Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён рыхтаваўся да расчляненьня. Які перагляд справы?» Вярхоўны суд не задаволіў скаргу на сьмяротны вырак


Аляксандар Асіповіч
Аляксандар Асіповіч

Калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь 14 траўня адхіліла апэляцыйную скаргу асуджанага да сьмяротнага пакараньня жыхара Бабруйску Аляксандра Асіповіча.

Маці забітай Алесі сказала, што задаволеная рашэньнем суду.

Маці асуджанага сказала, што будзе змагацца за сына да канца. Яна зьбіраецца абскардзіць прысуд у парадку нагляду і зьвярнуцца ў ААН.

Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» кажа, што ў Асіповіча ёсьць усе падставы зьвяртацца ў Камітэт правоў чалавека ААН з скаргай на парушэньне ягонага права на справядлівае судовае разьбіральніцтва.

У Аляксандра Асіповіча ёсьць 10 сутак на падачу прашэньня аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Маці сказала, што ён гэтым абавязкова скарыстаецца.

Пра што прасіў асуджаны на сьмерць

Перад разглядам скаргі Аляксандар Асіповіч хадайнічаў перад судом аб правядзеньні новай комплекснай судова-псыхіятрычнай экспэртызы сябе.

Ён згадваў пра атрыманую раней траўму галавы, казаў, што раней яму не зрабілі тамаграфію мозгу, і прасіў суд адкласьці разгляд скаргі да правядзеньня экспэртызы.

Таксама абвінавачаны прасіў перакваліфікаваць ягоныя дзеяньні з забойства з асаблівай жорсткасьцю на забойства ў выніку перавышэньня неабходнай абароны. Аднак маці адной з ахвяр, Ніна Клімава, была супроць задавальненьня хадайніцтваў Аляксандра Асіповіча.

«Ён хоча жыць, але дзяўчаты таксама хацелі жыць»

Маці забітых дзяўчат
Маці забітых дзяўчат

​У перапынку ў судзе Ніна Клімава ў размове з карэспандэнтам Свабоды абуралася паводзінамі падсуднага Асіповіча:

«Пра якую экспэртызу ідзе гаворка? Яго ўжо прызналі псыхічна здаровым, а цяпер ён цягне час. Хіба можна яго лічыць хворым на галаву? Але, ён гэтак зьнявечыў маю дачку Алесю, што я хавала яе ў закрытай труне. І яе сяброўку таксама зьнявечыў. Але далей дзейнічаў вельмі мэтанакіравана: целы дзяўчын былі разьдзетыя і складзеныя ў ваннай. Ён рыхтаваў іх да расчляненьня, толькі не аказалася пакетаў, таму пайшоў у краму і набыў там пакетаў, а заадно і піўка. Гэтак на вуліцы, калі піў піва, яго і затрымаў патрульны нарад, які езьдзіў па раёне. Не затрымалі б тады, дагэтуль бы нічога не знайшлі, і забойствы працягваліся б», — сказала Свабодзе Ніна Клімава.

«Просім даць магчымасьць выкупіць віну працай»

Сваякі асуджанага Антаніна Асіповіч
Сваякі асуджанага Антаніна Асіповіч

У маці асуджанага Антаніны Асіповіч свая праўда пра тое, што рабіў яе сын пасьля забойства дзяўчын.

«Яго затрымалі каля пад’езда: сядзеў на лаўцы, піў піва. За гэта яго адвезьлі ў пастарунак, і ўжо там ён прызнаўся, што забіў. І ніякіх пакетаў для вынасу целаў ён не набываў. На рэшту зь піва набыў упакоўкі звычайных сьмецьцевых пакетаў пад вядро — акцыя была ў краме. Калі б былі патрэбны будаўнічыя пакеты, пайшоў бы ў суседнюю краму. Ніякага расчляненьня ён не рыхтаваў».

У судзе Антаніна Асіповіч спрабавала перадаць судзьдзям хадайніцтва, якое падпісалі ў абарону Аляксандра Асіповіча 40 ягоных суседзяў, сваякоў і знаёмых.

«Просім даць магчымасьць выкупіць віну працай», — напісана ў хадайніцтве. Але судовая калегія хадайніцтва не прыняла:

«Вы ня ўдзельніца працэсу. Трэба дзейнічаць паводле закону», — сказаў старшыня калегіі Руслан Аніскевіч. Раней, паводле Антаніны Асіповіч, яе хадайніцтва не прынялі ў Магілёўскім судзе.

Пазыцыя асуджанага: «Я абараняўся»

Аляксандар Асіповіч
Аляксандар Асіповіч

​Калегія Вярхоўнага суду хадайніцтвы Аляксандра Асіповіча адхіліла і перайшла да разгляду ягонай скаргі.

Прагучалі паказаньні Аляксандра Асіповіча з матэрыялаў справы. Паводле асуджанага, пацярпелыя дзяўчыны хацелі яго абрабаваць, а калі ён гэта ўбачыў, то зачыніліся ў ванным пакоі і патэлефанавалі ў міліцыю, каб зымітаваць напад на іх. Калі ён адчыніў ванную, пацярпелыя нібыта на яго напалі, а ён абараняўся. Пры гэтым усіх абставін падзей 20 ліпеня ён не памятае, бо быў нецьвярозым.

«На мяне напала з нажом Клімава, выхапіў нож і ўдарыў яе. Далей ня памятаю, што рабіў». Калі ачуўся і ўбачыў, што нарабіў, разьдзеў забітых, каб кроў не нацякла пад плітку«. Паўтарыў, што пасьля затрыманьня за расьпіцьцё піва сам у пастарунку напісаў яўку з павіннай. Працягваў сьцьвярджаць, што пацярпелыя першымі напалі на яго.

