Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю аб барацьбе з сэксуальным гвалтам падчас войнаў. Чаму Расея не падтрымала?


Штаб-кватэра ААН у Н'ю-Ёрку
Штаб-кватэра ААН у Н'ю-Ёрку

Рада бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю аб барацьбе з сэксуальным гвалтам падчас узброеных канфліктаў.

Яна падкрэсьлівае неабходнасьць расьследаваць падобныя злачынствы і аказваць ўсебаковую падтрымку і дапамогу пацярпелым жанчынам і дзяўчынам. За прыняцьцё рэзалюцыі прагаласавалі 13 чальцоў Рады, Расея і Кітай устрымаліся.

Гэта ня першы варыянт рэзалюцыі, які прапаноўваўся на разгляд Рады бясьпекі. У папярэдніх вэрсіях гаварылася аб аказаньні ахвярам мэдычных паслугаў, зьвязаных з «сэксуальным і рэпрадуктыўным здароўем» — меркавалася, што ў іх будзе магчымасьць аборту. Супраць уключэньня гэтага пункту ў дакумэнт выступілі ЗША і Расея, якая пагражала заблякаваць рэзалюцыю у адваротным выпадку.

«Нават не спрабуйце выставіць нас праціўнікамі барацьбы з сэкс-гвалтам у канфліктах, — папярэдзіў сталы прадстаўнік РФ ў Радзе Васіль Небензя. — Наша пазыцыя па гэтым пытаньні застаецца жорсткай і непрымірымай — гэта зло павіннае быць выкараненае. Але ў якасьці сталага чальца Рады бясьпекі ААН мы ня можам дазволіць выкарыстоўваць тэматыку сэкс-гвалту ў канфліктах, маніпуляваць ёю. Мы нясем адказнасьць перад міжнароднай супольнасьцю».

Паводле прэсавага рэлізу ААН, большасьць удзельнікаў пасяджэньня палічылі прыняты дакумэнт «прарывам» і спадзяюцца, што ён дапаможа «абараніць жанчын ад гвалту і дамагчыся для іх справядлівасьці», паведамляе Настоящее время.

За барацьбу з сэксуальным гвалтам падчас войнаў і ўзброеных канфліктаў у 2018 годзе ўручылі Нобэлеўскую прэмію міру. Ляўрэатамі сталі Дэні Муквеге і Надзія Мурад. Хірург Дэні Муквеге прысьвяціў сваё жыцьцё абароне ахвяраў сэксуальнага гвалту падчас вайны. Надзія Мурад пабывала ў палоне «Ісламскай дзяржавы», яна распавяла аб злачынствах, учыненых супраць яе і іншых вязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG