Госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман. Ён аналізуе, як выглядае «пэйзаж пасьля бітвы за Бабіча», і канстатуе, што факт адкліканьня амбасадара не здымае ўсіх тых прынцыповых разыходжаньняў, якія існуюць паміж Беларусьсю і Расеяй.
Сьцісла:
- Менску было важна паказаць, што ён не прымае нават расейскага амбасадара ў статусе большым, чым проста амбасадар.
- Калі гэтая сытуацыя з Бабічам нешта і прадэманстравала, дык тое, што адносіны Менску і Масквы — гэта не гульня ў адну браму.
- Сам факт адкліканьня Бабіча не здымае ўсіх тых прынцыповых пытаньняў, якія існуюць паміж краінамі.
Для Масквы самой важна, каб амбасадар быў эфэктыўны і мог прадуктыўна працаваць
— Як выглядае «пэйзаж пасьля бітвы за Бабіча?» Ці варта аналізаваць сытуацыю ў рэчышчы «хто перамог, а хто прайграў»? Якія зьмены будуць у беларуска-расейскіх адносінах пасьля адкліканьня Бабіча і зьяўленьня ў Менску новага амбасадара?
— Я спадзяюся, што перамаглі менавіта беларуска-расейскія адносіны. Апошнія месяцы было відавочна, што на тым псыхалягічна-эмацыйным фоне, які паўстаў у Менску ў выніку дзейнасьці Міхаіла Бабіча, наўрад ці можна спадзявацца на канструктыўны дыялёг з пошукам узаемапрымальных рашэньняў. Таму адкліканьне Бабіча цалкам лягічнае, і яго можна было прагназаваць — прынамсі пасьля другой заявы беларускага МЗС, у якой было сказана, што Бабіч за некалькі месяцаў сапсаваў адносіны больш, чым ворагі беларуска-расейскай інтэграцыі.
Наўрад ці тут ёсьць сэнс разважаць пра тое, хто перамог. Беларусі ў пэўны момант было важна паказаць, што яна не прымае нават расейскага амбасадара ў статусе большым, чым проста амбасадар. Гэты крок Крамля павінен дазволіць зьбіць эмацыйны нэгатыў і неяк перавесьці ўсю камунікацыю, у тым ліку непублічную, у больш пазытыўны стан.
— Калі публіцысты і аглядальнікі аналізуюць гэтыя падзеі, то зьвяртаюць увагу на тое, што Масква апошнія гады ніколі не саступае ціску, ня робіць таго, што можа ўспрымацца як «страта твару» і як нешта зробленае пад ціскам. Што мог паабяцаць Менск у адказ на гэтую саступку з боку Крамля? Мы ведаем, што «Коммерсант» напісаў, што Аляксандар Лукашэнка паабяцаў праз год перайсьці да рэальнай інтэграцыі.
— Гэтыя ўсе развагі, што мог паабяцаць Лукашэнка — яны вельмі мэдыйныя. Для Масквы самой важна, каб амбасадар быў эфэктыўны і меў магчымасьць прадуктыўна працаваць. Пасьля таго клінчу, які атрымаўся ў Бабіча зь беларускім МЗС, стала зразумела, што ён ня зможа выконваць сваю працу прадстаўніка сваёй краіны ў Беларусі. Таму, я думаю, сама Расея была зацікаўленая ў тым, каб замяніць чалавека на таго, хто мог бы нармальна тут працаваць.
Ці зьяўляецца гэта часткай нейкай дамоўленасьці? Паміж бакамі ўвесь час ідуць кансультацыі і камунікацыі. Усім вядома, што створаныя дзьве групы, больш за тое, паступілі канкрэтныя прапановы з абодвух бакоў. Так што толькі фігуру амбасадара наўрад ці можна разглядаць як нейкую вялікую разьменную манэту, за якую Менск мусіць нешта паабяцаць.
Калі гэтая сытуацыя з Бабічам нешта і прадэманстравала, дык тое, што адносіны Менску і Масквы — гэта не гульня ў адны вароты. Нягледзячы на тое, што Расея вялікая, а Беларусь — адносна малая, што ў Беларусі вялікая залежнасьць ад Расеі — існуе залежнасьць з абодвух бакоў. І адносіны, якія выбудоўваліся за чвэрць стагодзьдзя, яны даволі прагматычныя.
Гэта значыць, што Расея шмат чаго атрымлівае ад гэтых адносінаў. Зь іншага боку, гэта азначае, што Беларусь мае свае інструмэнты, каб прасоўваць свае інтарэсы. А ня проста рабіць выключна тое, чаго хоча Масква.
Галоўнае — пачаць нешта рабіць з фундамэнтальнымі праблемамі ў нашых дачыненьнях
— Можна спрагназаваць, чаго пажадае Масква. Паколькі адкліканы Бабіч, які нібыта і быў прычынай пагаршэньня адносінаў — цяпер Расея можа сказаць: «Ну вось, цяпер у адносінах павінна быць усё цудоўна, згода і разуменьне». Але ж стратэгічнае несупадзеньне пэўных інтарэсаў застаецца, яно нікуды не падзелася.
— Як вы і акрэсьлілі, сапраўды, галоўнае пытаньне ў тым, ці змогуць бакі так скаардынаваць свае нацыянальныя інтарэсы, каб як мага больш агульнага ў гэтых інтарэсах было. Па меры таго як паглыбляецца крызіс у адносінах Расеі з Захадам, — шмат у чым у Беларусі аказваюцца калі ня розныя інтарэсы з Расеяй, дык свае акцэнты ў міжнародных дачыненьнях. І калі Расея будзе намагацца ціснуць толькі на свае інтарэсы і не зважаць на беларускія — у яе нічога ня выйдзе.
