30 красавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прызначыў сэнатара ад Сахалінскай вобласьці Дзьмітрыя Мезенцава новым паслом Расеі ў Беларусі. Ягоны папярэднік Міхаіл Бабіч займаў гэтую пасаду трохі болей за 8 месяцаў. Свабода сабрала асноўныя факты пра новага кіраўніка расейскай дыпляматычнай місіі ў Менску.
Пачынаў майстрам цэху на чыгунцы
Дзьмітрый Мезенцаў нарадзіўся 18 жніўня 1959 году ў Санкт-Пецярбургу (тады Ленінград). Скончыў Ленінградскі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. Працаваў майстрам цэху на Кастрычніцкай чыгунцы.
- З 1983 па 1984 Дзьмітры Мезенцаў загадваў арганізацыйным аддзелам Ленінскага раённага камітэту. Быў загадчыкам сэктару гарадзкога камітэту.
- Ад 1984 па 1990 служыў афіцэрам у арміі на пасадзе супрацоўніка армейскага друку. Са студзеня 1988 ўваходзіў у склад Саюзу журналістаў РФ.
Працаваў у камандзе Сабчака, разам з Пуціным
- У 1990 годзе стаў дэпутатам Ленінградзкага гарсавету. У 1991-1996 працаваў у адміністрацыі мэра Санкт-Пецярбурга Анатоля Сабчака. Тады ж разам з Сабчаком працаваў і Ўладзімір Пуцін.
- Мезенцаў кіраваў прэс-цэнтрам савету і Ленгарвыканкаму, узначальваў Камітэт па друку і СМІ мэрыі Санкт-Пецярбургу.
Забясьпечваў першую выбарчую кампанію Пуціна
- Пераехаўшы ў Маскву ў 1996 годзе, стаў намесьнікам старшыні Дзяржаўнага камітэту Расейскай Фэдэрацыі па друку Івана Лапцева.
- У 1999 годзе стаў Прэзыдэнтам Цэнтру стратэгічных распрацовак, які забясьпечваў выбарчую кампанію прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ў 2000 годзе.
- У 2002 годзе прызначаны прадстаўніком у Савеце Фэдэрацыі ад Адміністрацыі Іркуцкай вобласьці.
- З 2004 года — намесьнік старшыні Савету Фэдэрацыі, курыраваў інфармацыйную палітыку і эканамічныя пытаньні.
Губэрнатар Іркуцкай вобласьці, генсакратар ШАС, сэнатар
- З 2009 па 2012 быў губэрнатарам Іркуцкай вобласьці. Узначаліў Праўленьне Дзелавога савету Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). У 2012-2015 — генэральны сакратар ШАС.
- У 2012 годзе спрабаваў удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Расеі, але Цэнтарвыбаркам не зарэгістраваў яго праз недахоп сапраўдных подпісаў.
- З 2016 году праўстаўляў у Савеце Фэдэрацыі Сахалінскую вобласьць, дзе мясцовыя ўлады будавалі цалкам беларускую нанафэрму.
- Мезенцаў уваходзіў у склад камісіі пры Прэзыдэнце РФ у пытаньнях разьвіцьця інфармацыйнага грамадзтва; Савета пры Прэзыдэнце РФ па разьвіцьці фізычнай культуры і спорту, спорту вышэйшых дасягненьняў, падрыхтоўцы да правядзеньня XXII Алімпійскіх гульняў і XI Паралімпійскіх зімовых гульняў у Сочы.
Зарабіў 100 тысяч даляраў за год
- Паводле дэклярацыі, у 2018 годзе Мезенцаў зарабіў 6,2 млн расейскіх рублёў (96 тысяч даляраў), ягоная жонка – 50 тысяч даляраў. Яны валодалі аўтамабілямі Volkswagen Touareg і Volkswagen Phaeton, двума кватэрамі, жылым домам, двума зямельнымі ўнадзеламі.
- Доктар юрыдычных навук, кандыдат псыхалягічных навук.
- Чалец партыі «Адзіная Расея». Узнагароджаны ордэнам Пашаны, ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені, мэдалём «За будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі» і ордэнам Аляксандра Неўскага.
- Мае дачку і ўнука.