"Свабода ў турмах", частка 1
"Свабода ў турмах", частка 2
Турма і здароўе
Ці можа турма выратаваць ад нарказалежнасьці?
Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік:
+375 17 266-39-52.
У якасьці інфармацыі: па артыкуле 328 — захоўваньне ды распаўсюд наркотыкаў — у калёніі ўтрымліваецца 272 чалавекі, або 10% ад усіх асуджаных. Пасьля канцэрту некаторыя падышлі да вялікага плякату на сьцяне і паставілі на ім свой подпіс. Такім чынам яны сказалі «не» сваёй залежнасьці.
«Я б вельмі хацеў спадзявацца, што гэта ім удасца, — напісаў у сваім лісьце Сяргей Глушак. — Са свайго досьведу ведаю, як лёгка ня вытрымаць і сарвацца ды зноў зваліцца ў самую бездань».
Вось невялікая споведзь Сяргея.
«У 1993 годзе памёр мой бацька, у 2003-м — маці, у 2009-м — брат. Нікога зь іх я ня змог пахаваць. Бо ўвесь гэты час сядзеў. За наркотыкі. Аднойчы мяне, праўда, пасадзілі за крадзёж. Аднак прычына была ўсё тая ж. Я пачынаў з „травы“. Неўзабаве перайшоў да цяжкіх наркотыкаў.
Сёньня, цалкам адмовіўшыся ад іх, я раблю выснову: для таго каб сказаць „не“ гэтай атруце, трэба быць на працяглы пэрыяд ізаляваным ад звыклага асяродку, а па-другое, самае важнае, чалавеку неабходна перажыць і ўсьвядоміць свае страты як нешта цалкам незваротнае. Пераасэнсаваць сваё жыцьцё наркаману са стажам ізноў жа дапамагае атмасфэра ізаляцыі.
Для мяне такім месцам стала турма. Падобна як іншым наркаманам, якія трапілі ў рукі правасудзьдзя, гэтая ўстанова выратавала мне жыцьцё. Як і мае сябры па няшчасьці, я быў блізкі да летальнага выніку. Аднак я не хачу сказаць, што гэта абавязкова павінна быць яна. У ідэале, мяркуючы па тым, што я чытаю ў прэсе пра скандынаўскі досьвед, — гэта могуць быць лягеры, дзе з наркаманамі праводзіцца псыхалягічна-працоўная тэрапія. Прыняць рашэньне адносна такой тэрапіі можа толькі сам чалавек праз узважанае рашэньне. Калі гэта робіцца толькі ў выніку ціску ці просьбаў блізкіх людзей, станоўчага выніку ня будзе. Ламаюцца і ў такіх лягерах, дый у тых жа турмах. Нягледзячы на строгі вонкавы кантроль у падобных закрытых сыстэмах, наркотыкі могуць трапляць і сюды.
Калісьці даўно, у 1990-я, калі я сядзеў у іншай калёніі, мне нават перадавалі гераін. Гэта быў час, калі шмат што адкрыта куплялася ды прадавалася. Шляхі перадачы былі самыя розныя — пасылкі, спатканьні і г.д. Cёньня наркотыкі прысутнічаюць у зонах, але далёка не ўва ўсіх».
Пра тое, што спосаб перадаць наркотыкі за краты можна знайсьці і сёньня, паведаміў, тэлефануючы ў праграму, нядаўна вызвалены з калёніі Андрэй К. Ён перакананы, што ў сыстэме праваахоўных органаў ёсьць людзі, зацікаўленыя ў тым, каб колькасьць наркаманаў у краіне няспынна павялічвалася.
80% дзейных наркаманаў падчас ломкі назавуць наркадылерамі ня толькі сваіх сяброў па няшчасьці, але нават і маці, і дзіця, і жонку, і мужа..
«Калі людзі любяць грошы, нічога немагчымага для іх няма. Бо як гэтая сыстэма працуе? Пастаўленая пэўная задача з паказчыкамі па раскрыцьці наркатрафіку. Адпаведна, неабходна злавіць тых, каго можна прыцягнуць паводле артыкула 328. Ловяцца такія дылеры элемэнтарна. 80% дзейных наркаманаў падчас ломкі назавуць наркадылерамі ня толькі сваіх сяброў па няшчасьці, але нават і маці, і дзіця, і жонку, і мужа. У выніку гэтых спажывальнікаў наркаты, якія, акрамя залежнасьці, маюць яшчэ ВІЧ або іншыя цяжкія захворваньні, кідаюць на зону гадоў на 8. Вось так і робяцца перамогі.
На самой жа справе дастаткова пад’ехаць на тыя ж Жданы. На гэтым гандлёвым рынку поўна аптовых пунктаў, дзе гэтую атруту прадаюць тонамі. Калі ж кагосьці з аптавікоў затрымліваюць адны людзі з пасьведчаньнямі, неўзабаве ў пастарунку зьяўляюцца іншыя і вызваляюць гандляроў. Пра такое „крышаваньне“ сёньня ведаюць усе».
Ці згодныя вы з тым, што турма сапраўды можа выратаваць чалавека і грамадзтва ад наркотыкаў? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да мінакоў на вуліцах Гомелю.
Большасьць апытаных адмоўна адказалі на гэтае пытаньне. Адзін з рэспандэнтаў адзначыў, што беларускае грамадзтва ня мае імунітэту ад гэтай хваробы.
Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць. Турэмны Магілёў
У гэтай рубрыцы мы расказваем пра мінуўшчыну і цяпершчыну беларускіх астрогаў, а таксама знаёмім вас зь лёсамі іх вядомых сядзельцаў. Сёньня «Свабода ў турмах» накіруецца ў Магілёў. У 1918 годзе, у часы станаўленьня савецкай улады, тут здарылася адно зь першых у савецкай Беларусі палітычных забойстваў. У часы сталінскага тэрору бальшавікі перарабілі кляштар у перасыльную турму, а ў мясцовай вар’ятні забілі Цішку Гартнага. Тэму працягвае журналіст Андрэй Белагубаў.
Магілёў. Вуліца Архірэйскі вал, 1. Трохпавярховы будынак колішняга архірэйскага палаца. У 1918 годзе тут месьцілася гарадзкая ўправа чэкістаў. Да канца 1990-х на сьцяне будынка была шыльда з адпаведным надпісам. Цяпер яе няма. Зьнялі. Ганарыцца подзьвігамі «верных дзяржынцаў» цяпер ня надта выпадае.
Архірэйскі палац — у 1918 годзе ўправа ВЧК. У гэтым доме бальшавікі няволілі сьвятароў перад тым як забіць.
Узімку 1918 году на Магілёўшчыне супраць улады бальшавікоў паўстаў корпус польскіх легіянэраў пад камандаваньнем генэрала Юзэфа Доўбар-Мусьніцкага. Каб суняць, як бальшавікі яго называлі, мяцеж, у Магілёве арыштоўваюць ксяндза Яўгена Сьвятаполк-Мірскага і двух дзякоў. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў контррэвалюцыйным мяцяжы і ў яго падтрымцы.
«Быў выстаўлены ўльтыматум: „Калі не спыняецца гэты мяцеж, то праз 24 гадзіны затрыманы Сьвятаполк-Мірскі і дзякі будуць этапаваныя ў Пецярбург“. Была пагроза, што корпус прыйдзе і сюды, у Магілёў. Да таго ж была пагроза й замежнай інтэрвэнцыі. Наступалі немцы. Яны, дарэчы, былі тут, у Магілёве, праз два тыдні, як арыштавалі ксяндза», апавядае сябра магілёўскага клюбу каталіцкай інтэлігенцыі Сяргей Аношка.
Сьвятароў зьняважылі, забілі, а іх целы панявечалі
Трымалі сьвятароў у сутарэньнях управы чэкістаў, у згаданым архірэйскім палацы. Сядзеў Сьвятаполк-Мірскі ў звычайнай камэры разам зь іншымі арыштантамі.
«Ён быў ня толькі сьвятаром — ён быў арыстакратам, князем. Зьмясьціць арыстакрата і князя ў такія жорсткія ўмовы — бо згадвалі, што там і вошы былі, і адсутнасьць элемэнтарнага харчаваньня, — зразумела, гэта псыхалягічна адбівалася на іншых. Некалькі месяцаў прайшло, як саветы дарваліся да ўлады, яны адчувалі сваё панаваньне».
Ультыматум бальшавікоў Доўбар-Мусьніцкі не прыняў. Затрыманых сьпешна паставілі пад суд. Віну іх так і не даказалі. Надвячоркам 28 лютага сьвятароў вывезьлі на ўскраіну Магілёва й забілі, целы зьнявечылі. Пахавалі сьвятароў 13 сакавіка, калі горад перайшоў пад уладу немцаў.
Аношка: «Гэта было палітычна-духоўнае забойства, якое выклікала перасьлед усіх іншых сьвятароў. На пачатак вайны тут ужо не было ні каталіцкіх, ні пратэстанцкіх сьвятароў. Дзе-нідзе яшчэ былі праваслаўныя».
У праваслаўнай Ануфрыеўскай царкве Сьвята-Мікалаеўскага манастыра Магілёва гартаю кнігу, прысьвечаную яго гісторыі. Трохсотгадовую сьвятыню ад 1937 да 1941 году савецкая ўлада выкарыстоўвала як перасыльную турму. Зьвестак пра яе ў даступных крыніцах няшмат. У кніжцы «Сьвята-Мікалаеўскі жаночы манастыр» гэтаму пэрыяду адведзеныя тры старонкі. Як зь іх вынікае, у 1991 годзе падчас земляных прац на тэрыторыі манастыра знайшлі чалавечыя парэшткі. У чарапах зеўралі кулявыя адтуліны.
«Чарапы ў нас захоўваюцца ў пахавальні. Там чытаюць сёстры Псалтыр і там, у сутарэньні, знаходзіцца больш за сто чарапоў. Калі быў рамонт сабору, тады й знайшлі гэтыя пахаваньні. Потым рабілі запыт у аблвыканкам — нам, зразумела, нічога не сказалі. Многія, аднак, прыходзяць і пацьвярджаюць, што гэта праца НКВД», — апавядае адна з манашак.
У верніцы цікаўлюся, ці ёсьць зьвесткі пра колькасьць людзей, якіх утрымлівалі ў вязьніцы, і колькі было забіта. Суразмоўніца адказвае, што манастыр такімі зьвесткамі не валодае:
«Знайшлі толькі сто тры чарапы пад фундамэнтам і яшчэ 12 у алтарнай частцы, у храме. Мы молімся, калі на Дзяды, аб гэтых людзях як аб бязьвінна забітых».
Пра забойствы НКВД ведаюць толькі тыя манастырскія
На старонцы кніжкі з красамоўным нумарам 37 пазначана, што дазволу пахаваць знойдзеныя чалавечыя парэшткі на гарадзкіх могілках гарвыканкам ня даў. Іх паводле праваслаўнага абраду пахавалі на тэрыторыі манастыра. Пазьней узьвялі й каплічку.
Ці ведаюць жыхары прылеглых да Сьвята-Мікалаеўскага манастыра дамоў пра тое, што адбывалася на тэрыторыі сьвятыні ў часы сталінскіх рэпрэсіяў?
Спадарыня сталага веку: «Такіх размоваў у нас няма. Каму іх весьці? Мы ўжо павінны пераказваць. Паўміралі ўсе. Старыкі цяпер адыходзяць, а яны ў курсе ўсяго былі».
Спадар: «Я ведаю, што калі плот узводзілі вакол царквы мураваны, там столькі чарапоў адкапалі зь дзіркамі, а пра турмы ня ведаю нічога».
Спадар: «Там жа немцы расстрэльвалі. Можа, і НКВД. Калі малы быў, дык лазіў у гэтую царкву. Занядбаная яна была. Рыштаваньні на ёй былі. Тады ж камунізм быў. Наша мэта была — камунізм».
Спадарыня сталага веку: «Ведаем тое, што гаварылі ў храме. Тыя, хто ня ходзіць у храм, яны й ня будуць ведаць».
Пабыць у самім кляштары, каб пабачыць манаскія кельлі, у якіх восемдзесят гадоў таму няволіліся «ворагі народу», не ўдалося. Дасьледнік сталінскіх рэпрэсіяў, гісторык Ігар Кузьняцоў зазначае, што рэжым утрыманьня вязьняў у пераробленай на турму сьвятыні мала чым розьніўся ад іншых падобных устаноў у Беларусі:
«Ува ўсіх такіх турмах агульны рэжым быў прыкладна аднолькавы. Перасыльная турма, яе прызначэньне было — пры арыштах утрымлівалі, а потым, каго на „этап“ — этапавалі ў глыб, а каго на „тройку“ — паводле выраку „тройкі“ нікуды не вывозілі, а ў Магілёве, там жа, расстрэльвалі».
Чаму сьвятыні перароблівалі ў турмы, пытаюся ў гісторыка.
«Любыя манастырскія сьцены — яны зручныя з гледзішча ўтрыманьня. Кельлі, дапусьцім: краты паставіў — вось табе й турма. Тоўстыя сьцены, унутраныя двары. У сутарэньнях маглі яшчэ й расстрэльваць. Сьцяны ж такія, што гукаў не чуваць».
Сьмерць Цішкі Гартнага не самазабойства, а забойства
Сваю старонку ў гісторыю гарадзкога нявольніцкага летапісу ўпісала й Магілёўская псыхіятрычная лякарня. Тут пры канцы трыццатых гадоў мінулага стагодзьдзя ўтрымлівалі пісьменьніка й грамадзкага дзеяча, першага старшыню беларускага савецкага ўраду Цішку Гартнага.
Ігар Кузьняцоў: «Ён жа спачатку ўтрымліваўся ў „амэрыканцы“. Ад катаваньняў, зьдзекаў, якія былі тут падчас сьледзтва, у яго былі спробы скончыць жыцьцё самагубствам, няўдалыя. Ён даў паказаньні на ўсіх, каго хацелі. Улічваючы яго стан, што ён ня мог нікуды ўцячы, палічылі, што дастаткова трымаць яго ў псыхіятрычнай лякарні ў Магілёве».
У лякарні Зьміцер Жылуновіч прабыў нядоўга — чатыры дні. З афіцыйнай вэрсіяў таго, што ён забіў сябе сам, гісторык Ігар Кузьняцоў не згаджаецца.
«У сьледчых матэрыялах напісана: «Ён лёг на падлогу, узьняў жалезны ложак і ножку ложка паставіў сабе ў рот, і такім чым зьдзейсьніў самагубства. Па ўсіх заключэньнях ён ня быў здольны на якое-небудзь фізычнае самагубства. Сто працэнтаў гэта было зроблена супрацоўнікамі НКВД. Гэта быў знакавы чалавек у беларускай гісторыі, і пакідаць яго жывым і пры розуме — гэта было ня ў стылі НКВД».
Зьміцер Жылуновіч загінуў 11 красавіка 1937 году. Месца яго пахаваньня невядомае. Пры канцы дзевяностых мінулага стагодзьдзя актывісты адраджэнскіх суполак Магілёва ўсталявалі крыж непадалёк ад лякарні. Гэта лічыцца сымбалічным месцам пахаваньня Цішкі Гартнага.
«Гэта ж потым стала традыцыяй у савецкі час, калі ў турму садзіць было нібыта неэтычна, — ізаляваць у псыхіятрычную ўстанову. Як дысыдэнты многія адседзелі — гэта было працягнута», падсумоўвае гісторык Ігар Кузьняцоў.
У якім будынку лякарні правёў апошнія дні Жылуновіч, невядома. Зрэшты, сёньня са старых будынкаў ацалеў толькі адзін. У ім фашысты ўжо ў 1940-х гадах загубілі некалькі сотняў пацыентаў лякарні.
Гісторыя нявольніцкага летапісу Магілёва часоў савецкага тэрору яшчэ чакае сваіх дасьледнікаў. Згаданыя факты — гэта толькі некаторыя са старонак гэтай гісторыі. Усе сучасныя турмы ў Магілёве збудаваныя ў шасьцідзясятыя ды сямідзясятыя гады. У іх свая гісторыя. Пра яе ў наступнай праграме «Свабода ў турмах».
Турма і здароўе
Апошнімі днямі ў незалежных СМІ зьявіліся сьведчаньні палітвязьняў пра пагрозы ўжываньня ў дачыненьні да іх сэксуальнага гвалту ў выпадку, калі яны ня выканаюць патрабаваньняў адміністрацыі. Пра падобныя запалохваньні згвалтаваньнем напісала да нас у праграму і маці аднаго з асуджаных Мазырскай калёніі.
Запалохваньне згвалтаваньнем
Трэба сказаць, што мы і раней закраналі ў нашых перадачах тэму сэксуальнага гвалту ў турмах. Усякі раз на форуме Свабоды можна было ўбачыць катэгарычныя заявы былых зьняволеных са значным турэмным стажам адносна таго, што ў беларускіх турмах нібыта сэксуальнага гвалту няма. «У Беларусі ў крымінальным сьвеце забаронена апускаць «по беспределу», сьцьвярджаў у сваім камэнце Валекс (Валеры Буяк), які ў свой час правёў шмат гадоў за кратамі.
Сёньня разам з журналісткай Тацянай Поклад мы ізноў вяртаемся да гэтай тэмы.
Беларуская турэмная сыстэма пабудаваная на старых савецкіх турэмных традыцыях, і тут па-ранейшаму лічыцца, што прыніжэньні ў няволі чыняць дзеля перавыхаваньня. Адным са спосабаў такога «перавыхаваньня» быў і застаецца сэксуальны гвалт у турме і своеасаблівая каставая сыстэма, грунтаваная на сэксуальным гвалце — згвалтаваныя пераходзяць у ніжэйшую касту.
Насамрэч турэмная адміністрацыя зацікаўленая ў каставай сыстэме і сэксуальным гвалце мужчын над мужчынамі ня дзеля іх перавыхаваньня, зразумела, а ў якасьці сродку жорсткага кіраваньня і здушэньня спробаў пратэставаць ці адстойваць свае правы, а ў часе сьледзтва — дамагацца такімі пагрозамі патрэбных прызнаньняў. Бо, каб чалавека зламіць, часам дастаткова бывае толькі пагрозы зрабіць яго «апушчаным» — а часам трэба і выканаць гэтую пагрозу. А далей дзейнічаюць правілы паводзінаў і абыходжаньня з адпаведнымі катэгорыямі вязьняў — своеасаблівымі кастамі, якія ўсталяваліся дзясяткі гадоў таму.
Андрэй Бандарэнка, кіраўнік ініцыятывы ў падтрымку і абарону правоў асуджаных — грамадзкага аб’яднаньня «Плятформа», які сам правёў два гады за кратамі, тлумачыць:
Адміністрацыя сама па сабе яшчэ ў часы СССР спрыяла таму, каб зэкі самі сябе кантралявалі.
«Tэма даволі датклівая, таму што трэба браць пад увагу, што самі гэтыя паняцьці — „апушчаныя“, „адсаджаныя“, — як і ўсе правілы паводзінаў на зоне, — яны фармаваліся даволі доўга і мелі дастатковую падтрымку адміністрацыі. То бок адміністрацыя сама па сабе яшчэ ў часы СССР спрыяла таму, каб зэкі самі сябе кантралявалі. Тады ў асноўным у турмах сядзелі людзі, якія ўчынілі сур’ёзныя правапарушэньні, і яны ўяўлялі сабой пагрозу. Таму, калі ня будзе парадку на зоне ў асяродзьдзі саміх зьняволеных, іх было б досыць складана кантраляваць: бальшыня зь іх — гэта забойцы, гвалтаўнікі, злодзеі, хітрыя, спрытныя, — таму сама адміністрацыя ня здолела б утрымаць кантроль на зоне, і сталі зьяўляцца так званыя „смотрящие“, якія культывавалі ўсе гэтыя правілы. І яны настолькі прыжыліся, што для кожнага зэка, які туды трапляе, гэта закон, і яму нават яшчэ ў СІЗА распавядаецца, што можна рабіць, чаго нельга».
Сэксуальнае рабства ў беларускіх турмах
Ніжэйшыя бяспраўныя касты — катэгорыі «адсажаных», «апушчаных», «обиженных» («пакрыўджаных») і «петухов» («пеўняў») , як і турэмны мужчынскі сэкс — усё гэта ёсьць у непісаных законах беларускіх пэнітэнцыярных установаў для мужчын, дзе зь ведама і дазволу адміністрацыі існуе і прастытуцыя, і своеасаблівыя гарэмы. Гэта ня проста праблема гвалту, а праблема сэксуальнага рабства ў беларускіх турмах, як фармулююць гэта ў грамадзкім аб’яднаньні «Плятформа».
Зьняволеных, якіх залічваюць да пэўных катэгорыяў, прымушаюць да сэксу. Але самі зьняволеныя гэта не называюць гвалтам, таму і гучаць цьверджаньні, што сэксуальнага гвалту ў беларускіх турмах нібыта няма, бо «ў Беларусі не «апускаюць» «по беспределу».
Колішні асуджаны Івацэвіцкай калёніі № 5 Зьміцер Каляда:
«Ну, ня ведаю, тэма вельмі датклівая. Адмыслова ніхто нікога не гвалтуе, але ёсьць такія, якія знаходзяцца зусім на ніжэйшым узроўні. Так, бадай, шмат такіх „обиженных“, але хто гэтым займаецца — няшмат, можа, працэнтаў 5 якіх хіба. Я ня ведаю, як вам усё гэта патлумачыць, для мяне гэта ўсё вельмі няправільна — такія размовы пра гэта».
Табу: у беларускіх турмах — ні сэксу, ні гвалту?
«Гэтая тэма для вязьняў табу, але я добра ведаю становішча раней і цяпер, нічога не зьмянілася. Гэтая тэма — самая моцная зброя адміністрацыі турмаў, і ніякія катаваньні ня зробяць таго, чаго можна дасягнуць, проста пасадзіўшы вязьня ў камэру з «апушчанымі», то бок зь «пеўнямі», — напісаў мне адзін са сталых удзельнікаў праграмы, былы зьняволены, які цяпер дапамагае вязьням падаваць скаргі на парушэньні іх правоў, Валеры Савянкоў зь Вільні.
Мы яшчэ будзем вяртацца да таго, чаму так супярэчліва і часьцяком няўцямна распавядаюць былыя зьняволеныя пра сэксуальны гвалт у мужчынскіх турмах.
Але цьвердзіць, што ў беларускіх турмах сэксуальнага гвалту як бы і няма, больш ужо немагчыма — столькі зьявілася доказаў, сьведчаньняў, заяваў. У іх ліку нядаўнія цьверджаньні палітвязьняў — Мікалая Статкевіча, Зьмітра Новіка, Аляксандра Класкоўскага.
Дачка Мікалая Статкевіча — Кацярына Статкевіч распавяла, што бацька ў часе тэлефоннай размовы са Шклоўскай калёніі 14 верасьня расказаў, што да яго шмат разоў зьвярталіся, каб ён напісаў Лукашэнку просьбу аб памілаваньні, а цяпер ён застаўся адзіным палітычным у Шклоўскай калёніі, бо астатнія былі вымушаныя падпісаць просьбы аб памілаваньні, таму што ім пагражалі згвалтаваньнем.
Гэта пацьвердзілі на другі дзень іншыя палітзьняволеныя Шклоўскай калёніі, якіх вызвалілі — Зьміцер Новік і Аляксандар Класкоўскі. У інтэрвію «Эўрарадыё» Аляксандар Класкоўскі заявіў, што ў калёніі яму пагражалі згвалтаваньнем, калі ён адмовіцца падпісваць прашэньне аб памілаваньні:
«Так, так. Там болей, як я зразумеў, вырашылі празь іншых зьняволеных дзейнічаць. У розных калёніях ёсьць розныя людзі. Пакараньне празь іх, скажам так….».
Андрэй Бандарэнка з грамадзкага аб’яднаньня «Плятформа»: «Я ведаю, што такія спосабы ўжываліся і супраць пэўных палітвязьняў, — я не магу называць імёны, прынамсі, пакуль, — якім пагражалі ператварыць іх у „адсаджаных“, каб такім чынам дамагчыся, каб яны падпісалі просьбу аб памілаваньні на адрас прэзыдэнта».
«Адсаджаныя» — пераходная катэгорыя
Што такое катэгорыя «адсаджаных» паводле турэмных законаў?
Андрэй Бандарэнка: «Трэба ясна разьдзеляць гэтыя паняцьці — „апушчаныя“, „адсаджаныя“, „пакрыўджаныя“ і тое, што на зоне называецца „пеўнямі“. Калі чалавек належаў на волі да нетрадыцыйнай арыентацыі, і таксама ёсьць там пэўныя нюансы ў дачыненьнях з жанчынамі, якія ён меў на волі, — тады ён трапляе ў катэгорыю „адсаджаных“. Гэта людзі, зь якімі нельга весьці агульную гаспадарку ў калёніі, есьці зь імі за адным сталом, піць гарбату, браць у іх нешта. У той жа час зь імі кантактуюць, размаўляюць. Такім чынам, „адсаджаныя“ — гэта катэгорыя людзей, якія знаходзяцца ў пераходным стане. На іх ляжыць пячатка падазрэньня, што, магчыма, яны — „пеўні“, і ідзе такі своеасаблівы разбор».
Зьміцер Каляда, былы вязень: «Яны сядзяць асобна. На „Валадарцы“ ёсьць камэра альбо дзьве, здаецца, для такіх катэгорыяў, дзе яны сядзяць, а частка сядзіць разам зь іншымі ў агульных камэрах».
У беларускіх турмах паміраюць ад сэксуальнага рабства
Трапіць у катэгорыю «пеўняў» — гэта азначае сэксуальнае рабства і магчымую гвалтоўную сьмерць.
Андрэй Бандарэнка: «Грамадзкая ініцыятыва „Плятформа“ толькі пачала працу. Яшчэ няма трох месяцаў, як пачалася праца. І мы ў асноўным працуем на сёньняшні дзень супраць катаваньняў у калёніях і СІЗА, але ўжо маем шмат прыкладаў, выпадкаў, шмат матэрыялу. Мы ставілі для сябе адным з пытаньняў і ўздымаць праблему сэксуальнага рабства, як мы яго называем. Мы маем прыклады, калі людзі, якіх зрабілі „пеўнямі“, перажывалі страшныя рэчы, і мы ведаем выпадак, калі чалавек памёр у калёніі ў выніку таго, што яго зрабілі „пеўнем“ і як зь ім абыходзіліся, а адміністрацыя проста закрыла на ўсё вочы і чакала, пакуль чалавек не памрэ. І гэта не адзінкавы выпадак, такіх трагічных здарэньняў досыць шмат».