадаксальна, знаходзіцца на каштоўнасным узроўні. За што яму ня выдалі вотум даверу, хоць ён зрабіў вельмі шмат — нават на ўзроўні таксістаў і манікюрніц даводзілася чуць, што гэта можа наагул быў наш найлепшы прэзыдэнт за гісторыю новай Украіны.
Ён так і не зразумеў як галоўнакамандуючы, што людзям, якія ідуць паміраць на фронт трэба ня проста падняць заробак, выдаць добрыя берцы, тушонку, забясьпечыць кухні, інтэрнаты — што ім перадусім трэба растлумачыць ад моманту, калі яны пераступілі парог вучэбкі, за што мы ваюем. За што яны ідуць паміраць, за што гатовыя асіраціць сваіх дзяцей.
Ці мы йдзем на Маскву? Ці мы адваёўваем нашы тэрыторыі? Ці мы чакаем загаду наступаць і выбіваць ворага з нашай зямлі? Ці мы не гатовыя пакуль што да адкрытага бою і чакаем аслабленьня ворага санкцыямі? Ці мы стаім жывым кардонам і чакаем, калі канфлікт вырашыцца дыпляматычным шляхам?
Ніхто не патлумачыў гэтым стратагемаў, ніхто не размаўляў на ўзроўні самога ідэалягічнага канцэпту вайны. Яго ў генштабе за пяць гадоў так ніхто і не сфармуляваў. І ў гэтых умовах на нейкім этапе пасьля ўсіх ахвяраў 2014-5 гадоў, калі мы ўсе здымалі зь сябе ўсё і аддавалі на армію, усе мы былі на фронце — я ўжо не магла чуць тую самую інфармацыю пра загінулых. Яна ўжо пачала працаваць супраць Украіны. Выходзіла так, што на фронце забівалі нашых хлопцаў, а раздражненьне — дык дакуль жа ж! — пераадрасоўвалася генштабу і галоўнакамандуючаму.
Бо ніхто не тлумачыў. Нібы той унутраны страх — гэта таксама нейкія посткаляніяльныя комплексы — страх дагаворваць нейкія рэчы да канца, страх фармуляваць ваенную дактрыну не ў фармаце «вось на нас напалі, а ў нас тут зараз мірная дамова, а нас тут часова стаяць войскі, акупаваная частка тэрыторыі...» Што значыць, акупаваная частка тэрыторыі? Людзі ж гінуць, і кроў людзкая — не вадзіца, праліваць не гадзіцца.
Адна справа, калі ў вас няма вайны ў хаце. А іншая — калі ліецца кроў і калі за красавік — 15 забітых. А нам расказваюць, што ім паднялі заробкі...
У гэтым ёсьць элемэнт ня проста недагаворваньня. У гэтым ёсьць момант той каштоўнаснай слабасьці ўлады, якая спараджае недавер паміж арміяй і камандаваньнем. Такога не павінна быць.
Як выйсьці зь «дзіцячага бунту»
— Вось жа, вялікая частка ўкраінцаў адмарозіла сабе вушы, паказала сярэдні палец — гэта падобна на нейкі дзіцячы бунт, як у кніжцы «Сьвята непаслухмянства» з савецкага дзяцінства.
— Так, я таксама згадвала тую кнігу! Вельмі дакладны тэрмін.
— І як цяпер з гэтага выйсьці? Што цяпер рабіць?
— Ну як, гэта выпрабаваньне грамадзтва, выпрабаваньне на трываласьць. Мы ж не ў Паўночнай Карэі, што ў нас сонейка ня ўзыдзе без Кім Чэн Ына, і не ў Рассеі, дзякуй Богу — і, выбачайце, не ў Беларусі.
— Выпрабаваньне на сьпеласьць нацыі? Грамадзянскай супольнасьці?
— Так. Абсалютна. Насамрэч, гэта выпрабаваньне па ўсёй шырыні, даўжыні і глыбіні соцыюму. Гэта рэальна вельмі сур’ёзна. У нейкім сэнсе ня менш сур’ёзна, чым у 2014 годзе, калі сапраўды мы прайшлі над краем прорвы і сапраўды маглі ў яе ўваліцца. Тут гэта выпрабаваньне на даросласьць, на прытомнасьць, на тое, наколькі нейкая частка грамадзтва працьверазее, скажа сабе: «Вася, што мы нарабілі?» — у размове за півам адзін мой знаёмы такую фразу ўжо пачуў.
Насамрэч, ну што тут сказаць? Калі сапраўды ўспрымаць усё гэта як сэрыял у фармаце, што гэта не са мной, а што я гляджу на гэта зь нейкай там Альфа-Цэнтаўра — то насамрэч гэта вельмі цікава. Цікава за ўсім гэтым сачыць. Цікава быць у гэтым і бачыць, як гэтае грамадзтва рэагуе ў сваёй масе. Як, напрыклад, адбылася тая цалкам стыхійная акцыя, калі на другі дзень пасьля першага шоку «Зяленскі — прэзыдэнт, як такое можа быць!» у панядзелак людзі пайшлі на Банкавую, да рэзыдэнцыі Парашэнкі, дзякаваць яму. Там утварыўся стыхійны міні-Майдан. Не дзеля яго, Парашэнкі, а дзеля сябе. Мне расказвала пляменьніца, што ў яе з працы людзі хадзілі. Яны былі ў дзікім шоку, а вось пасьля таго, кажа яна, зьявілася пачуцьцё нібы нашай маральнай перамогі — нас не завалілі!
І было прыгожа. Мне мая цырульніца пісала: «Я не ходила, но смотрела, и просто комок в горле...» Было кранальна бачыць, як прыходзяць людзі дзякаваць, а не «палити сільраду». І гэта было нязвыкла.
— Я ня памятаю, каб да іншых так прыходзілі ў такой сытуацыі...
— Менавіта. І гэта нібыта нейкі паказьнік даросласьці, сьпеласьці грамадзтва. Гэта дазваляе зьберагчы тую самую сапамавагу і пачуцьцё, што ня ўсе украінцы могуць начапіць на сябе каўпак блазна і сказаць, што так, мы прагаласавалі за галаграму, за пэрсанаж з сэрыялу.
Ня ўсё так проста і так лёгка нас ня ўзяць
Гэта тэст на вяртаньне ў рэал і рэанімацыя здаровага сэнсу — я б зараз на гэта рабіла стаўку, бо нічога лепшага чалавецтва пакуль што не прыдумала.
Ці выйдзе гэта ва ўкраінцаў і што з таго выйдзе — пабачым. Але пачуцьця «ой, капец!», усё развалілася — няма. Не, у нас яшчэ нічога не развалілася. Жыцьцё працягваецца. Словам, пагаворым праз год — тады можна будзе рабіць нейкія высновы, а пакуль што гэта ўсё — варажба на кававай гушчы.
Не, ня ўсё так проста і так лёгка нас ня ўзяць. Адным словам, нейкія рэсурсы, якія могуць быць задзейнічаныя на дэструктыў, яны могуць запусьціць і нейкія абаронныя мэханізмы. Але гэта ўсё — тэрыторыя экспэрымэнту. Велізарнага сацыяльнага экспэрымэнту, які ставіцца сёньня, у прынцыпе, на ўсіх краінах. Там, дзе мы цяпер, яшчэ ніхто не бываў. І гэта — гістарычны выклік. І ёсьць такое мабілізуючае адчуваньне. Сапраўды, нічога яшчэ ня скончылася.