Сказаў, што не хацеў забіваць дзяўчат. Папрасіў прабачэньня ў іхнай маці і ва ўсіх.

Пра сябе расказаў, што з 10 гадоў застаўся бяз бацькі, які трагічна загінуў. Прыглядаў за малодшай сястрой як бацька. Рана пайшоў працаваць, бо ў сям‘і не хапала грошай. Быў тройчы судзімы, але ў зьняволеньні ўвесь час працаваў. «Люблю працаваць, не зьяўляюся ўдзельнікам ніякай злачыннай групы».

Сказаў, што «да жаночага полу ўвесь час ставіўся добра, ня крыўдзіў». Пры гэтым голас дрыжаў.

У канцы папрасіў перагледзець прысуд, перакваліфікаваць ягоныя дзеяньні на перавышэньне неабходнай абароны (артыкул 143 КК). Абаронцы Асіповіча таксама прасілі калегію ВС аб гэтым.

Пракурор прасіў не задавальняць скаргу Асіповіча і пакінуць прысуд яму бязь зьмены.

Паводле адвакаткі, Асіповіча ягоныя правы на папярэднім сьледзтве былі парушаныя. Таксама абаронца знайшла шэраг працэсуальных парушэньняў падчас сьледзтва. У прыватнасьці, што відэазапісы з крамы, дзе Асіповіч набываў пакеты, былі ўзятыя без адпаведнага дазволу.

Адвакатка Аляксандра Асіповіча
Адвакатка Аляксандра Асіповіча

Асіповіч у сваіх паказаньнях заявіў, што сьледчы адразу узяў кірунак на тое, што ён учыніў наўмыснае забойства. «А потым СМІ раздзьмулі справу як маглі. Мяне агаварылі і распалілі грамадзкую думку супраць мяне», — падсумаваў Аляксандр Асіповіч.

Ён згадаў, што пазнаёміўся зь дзяўчатамі ў кавярні, дзе піў піва, і сказаў, што не шукаў знаёмства. «Да мяне падышла Клімава Алеся, якая пачала навязваць сваё знаёмства. Потым пазнаёміліся і з другой дзяўчынай, Крысьцінай, і паехалі да мяне, хоць я іх не запрашаў».

Паводле яго, дзяўчыны справакавалі канфлікт зь ім, бо «зьневажалі і абзывалі». Ён нібыта спрабаваў іх выгнаць з кватэры, але яны замкнуліся ў ваннай. Таксама Асіповіч прызнаў, што выпіў больш за 8 літраў піва і 100 грамаў гарэлкі: «Я ня быў у той час нармальным».

На працэсе прысутнічае праваабаронца Алесь Бяляцкі (крайні справа ў першым шэрагу)
На працэсе прысутнічае праваабаронца Алесь Бяляцкі (крайні справа ў першым шэрагу)

Што казала маці забітай дзяўчыны

«У яе была раздробленая ўся галава. 77 удараў ён нанёс нажом. Хлопцаў з Аўганістану у лепшым стане прывозілі. Гэта зьвер у клетцы, і ён не раскаяўся», — сказала суду Ніна Клімава.

Таксама яна расказала абставіны забойства другой дзяўчыны:

«Я бачыла матэрыялы справы: ён забіў яе ззаду ўдарамі нажом і скронь і ў цемя. Яшчэ і правярнуў нож, каб пэўна забіць». Ніна Клімава лічыць, што сьмяротны прысуд Аляксандру Асіповічу быў вынесены справядліва. «Няма чаго на яго больш траціць грошы».

Асіповіч быў асуджаны на сьмерць у студзені 2019 году. Тады на выязным пасяджэньні Магілёўскага абласнога суду ў Бабруйску ён быў прызнаны вінаватым у двайным забойстве, учыненым пры абцяжлівых абставінах.

Двайное забойства ў Бабруйску

Каля 7 гадзін раніцы 20 ліпеня ў міліцыю Бабруйска патэлефанавала маладая жанчына. Яна прасіла аб дапамозе і паведаміла, што ёй пагражаюць. Жанчына сказала, што разам зь сяброўкай зачынілася ў ванным пакоі, а да іх спрабуе ўламацца мужчына. Пры гэтым жанчына не змагла назваць дакладны адрас, дзе яны знаходзяцца. Праз некалькі гадзін апэратыўнікі затрымалі 36-гадовага непрацуючага бабруйчаніна, а ў ванным пакоі знайшлі целы дзьвюх маладых жанчын, Крысьціны і Алесі, са сьлядамі гвалтоўнай сьмерці.

Цяпер у Беларусі чакаюць выкананьня сьмяротнага прысуду двое грамадзян Менску — Вячаслаў Сухарка і Аляксандар Жыльнікаў.

Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка першапачаткова былі асуджаныя на пажыцьцёвае зняволеньне ў сакавіку 2017 году за забойства трох чалавек у сьнежні 2015 году. У выніку дзеяньняў пракуратуры ў ліпені 2017 году Вярхоўны суд накіраваў справу на новы разгляд у суд ніжэйшай інстанцыі, які 20 студзеня 2018 г. прысудзіў абодвух абвінавачаных да смяротнага пакарання. Адвакат Жыльнікава прасіў правесьці паўторную судова-мэдыцынскую экспэртызу, каб даказаць яго невінаватасьць у двух з трох забойстваў. Адвакат таксама патрабаваў менш суровы прысуд. Абедзьве просьбы былі адхіленыя, і 30 траўня 2018 году Вярхоўны суд пакінуў сьмяротныя прысуды ў сіле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG