Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскую прэмію міру атрымалі змагары з сэксуальным гвалтам падчас вайны


Ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру за 2018 год сталі праваабаронца з Іраку Надыя Мурад і лекар з Конга Дэніс Муквэге.

Яны атрымалі ўзнагароду за барацьбу з сэксуальным гвалтам у ваенных канфліктах.

Нарвэскі нобэлеўскі камітэт ў Осла, які прысуджае Нобэлеўскую прэмію міру, адзначыў, што Муквэге і Мурад узнагароджаныя «за іх высілкі пакласьці канец выкарыстаньню сэксуальнага гвалту як зброі ў вайне і ўзброеным канфлікце».

Надыя Мурад належыць да этнаканфэсійнай групы языдаў — курдаў, якія вызнаюць рэлігію пад назвай языдызм і пражываюць у паўночным Іраку. У 2014 годзе, калі ёй быў 21 год, Мурад выкралі баевікі «Ісламскай дзяржавы» ў сэксуальнае рабства разам з тысячамі іншых жанчын і дзяцей. Пасьля трох месяцаў у няволі ёй удалося зьбегчы і выехаць у Нямеччыну. З таго часу яна стала праваабаронцам языдаў, зьвяртаючы ўвагу міжнароднай супольнасьці на праблемы сэксуальнага зьняволеньня і гандлю людзьмі. У верасьні 2016 яе прызначылі амбасадарам добрай волі ААН у пытаньнях годнасьці ахвяраў гандлю людзьмі. А ў кастрычніку 2016 Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прысудзіла ёй прэмію імя Вацлава Гаўла.

Дэніс Муквэге — доктар-гінэколяг з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, заснаваў шпіталь для ахвяраў сэксуальнага гвалту. У 2012 годзе ўзброеныя людзі ўзялі ў закладнікі ягоную жонку і дачку ў ягонай кватэры. Самога доктара спрабавалі забіць. Выратаваў сям’ю ахоўнік, які загінуў. У 2014 Муквэге атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава за свабоду думкі.

На Нобэлеўскую прэмію міру ў гэтым годзе былі намінаваныя 217 чалавек. У мінулым годзе ўзнагароду атрымала Міжнародная кампанія па забароне ядзернай зброі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG