Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант пракамэнтавала прызначэньне ў Беларусь новага расейскага пасла Дзьмітрыя Мезенцава, яе словы цытуе ТАСС.
«Я магу паўтарыць толькі тое, што казаў наш прэзыдэнт на гэтую тэму — у прыватнасьці, што гэта пытаньне кіраўніцтва Расеі. Вырашыў Уладзімір Уладзіміравіч [Пуцін] прызначыць новага пасла — мы не супраць », — сказала Эйсмант.
«Нічога дрэннага пра папярэдняга пасла сказаць не можам», — дадала яна.
Дзейнасьць папярэдняга амбасадара Міхаіла Бабіча ня раз крытыкаваў беларускі МЗС.
«Спадар пасол абсалютна не бачыць ніякай розьніцы паміж расійскай фэдэральнай акругай, дзе, як нам распавядалі, ён любіў раздаваць маралі налева і направа, і незалежнай дзяржавай», — так пра Міхаіла Бабіча казаў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
30 красавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прызначыў сэнатара ад Сахалінскай вобласьці Дзьмітрыя Мезенцава новым паслом Расеі ў Беларусі. Ягоны папярэднік Міхаіл Бабіч займаў гэтую пасаду трохі болей за 8 месяцаў.