Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нясьвіскі замак, Мірскі замак і ня толькі. Якія гістарычныя аб’екты гарэлі ў Беларусі


Мірскі замак, архіўнае фота
Мірскі замак, архіўнае фота

У Парыжы часткова згарэў сабор Парыскай Божай Маці, унікальны помнік архітэктуры, якому 850 гадоў. Свабода прыгадала, якія гістарычныя будынкі гарэлі ў Беларусі за апошнія 40 гадоў і што зь імі стала цяпер.

Notre-Dame

Магутны пажар увечары 15 красавіка зьнішчыў усе драўляныя канструкцыі даху ў саборы Парыскай Божай Маці. Абрынуўся шпіль.

Прычыны пажару пакуль невядомыя. Тэлеканал France 2 паведаміў, што паліцыя разглядае пажар як ненаўмысны.

Уратавалі

Закінуты маёнтак Алёшаў на Палесьсі (2016 год)

У 2016 годзе гарэў маёнтак Алёшаў у вёсцы Нова-Беражное ў Столінскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Уратаваць будынак удалося рабочым мясцовага віннага заводу. Рэканструяваць сядзібу так і не пачалі, гісторыка-культурная каштоўнасьць занядбаная.

Менскі Дом ураду (2016)

Будынак, зроблены па праекце знакамітага Іосіфа Лангбарда, гарэў у 2016 годзе. Пажар быў на даху, гмах значна не пацярпеў.

Ліквідацыя наступстваў пажару
Ліквідацыя наступстваў пажару

Сынагога ў Горадні (2013)

У 2013 годзе моцны пажар здарыўся ў будынку Горадзенскай сынагогі XVI стагодзьдзя. Памяшканьне было пашкоджанае знутры, звонку сьцены амаль не пацярпелі. Будынак удалося аднавіць.

Палац Умястоўскіх (2012)

Палацавы комплекс Умястоўскіх у вёсцы Жамыслаў Івейскага раёну Горадзенскай вобласьці загарэўся ў 2012 годзе. Агонь зьнішчыў частку даху. У 2015 годзе комплекс набыў бізнэсовец зь Ярданіі, заплаціў задатак, а потым зьнік і не займаўся рэканструкцыяй. Рэканструяваць палац і аднаўляць яго пасьля пажару пачалі толькі сёлета.

Фарны касьцёл у Горадні (2006)

Пажар у фарным касьцёле Францыска Ксавэрыя ў Горадні здарыўся ў ліпені 2006 году. Агонь пашкодзіў драўляную частку алтара, закапціў храм знутры. Дабраславеньне аднавіць касьцёл тады атрымаў ад папы Рымскага майстар Казімір Місюра. І алтар, і храм былі рэстаўраваныя.

Замак Льва Сапегі (2004)

Замак Льва Сапегі ў Быхаве загарэўся ў 2004 годзе. Згарэлі дах і гарышча. У 2010 годзе замак пачалі рэканструяваць і яшчэ ня скончылі.

Нясьвіскі замак (2002 год)

Рэзыдэнцыя Радзівілаў — Нясьвіскі замак загарэўся ў Калядную ноч у 2002 годзе. Пажар ахапіў 500 квадратных мэтраў, часткова пашкодзіў дах і сьцены. Пажар тушылі 127 чалавек на марозе —25 градусаў. Цяпер Нясьвіскі замак адноўлены, у год туды прыяжджаюць да паўмільёна турыстаў.

Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі (1996)

У кастрычніку 1996 году сатаністы падпалілі Спаса-Праабражэнскую царкву ў Заслаўі. У выніку пажару цалкам выгарэла званіца, дах, частка хору, пацярпелі іканастас, разьбіліся званы, абсыпалася тынкоўка, зьнішчаны вітражы вокнаў.

Цалкам аднавіць царкву ўдалося толькі ў 2000 годзе.

Мірскі замак (1980-я)

У 1980-х здарыўся пажар у Мірскім замку. У палацы гарэлі драўляная падлога, бэлькі і дах. Цяпер Мірскі замак адрэстаўраваны, ён прызнаны адной з галоўных гістарычных каштоўнасьцяў сучаснай Беларусі.

Мірскі замак цяпер
Мірскі замак цяпер

Не ўдалося ўратаваць

Драўляная царква XVIII стагодзьдзя ў Лелікаве (2019 год)

У 2019 годзе ў вёсцы Лелікава Кобрынскага раёну згарэла царква XVIII стагодзьдзя, якая ўваходзіла ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Уратаваць помнік гісторыі не ўдалося.

Будынак былога пажарнага дэпо ў Магілёве (2018)

Будынак былога пажарнага дэпо ў Магілёве 1908 году пабудовы згарэў у 2018 годзе. Выгаралі ўсе драўляныя канструкцыі, засталіся толькі сьцены. Суседні будынак гарэў у 2014 годзе. Цяпер абодва плянуюць рэканструяваць.

Царква Сьвятога Духа ў Рэчках (2017)

У сьнежні 2017 году ў вёсцы Рэчкі ў Вілейскім раёне згарэла царква Сьвятога Духа, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя. Царква была драўляная, але пазьней яе абклалі цэглай. Згарэла цалкам.

Касьцёл Сьвятога Яўхіма ў Клюшчанах (2017)

У ноч на 6 чэрвеня 2017 году ў вёсцы Клюшчаны Астравецкага раёну згарэў парафіяльны касьцёл Сьвятога Яўхіма. Касьцёл у Клюшчанах быў збудаваны ў 1726 годзе і дзейнічаў да 1948 году, пакуль яго не закрылі савецкія ўлады. У 1990 годзе касьцёл аднавілі і адбудавалі, у 1993-м асьвяцілі паўторна. Да пажару яго зьбіраліся ўключыць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

Храм Георгія Пераможцы ў Мазыры (2006)

Як мінімум двойчы ў Мазыры ў 2006 годзе гарэў праваслаўны храм Георгія Пераможцы. Яго падпаліла група сатаністаў, якіх пасьля за гэта судзілі. У выніку аднаго з падпалаў драўляная царква згарэла цалкам. На гэтым месцы збудавалі новы храм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG