15 жніўня ў Ганцавіцкім раёне пахавалі двухмесячнага Кірыла Рабцэвіча, які памёр пасьля прышчэпкі. Яшчэ адна маленькая дзяўчынка Ўльляна Сукач цяпер у Баранавіцкім шпіталі. У Міністэрстве аховы здароўя створана адмысловая камісія, якая павінна высьветліць прычыны цяжкіх наступстваў. Бацькі немаўлятак у разгубленасьці, многія адмаўляюцца ад прышчэпак.
У Ганцавіцкім раёне пасьля прышчэпкі адно немаўля памерла, яшчэ адно ў рэанімацыі
«Дыфтэрыя можа вярнуцца, а коклюш сустракаецца даволі часта»
Дацэнт катэдры інфэкцыйных хваробаў і дзіцячых інфэкцый Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, кандыдат мэдычных навук, лекар-інфэкцыяніст вышэйшай катэгорыі Мікалай Галабародзька перакананы, што адмаўляцца ад прышчэпак наагул нельга. Ён кажа, што пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі.
«Мы ў Беларусі мелі сумны досьвед на пачатку 1990-х, калі ўзровень ахопу прышчэпкамі, напрыклад, ад дыфтэрыі і слупняку істотна зьнізіўся, і ў той час у нас былі выпадкі сьмерцяў і дзяцей, і дарослых ад дыфтэрыі. Калі перастаць прышчапляцца, усе гэтыя інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца», — кажа доктар-інфэкцыяніст.
Ва Ўкраіне сёлета было зафіксавана некалькі выпадкаў дыфтэрыі. Дыфтэрыя — гэта такая інфэкцыя, якой «быццам бы і няма, але яна вельмі хутка можа вярнуцца», кажа лекар.
Што да коклюшу, у Беларусі гэтая хвароба сустракаецца даволі часта.
«Гэтая інфэкцыя вельмі небясьпечная для дзетак да 1 году, бо прыступы кашлю могуць прывесьці да спыненьня дыханьня. І начныя прыступы з прыпыненьнем дыханьня могуць справакаваць сур’ёзныя наступствы.
Мінулай восеньню я бачыў двухмесячнае дзіця, у якога на фоне коклюшу адбылося прыпыненьне дыханьня, клінічная сьмерць. Мы яго вярнулі да жыцьця, і з пострэанімацыйнай хваробай ён даволі доўга знаходзіўся ў нас у клініцы. Калі казаць пра коклюш, ва ўсім сьвеце цяпер разглядаецца пашырэньне кантынгенту для прышчэпак, робяць дадатковыя прышчэпкі ад коклюшу ў 6 гадоў. І ў Беларусі гэтае пытаньне таксама абмяркоўваецца», — тлумачыць дацэнт БелМАПА Мікалай Галабародзька.
Паводле яго, Вялікая Брытанія была першая, а за ёй пацягнуліся і іншыя эўрапейскія краіны — прышчапляюць ад коклюшу і цяжарных жанчын, каб абараніць нованароджаных у першыя 2–3 месяцы жыцьця.
«Анафіляктычны шок можа разьвіцца непрадказальна, і ня толькі на прышчэпку»
Лекар-інфэкцыяніст Мікалай Галабародзька не камэнтуе апошні выпадак у Ганцавічах, таму што вынікаў, заключных высноў спэцыялістаў пакуль няма. Ён выказаў меркаваньне, што гэта мог быць анафіляктычны шок.
«Але калі гаворка ідзе пра анафіляктычны шок пасьля прышчэпкі, гэта зьвязана не з канкрэтнай прышчэпкай, а з індывідуальнай рэактыўнасьцю дзіцяці. І ў гэтага дзіцяці такі анафіляктычны шок мог выклікаць любы іншы лекавы прэпарат, і ня толькі ў іньекцыях, а і пры прыёме праз рот, а таксама праз харчовыя прадукты. То бок гаворка ідзе ня столькі пра канкрэтны прэпарат», — кажа Мікалай Галабародзька.
Паводле спэцыяліста, анафіляктычны шок можа не залежыць ад ступені ачысткі прэпарату, можа быць індывідуальнай рэакцыяй арганізму на «самы супэрачышчаны арыгінальны прэпарат, ня толькі на джэнэрык».
Чым карэйская вакцына «Эўпэнта» лепшая за расейскую АКДС
Раней дзетак прышчэплівалі прэпаратам АКДС — адсарбаванай вакцынай для прафіляктыкі коклюшу, слупняку і дыфтэрыі ў дзетак ад 3 месяцаў да 4 гадоў.
З гэтага году дзетак у Беларусі прышчэпліваюць у асноўным карэйскім прэпаратам «Эўпэнта» (вытворчасьці LG Chem).
Гэта камбінаваная пяцікампанэнтная вакцына, якую выкарыстоўваюць для прафіляктыкі дыфтэрыі, слупняку, коклюшу, віруснага гепатыту В і гемафільнай інфэкцыі. Прэпарат рэкамэндаваны Міністэрствам аховы здароўя Беларусі (ліст зь міністэрства ад 4 студзеня 2018 году № 6-18/58). У лісьце паведамляецца, што вакцына прайшла ўсе неабходныя выпрабаваньні на бясьпеку і эфэктыўнасьць і рэкамэндаваная Ўсясьветнай арганізацыяй аховы здароўя да шырокага выкарыстаньня. Вакцыну атрымліваюць дзеткі на першым годзе жыцьця тройчы.
Паводле лекара-інфэкцыяніста Мікалая Галабародзькі, пяцікампанэнтная вакцына зручнейшая — адным уколам уводзіцца некалькі антыгенаў, якія абараняюць адразу ад некалькіх інфэкцый.
«„Эўпэнта“, у адрозьненьне ад расейскага АКДС, які дагэтуль выкарыстоўваўся, абараняе яшчэ ад гемафільнай інфэкцыі і ад гепатыту В, — тлумачыць Мікалай Галабародзька. — Па-першае, гэта зьніжэньне колькасьці іньекцый для дзіцяці. І другі момант, які зараз актыўна абмяркоўваецца ў мэдычнай супольнасьці Беларусі, — гэта замена коклюшнага цэльнаклетачнага кампанэнту на бясклетачныя, і тут гаворка ідзе аб павышэньні бясьпекі».
Гэта не азначае, што цяперашнія вакцыны «нейкія супэрнебясьпечныя».
«Але новая вакцына дазваляе зьнізіць частату тэмпэратурных рэакцый пасьля вакцынацыі — гаворка ідзе пра гэта», — тлумачыць лекар-інфэкцыяніст Мікалай Галабародзька.
На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя дзецям, часова прыпынена.