Галоўнае — пачаць нешта рабіць з фундамэнтальнымі праблемамі ў нашых дачыненьнях. Першая — як кожны з бакоў разумее інтэграцыю. Ці гатовая Расея ісьці на тое, каб у нас быў паўнавартасны эканамічны саюз, без усялякіх выняткаў, што тычыцца энэргетычных рэсурсаў?
Другі момант — як магчыма скаардынаваць замежныя палітыкі, каб базавыя інтарэсы абодвух бакоў былі ўлічаныя? То бок каб у Расеі не чакалі, што яна ў аднабаковым парадку прымае нейкія рашэньні, а Менск вымушаны, нават насуперак сваім нацыянальных інтарэсам, проста прыядноўвацца да гэтых рашэньняў.
— Вы днямі прыехалі з Масквы, дзе ў якасьці кіраўніка «Менскага дыялёгу» ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, якія праводзіла Расейская рада па міжнародных справах. І ў шавіністычных расейскіх тэлеграм-каналах я ўжо пачытаў рэзкую крытыку на ваш адрас — маўляў, глядзіце, хто прадстаўляў Менск, яны на самой справе празаходнікі. Наколькі расейскі экспэртны падыход адрозьніваецца ад падыходу палітычнага?
— Мерапрыемства прайшло вельмі цікава, — мы, «Менскі дыялёг», дарэчы, ня проста ўдзельнічалі, а былі суарганізатарамі. Як мне казалі некаторыя ўдзельнікі — гэта было адно зь нешматлікіх мерапрыемстваў, дзе гаварылі пра рэальныя праблемы і прапановы, як іх вырашаць. Выказваліся самыя розныя пазыцыі. Агулам расейскія экспэрты кажуць тое, што ім уяўляецца з гледзішча расейскіх інтарэсаў.
Калі нашыя пазыцыі разыходзяцца, я б не разглядаў гэта як знак канфлікту ці крызісу, гэта нармальная зьява. Я думаю, што такія мерапрыемствы варта працягваць і выходзіць на сур’ёзную палітычную дыскусію, а ня проста пляскаць у ладкі.
Сам факт адкліканьня Бабіча не здымае ўсіх тых прынцыповых пытаньняў, якія існуюць паміж краінамі
— Яшчэ адна з гучных падзеяў апошніх дзён — затрыманы намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Уцюрын. Ужо выказваюцца ў прэсе вэрсіі, што Ўцюрына затрымалі за неаднаразовыя і шматлікія «зьлівы» інфармацыі расейскай ФСБ і што Менск пачаў вайну з прарасейскімі сіламі ў намэнклятуры і сілавых структурах. Вы, магчыма, бліжэй за іншых палітолягаў стаіце да калідораў улады. Інфармацыя, якую вы маеце, ці дазваляе вам рабіць нейкія высновы наконт гэтага затрыманьня?
— Ня ведаю, хто да чаго бліжэй, але ніякай інсайдэрскай інфармацыі наконт гэтага ў мяне няма. Але, я думаю, відавочна, што нацыянальныя інтарэсы — неад’емная частка тых працэсаў, якія мы назіраем у міжнароднай палітыцы апошніх гадоў. І Беларусь на ўсіх узроўнях вымушаная з аб’ектыўных прычынаў усё больш клапаціцца пра свае нацыянальныя інтарэсы. І калі некаторыя аглядальнікі лічаць саму канцэпцыю нацыянальных інтарэсаў зьявай мінулых стагоддзяў — то, на мой погляд, усе сучасныя абставіны паказваюць, што гэта ня так.
І ў гэтым ёсьць шмат пазытыву. Бо мы пачынаем усё больш думаць як краіна і нацыя. І разумець, што для нас ёсьць фактарам разьвіцьця як сувэрэннай дзяржавы, а што можа пашкодзіць гэтаму разьвіцьцю.
— Пасьля адкліканьня Бабіча ці можна прагназаваць, што пэўны час бакі будуць імкнуцца хаця б дэманстраваць, што паміж імі запанавала пэўнае паразуменьне? Ці, паколькі ўсе стратэгічныя пытаньні ніяк ня зьнятыя — Менск і Масква неўзабаве ня вытрымаюць і зноў распачнуць свае рытарычныя нападкі?
— Я думаю, эмацыйна атмасфэра на пэўны час палепшыцца. Але зразумела, што сам факт адкліканьня Бабіча не здымае ўсіх тых прынцыповых пытаньняў, якія існуюць паміж краінамі. Таму варта чакаць, што будуць працягвацца і спрэчкі, і гэта будзе мець публічнае вымярэньне.
Гэта той цяжкі працэс, які бакам трэба прайсьці, каб высьветліць фундамэнтальныя асновы сваіх адносінаў. Ня толькі на двухбаковым грунце, але і ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу. Бо там сапраўды стаіць пытаньне: ці мы будуем гэты саюз — і тады трэба рухацца да таго, каб скасаваць усе выняткі і выключэньні. Ці мы проста прыпыняем рух у гэтым кірунку і пачынаем рэгуляваць нашы адносіны з партнэрамі на двухбаковай аснове.