Францускія мільярдэры ўжо ахвяравалі 300 мільёнаў эўра на рэстаўрацыю сабора Парыскай Божай Маці, які напярэдадні моцна пацярпеў ад пажару.
Сям'я францускага бізнэсоўцы-мільярдэра Бэрнара Арно і яго кампанія LVMH (француская транснацыянальная кампанія, вядомы вытворца прадметаў раскошы пад гандлёвымі маркамі Louis Vuitton, Givenchy, Guerlain, Chaumet, Moët & Chandon, Hennessy і інш.) ахвяруюць 200 мільёнаў эўра, каб дапамагчы адрамантаваць парыжскі сабор Нотр-Дам, гаворыцца ў заяве, зробленай ад імя Арно, паведамляе Reuters.
«Сям’я Арно і група LVMH хацелі б прадэманстраваць сваю салідарнасьць падчас нацыянальнай трагедыі і аб’яднацца, каб дапамагчы аднавіць гэты незвычайны сабор, які зьяўляецца сымбалем Францыі, яе спадчыны і францускага адзінства», — сказана ў заяве.
Пра ахвяраваньне 100 млн эўра на рэстаўрацыю сабору таксама заявіў францускі мільярдэр Франсуа-Анры Піно.
«Гэтая трагедыя, якая закранае усіх французаў. Усе хочуць як мага хутчэй аднавіць гэтую каштоўнасьць нашай агульнай спадчыны», — заявіў Піно. Сродкі выдзеліць кампанія Artemis, якая належыць мільярдэру, паведамляе DW.
Пажар у саборы Парыскай Божай Маці пачаўся напярэдадні вечарам і працягваўся дзевяць гадзін. Паводле папярэдніх дадзеных, прычынай узгараньня сталі рамонтныя работы. У выніку пажару абрынуліся шпіль і дах сабора. Пажарнікам удалося выратаваць каркас Нотр-Дама.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон паабяцаў, што сабор будзе адноўлены. Ён заявіў, што пажарным удалося пазьбегнуць найгоршага разьвіцьця падзей — абвальваньня сьцен храма.
Хто яшчэ дапаможа аднаўляць сабор
Францускі фонд захаваньня культурнай спадчыны заявіў, што адкрые сайт для збору сродкаў на рэстаўрацыю сабора. Грошы пачалі зьбіраць на краўдфандынгавых плятформах, ужо ў першыя гадзіны пасьля пажару толькі на адной зь іх было сабрана 12 тысяч даляраў. Пазьней адпаведны разьдзел «Выратуем Нотр-Дам» зьявіўся на сайце фонду. Карыстальнікам прапануецца зрабіць унёсак на суму ад 50 да 500 эўра — ці ўказаць любую іншую суму на выбар.
Нью-ёркскае Таварыства францускай спадчыны і краўдсорсынгавая плятформа Gofundme прапанавалі таксама дапамагчы сабору. «Нотр-Дам, несумненна, архітэктурны шэдэўр і помнік, які, безумоўна, неабходна аднавіць», — заявіла выканаўчая дырэктарка таварыства Джэніфэр Герлайн.
Герлайн не змагла паведаміць, колькі сродкаў сабрала яе арганізацыя ў панядзелак. Летась таварыства выдзеліла два гранты на агульную суму больш як $ 430 тысяч на праекты, зьвязаныя з рэстаўрацыяй Нацыянальнай бібліятэкі Францыі.
У Арганізацыі ААН па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры (UNESCO) таксама заявілі, што сочаць за сытуацыяй з саборам Парыскай Божай Маці пасьля пажару 15 красавіка і абяцаюць спрыяць у аднаўленьні помніка.
У Эўразьвязе гатовыя надаць любую дапамогу Францыі ў сувязі з пажарам у рамках мэханізму грамадзянскай абароны — выратавальную тэхніку, транспарт, спэцыялістаў, мэдпэрсанал і іншыя рэсурсы.
Сабор Парыскай Божай Маці — адзін з найбольш вядомых у сьвеце помнікаў архітэктуры. Штогод яго наведваюць 13 мільёнаў чалавек.