20 ліпеня ў Бабруйску здарылася падвойнае забойства — забітыя былі дзьве жанчыны 26 і 27 гадоў. Адна зь іх перад гібельлю пасьпела патэлефанаваць у міліцыю. Распавядаем, што стала вядома на гэты час.
У Бабруйску ў ванным пакоі кватэры знайшлі забітымі дзьвюх дзяўчат
Паводле міліцыі і Сьледчага камітэту, у ноч на 20 ліпеня дзьве бабруйчанкі бавілі час у адной з забаўляльных установаў гораду, дзе, як мяркуецца, і пазнаёміліся з 36-гадовым мужчынам. Пасьля яны разам паехалі на таксі да яго на кватэру. А 7-й раніцы адна з жанчын патэлефанавала ў міліцыю, крычала, прасіла дапамогі. Сказала, што яны зь сяброўкай зачыніліся ў ванным пакоі, а мужчына ім пагражае. Яна назвала вуліцу — Лынькова — і нумар кватэры. Але нумар дому не назвала, а нумар кватэры потым аказаўся няправільны.
Як сказалі Свабодзе жыхары дому, дзе здарылася трагедыя, нарад міліцыі спачатку паехаў з праверкай у суседнія дамы.
Шуневіч пра двайное забойства ў Бабруйску: «Асноўныя моманты злачынства ў паводзінах ахвяраў»
У гэты час у міліцыю прыйшоў яшчэ адзін званок — жыхары 37-га дому пачулі крыкі з вокнаў дому насупраць. Тады міліцыя прыехала на месца, ускрыла замкнёную кватэру і знайшла там у ванным пакоі целы дзьвюх жанчын. Празь нейкі час падазраванага затрымалі ў іншай частцы гораду.
Вядома імя адной з забітых — Крысьціна. Імя меркаванага забойцы — Аляксандар. Яму 36 гадоў. Паводле міліцыі, ён неаднаразова судзімы, у тым ліку за цяжкія злачынствы.
Суседзі кажуць, што ў кватэры на вуліцы Лынькова жыла ягоная маці-пэнсіянэрка. У час забойства яна была на лецішчы. Сын быў прапісаны разам зь ёю і меў ключы, але жыў у іншай частцы гораду. Паводле тутэйшых жыхароў, у кватэры нярэдка бывалі гучныя п’яныя пасядзелкі зь ягоным удзелам. Як сказала жыхарка суседняга пад’езду, у дзень перад забойствам Аляксандар быў на гэтай кватэры, хоць апошнім часам зьяўляўся тут рэдка.
«За што ў яго былі іншыя судзімасьці, я ня ведаю, — кажа яна. — А першы тэрмін ён атрымаў яшчэ падлеткам. У нашым пад’езьдзе абакралі падвал. Гаспадар падазраваў Аляксандра, выказаў яму ўслых усё, адбылася сварка. А празь некалькі дзён гаспадар сядзеў на лаўцы каля свайго пад’езду, а той падышоў і некалькі разоў пырнуў нажом. Наш сусед здолеў запаўзьці ў пад’езд, дзе яго падабралі й выклікалі хуткую — але празь нейкі час ён сканаў ад ран».
Цяпер меркаваны забойца ў ізалятары, яму зьбіраюцца прадʼявіць абвінавачаньне ў забойстве.