Віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка пасьля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі выказаўся пра неабходнасьць рамонту пэўных участкаў нафтаправода, які праходзіць па беларускай тэрыторыі з Расеі ў Эўропу. Гэта адбылося на фоне чарговай энэргетычнай спрэчкі паміж афіцыйнымі Менскам і Масквой.
Падчас нарады з урадам 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Расеі «знахабіліся да такой ступені, што пачынаюць выкручваць нам рукі». Ён параўнаў з «санкцыямі» дзеяньні расейскіх партнэраў на закрыцьцё рынку для Беларусі: «Тое дабро, якое мы робім для Расеі, нам пастаянна вяртаецца злом. Ужо зрабіліся нахабнымі да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі».
Лукашэнка даручыў віцэ-прэмʼеру Ігару Ляшэнку ў выпадку неабходнасьці паставіць на рамонт нафтаправоды.
Паводле Ігара Петрышэнкі, дзейны нафтаправод, які праходзіць па тэрыторыі Беларусі, функцыянуе, «але мае патрэбу ў дадатковым рэглямэнтным абслугоўваньні, таму што эксплёатуецца працяглы час», перадае БелТА.
Інжынэры і тэхнічныя супрацоўнікі прыйшлі да высновы, што гэты нафтаправод неабходна было закрыць на рэглямэнтныя рамонтныя працы яшчэ паўтара года таму. Аднак каб не падводзіць расейскіх партнэраў, тады было вырашана не закрываць пэўныя ўчасткі.
«Зараз у сувязі з падыходамі, зьвязанымі з экалёгіяй, элемэнтамі зялёнай эканомікі, мы бачым, што ёсьць моманты, якія мы ня можам рэалізаваць і забясьпечыць тэхнічнае абслугоўваньне гэтага нафтаправода без пэўных участкаў, каб альбо абмежаваць, альбо перакрыць. Нашы спэцыялісты, інжынэры працуюць над гэтым», — заявіў Ігар Петрышэнка.
Інжынэры і тэхнічныя работнікі, якія займаюцца эксплёатацыяй трубаправода, вырашаць колькі часу можа спатрэбіцца на рамонт.
Паводле Петрышэнкі, спэцыялісты павінны правесьці актыўныя кансультацыі для таго, «каб нафтаправод функцыянаваў не на шкоду прыродзе Беларусі і ўсе закантрактаваныя пастаўкі былі ажыцьцёўлены».
Беларусь закрые 5 участкаў нафтаправоду
Беларусь плянуе правесьці капітальны рамонт пяці ўчасткаў нафтаправода «Дружба». Пра гэта паведаміў журналістам галоўны інжынэр ААТ «Гомельтранснафта Дружба» Андрэй Вярыга.
«Заўсёды ёсьць участкі нафтаправоду, якія маюць патрэбу ў капітальным рамонце. Мы праектуем цяпер пяць участкаў для капітальнага рамонту. Ужо год ідуць праектныя работы», — цытуе спэцыяліста ТАСС.
Па словах Вярыгі, знос асноўных фондаў актыўнай часткі нафтаправода складае больш за 65%.
«Трубы ў зямлі ляжаць, 80% труб паклалі яшчэ нашы дзяды. Уявіце сабе, што мэтал ужо больш за 50 гадоў ляжыць у зямлі. Натуральна, ён патрабуе рамонту і абслугоўваньня, таму заўсёды на нафтаправодзе ёсьць аб'екты і ўчасткі, якія патрабуюць рамонту», — адзначыў ён.
Галоўны інжынэр адзначыў, што «ўсе работы выконваюцца з улікам плянаў транспарціроўкі нафты». Ён дадаў, што трубаправод можа быць спынены толькі ў выпадку «плянавых рамонтаў альбо аварыйнай сытуацыі».
Прэс-сакратар Пуціна адказаў Лукашэнку: «Санкцый супраць Беларусі ня ўводзім»
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў адказаў на заяву Аляксандра Лукашэнкі пра гандлёвыя абмежаваньні як «санкцыі», піша ТАСС.
«Мы, вядома, ня можам пагадзіцца з Аляксандрам Рыгоравічам, — заявіў Пяскоў. — Ніякіх санкцый Расея ня ўводзіць».
Пяскоў дадаў, што «існуюць пэўныя тэмы, у якіх няма канчатковага разуменьня на двухбаковай аснове, тэмы камэрцыйнага характару, зьвязаныя з эканомікай»; але «працягваецца двухбаковая праца дзеля выхаду на гэтае самае супольнае разуменьне».
Таксама Пяскоў адзначыў, што Пуцін у час апошняй сустрэчы з Лукашэнкам дэкляраваў прыхільнасьць так званай «саюзнай дзяржаве». Акрамя таго, «існуе вялізны аб’ём прамой і ўскоснай дапамогі, якую Расея аказвае Беларусі, нашым беларускім братам».
«Мы ня можам пагадзіцца ў тым, што гэта ўсё можна неяк асацыяваць з санкцыямі або з выкручваньнем рук, — сказаў Пяскоў. — Безумоўна, мы ўсё ж такі прыхільнікі танальнасьці, якая лепш адпавядае саюзьніцкаму характару нашых дачыненьняў, хоць часам і з разуменьнем ставімся да эмацыйных рэплік, зыходзячы зь вельмі асаблівага, вельмі блізкага і прыязнага характару нашых двухбаковых стасункаў».
Ён адмовіўся камэнтаваць заяву Лукашэнкі аб тым, што Белрусь пры неабходнасьці закрые трубапровады (Лукашэнка казаў, «нам трэба было б на некалькі дзён закрыць для рамонту гэтыя нафтаправоды, але мы ж не зрабілі так»).