Арганістка з полацкага Сафійскага сабору Ксенія Пагарэлая першая і пакуль адзіная зь беларускіх музыкаў выступала з канцэртам у саборы Парыскай Божай Маці. 15 сакавіка архітэктурны помнік ахапіў пажар. Пакуль няма дакладнай інфармацыі пра лёс тамтэйшага аргана — аднаго з найвялікшых і самых вядомых у сьвеце.
— Зь якім адчуваньнем вы сачылі за пажарам у Notre-Dame? — спыталі мы ў Ксеніі Пагарэлай.
— Калегі паведамілі мне, што адбываецца такая катастрофа, і я адразу ўлучыла Euronews, учора і сёньня раніцай глядзела. Я лічу, што гэта трагедыя, якая незразумела як магла адбыцца.
Пакуль яшчэ нічога не паведамлялася пра арган. Экспэрты толькі павінны пачаць ацэньваць страчанае. У сеціве ўжо напісалі, што арган згарэў. Але з таго, што я глядзела па тэлебачаньні, я сумнявалася.
Арган якраз знаходзіцца ў частцы зь вялізнымі вежамі (з боку званіц), дзе меней за ўсё гарэла. Але ад тэмпэратуры маглі, напрыклад, дэфармавацца трубы. Будзем спадзявацца, што нанесеная мінімальная шкода.
Але ў цэлым гэтая вялікая страта ня толькі для Эўропы, але і для ўсяго чалавецтва. Гэта ж бясконцая плынь турыстаў! Гэта сталая цікавасьць і да гістарычных каштоўнасьцяў, да самога сабора, яго архітэктуры і музычных вечароў.
— Чым адметны арган у Нотр-Дам, пра які вы згадваеце?
— Гэта гістарычны інструмэнт знакамітага францускага майстра 19 стагодзьдзя Кавайе-Коля. Гэта найлепшы ўзор яго творчасьці, рамантычны арган, які мае 110 рэгістраў і больш за 7 тысяч труб. Гэта ўнікальны інструмэнт, магутны і ў той жа час вельмі разнастайны па тэмбравым гучаньні. На ім гралі вялікія арганісты і францускія кампазытары.
Арган майстра Кавайе-Коля — гэта як скрыпка Страдывары. І тое, што ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі ён, хутчэй за ўсё, гучаць ня будзе, вельмі сумна.
— Вы выступалі з сольным канцэртам у саборы ў кастрычніку 2015 году. Як ён праходзіў і якія вашы ўражаньні?
— Гэта быў адзін з суботніх канцэртаў, адкрытых для публікі. Незабыўнае адчуваньне ад фантастычнага гучаньня інструмэнта, ад акустыкі сабору. Гісторыя храма ня можа ня ўзьдзейнічаць эмацыйна. Таму ўсё разам зьлівалася ў такі вельмі насычаны, эмацыйны пад’ём.
Нягледзячы на тое, што ў залі было каля дзьвюх тысяч наведнікаў, увесь час там людзі таксама ходзяць у галерэях. Разам з тым было вельмі ціха. І калі зьявіліся аплядысмэнты, я выйшла на паклон і ўбачыла поўны сабор турыстаў, слухачоў, і было вельмі прыемна.
— А якая ў вас была праграма, што вы гралі ў тым канцэрце?
— Там абавязкова хочацца сыграць сымфанічную рамантычную музыку Францыі. Таксама грала творы беларускай кампазытаркі Ганны Кароткінай, што мела посьпех. Таксама рамантычную музыку Пэрсі Флэтчэра і абавязкова Ёгана Сэбасьцьяна Баха. Праграма невялікая, адмыслова агаворваецца, што яна не павінна перавышаць 37–38 хвілін, бо яшчэ патрэбен час на падрыхтоўку, пераключэньні. Перад канцэртам арганіста прадстаўляюць.
Спачатку арганізатары прапануюць выканаўцу даслаць дзьве праграмы, яны выбіраюць адну і запрашаюць на выступленьне.
Якраз у 2014 годзе толькі скончылася рэканструкцыя аргана, два гады ён быў закрыты. Агулам я чакала гэтага канцэрту тры гады.
— То бок выступіць у Нотр-Дам — гэта прэстыжна?
— Гэта гонар і прэстыж — трэба ж яшчэ прайсьці конкурс. Трэба даслаць біяграфію, бо ім вельмі важна, каб музыка быў тытулярным арганістам, каб служыў у храме, то бок быў пры ўласным аргане. Я была вельмі рада, што мяне абралі і запрасілі.
Я ўжо бачыла фатаздымкі з ранейшых канцэртаў у Нотр-Дам, якія выкладваюць у фэйсбуку мае калегі-арганісты. Цяпер усе чакаюць навінаў, усе сочаць, якая ўсё ж шкода нанесена сабору Нотр-Дам, што паддаецца аднаўленьню.