У дыскусійным клюбе «Майдан», які на майдане Незалежнасьці арганізуе Чэскі цэнтар у Кіеве, удзельнічаюць лідэр крымскіх татараў Мустафа Джамілеў і ўкраінская пісьменьніца Аксана Забужка.
Людзі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе ў 1989 годзе ганарыліся сваімі краінамі, але сёньня сытуацыя іншая. Палове чэхаў сорамна за свайго прэзыдэнта, а шмат каму з вугорцаў — за свайго прэм’ера. У эўрапейскім дыскусійным клюбе «Майдан», які засядае проста на майдане Незалежнасьці ў сталіцы Ўкраіны, гэта канстатуе славацкі журналіст і мадэратар клюбу Штэфан Грыб.
У размове ўдзельнічае і Мустафа Джамілеў, лідэр крымскіх татараў. У савецкія часы неаднойчы адбываў турэмны тэрмін як палітвязень, у тым ліку і за пратэст супраць акупацыі Чэхаславаччыны ў 1968 годзе. Цяпер жыве ў Кіеве і ў размове з Штэфанам Грыбам кажа, што будзе колькі стане сілы змагацца за вызваленьне Крыму ад апупантаў.
«Надзеі на рэвалюцыю звычайных людзей у Расеі марныя. Людзі там паслухмяныя. Ня як украінцы, якія, калі яны ннезадаволеныя, зьбіраюцца на Майдане», — кажа Джамілеў.
Ён прыгадвае, як пасьля анэксіі Крыму яму тэлефанаваў расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін і казаў яму, як расейцы будуць паводзіць сябе ў дачыненьні да крымскіх татараў. «Я асьцярожны і не хачу, каб крымскія татары і расейцыя вайскоўцы ваявалі між сабою», — пераказаў Джамілеў словы Пуціна.
Найбольш перакладаная ў сьвеце ўкраінская пісьменьніца Аксана Забужка сьвердзіць, што сёньняшняя Расея — гэта першая ў гісторыі дзяржава, якой кіруюць сакрэтныя службы на чале з Уладзімірам Пуціным, былым супрацоўнікам КГБ.
«Няма патрэбы бамбаваць гарады, дастаткова бамбаваць сьвядомасьць людзей», — кажа Забужка пра расейскую прапаганду. Расейскі рэжым, паводле яе, умела і спрытна выкарыстоўвае недахопы і хібы дэмакратычных сыстэмаў Эўропы.