Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінаватых у сьмерці немаўляці пасьля вакцынацыі «Эўпэнтай» не знайшлі 


Будынак шпіталя ў Ганцавічах
Будынак шпіталя ў Ганцавічах

Сьледчы камітэт завершыў праверку па факце сьмерці двухмесячнага дзіцяці пасьля правядзеньня плянавай вакцынацыі. Трагічны выпадак здарыўся ў Ганцавіцкім раёне ў жніўні 2018 году. Справа знаходзілася на кантролі старшыні камітэту Івана Наскевіча.

Па выніках праверкі стала вядома, што немаўля праходзіла плянавыя агляды лекарамі — нейкія адхіленьні разьвіцьця ці алергічныя рэакцыі выяўленыя не былі. Паталягічны працэс, які прывёў да крытычнага стану, разьвіўся хутка і непрадказальна, піша СК.

Камісіяй Міністэрства аховы здароўя выяўлены парушэньні з боку работнікаў мэдустановы (у прыватнасьці, бацькі дзіцяці не былі праінфармаваныя пра магчымыя пабочныя эфэкты). Да шэрагу супрацоўнікаў ужытыя дысцыплінарныя спагнаньні.

Пры гэтым сьледчыя не зафіксавалі прычыннай сувязі вакцынацыі са сьмерцю дзiцяцi; парушэньняў, зьвязаных непасрэдна з тэхнікай увядзеньня вакцыны, ня выяўлена.


Вакцыны «Імавакс Поліё» і «Эўпэнта», якія ўводзіліся дзіцяці, на момант вакцынацыі былі дазволеныя Мiнiстэрствам аховы здароўя Беларусі.

Згодна з высновай комплекснай фармакалягічнай і хімічнай экспэртызы, прычынай сьмерці дзіцяці стала поліарганная недастатковасьць, абумоўленая анафіляктычным шокам, на адэкватна прызначаныя і правільна ўведзеныя вакцыны.

Сьледзтва прыйшло да высновы аб адсутнасьці ў дзеяньнях службовых асобаў і супрацоўнікаў мэдыцынскіх устаноў складу злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі «Неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў мэдыцынскім работнікам» і «Службовая халатнасьць».

13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне пасьля плянавай вакцынацыі памёр двухмесячны хлопчык. Пасьля дзьвюх прышчэпак дзіця пачало задыхацца. Хлопчык памёр неўзабаве пасьля шпіталізацыі.

Паводле галоўнага ўрача Ганцавіцкага раённага шпіталя Вадзіма Сошкі, «хуткая» прыехала за кароткі час. Прышчэпку дзіцяці рабіў мэдыцынскі работнік з 30-гадовай практыкай, і «ніколі ніякіх нараканьняў не было».

Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць

  • 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі. Пазьней стала вядома, што ў траўні пасьля прышчэпкі «Эўпэнты» памерла чатырохмесячная дзяўчынка.
  • Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
  • Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
  • На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Карэйскую вакцыну «Эўпэнта» Мінздароўя закупіла замест расейскай АКДС у 2017 годзе.
  • Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
  • З нагоды публікацыяў «Ежедневника» Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру. Сьледчы камітэт тым часам правярае парадак закупкі, якасьць і сэртыфікацыю вакцыны, як таго ў пэтыцыі патрабавалі дзьве тысячы беларусаў.
  • 10% лекавых сродкаў трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
  • Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях. 29 жніўня Мінздароўя патлумачыла выкарыстаньне вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй».
  • Пасьля трагедыі ў Ганцавіцкім раёне і скандал з вакцынай сям’я зь Менску расказала пра сьмерць дачкі, якой таксама ўвялі карэйскую вакцыну «Эўпэнта».
  • Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў», у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG