Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыслаў Качанаву вырашыць канфлікт з возерам Чырвоным на Гомельшчыне


Жыхары вёсак вакол возера Чырвонага ў Жыткавіцкім раёне ладзяць талокі, каб упарадкаваць бераг вадаёму і прыставаць яго для культурнага адпачынку, архіўнае фота
Жыхары вёсак вакол возера Чырвонага ў Жыткавіцкім раёне ладзяць талокі, каб упарадкаваць бераг вадаёму і прыставаць яго для культурнага адпачынку, архіўнае фота

Палесьсе — Жыткавіцкі і Петрыкаўскі раён на Гомельшчыне — наведала кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава. На даручэньне кіраўніка дзяржавы яна разьбіралася з канфліктам вакол возера Чырвонае. Вадаём забірае сабе Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Палешукі і мясцовыя ўлады супраць.

Чырвонае — трэцяе па велічыні возера ў Беларусі. 2/3 возера былі ў арэндзе да 2025 году ў мясцовых прадпрыемстваў — лясгасу і «Жыткавічыхімсэрвіс». Траціну арандаваў нацыянальны парк, які папрасіў Аляксандра Лукашэнку аддаць яму ўсё возера Чырвонае ў бясплатнае карыстаньне. 28 сакавіка кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведнае распараджэньне. Супраць гэтага рашэньня паўсталі мясцовыя жыхары.

Што зрабілі палешукі, каб адстаяць возера?

  • Правялі шэраг грамадзкіх сходаў.
  • Напісалі калектыўныя звароты з тысячай подпісаў у структуры ўлады, у тым ліку да прэзыдэнта.
  • Запрасілі асьвятліць канфлікт недзяржаўныя СМІ.
  • Заручыліся падтрымкай мясцовых дэпутатаў.
  • Правялі талаку для добраўпарадкаваньня возера — прыбралі сьмецьце, сваімі сіламі пабудавалі альтанкі.

Хто вінаваты. Вэрсія Качанавай

Кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта ў першую чаргу высьветліла, хто вінаваты ў канфлікце, паведамляе БелТА.

  • «Сытуацыю … спачатку сталі разгойдваць асобныя групы мясцовых жыхароў, магчыма, маючы нейкія свае прыватныя інтарэсы, затым да тэмы актыўна падключыліся і некаторыя недзяржаўныя СМІ».
  • «Шуміха была створаная штучна, у асноўным яна стала вынікам недастатковага інфармаваньня людзей з боку мясцовай улады».
  • «Той канфлікт інтарэсаў, які тут разгарнуўся, за гэтым нехта стаіць і камусьці гэта трэба».
  • «Як высьветлілася, на самой справе праблема, можа, нават ня вартая таго, каб так шырока пра яе гаварыць».

Высновы Качанавай пасьля наведваньня Палесься

  • Дакумэнт — распараджэньне прэзыдэнта аб перадачы возера нацыянальнага парку — ужо падпісаны 28 сакавіка.
  • Кампраміс такі, што рыбалоўства па факце засталося за «Жыткавічыхімсэрвісам». Сфэра паляваньня перайшла да нацыянальнага парку.
  • Абаронены інтарэсы мясцовага насельніцтва. «Ні пра якую забарону рыбалкі ня можа быць і гаворкі».
  • «У прававым полі ўсе пытаньні ўрэгуляваныя».

Парады Качанавай мяцовым уладам

  • «Інфармацыю абагульніць і данесьці да тых людзей, у якіх яшчэ маюцца пытаньні».
  • Дапусьціць на возера нацпарк, каб ён навёў парадак, бо там ёсьць «сапраўды адукаваныя спэцыялісты, якія дакладна разумеюць, як гэта трэба рабіць».
  • Мясцовыя ўлады «павінны былі разабрацца ў сытуацыі і ня супрацьпастаўляць адно аднаму прадпрыемствы, а дакладна разабрацца і данесьці да людзей, каб у іх не ўзьнікала дзесьці лжывая і суб'ектыўная інфармацыя».
  • «Спыніце гэтую гісторыю. У вашых сілах гэта зрабіць. Закрыць гэтую тэму раз і назаўсёды».
  • «Людзям, якія прыйшлі лавіць рыбу, павінны быць вызначаныя правілы: ня сеткамі, ня тонамі».
  • «Павінна быць жорсткае спагнаньне за факты браканьерства і парушэньне прыродаахоўнага заканадаўства».
  • «Трэба разабрацца і закрыць тэму, перастаць тут напружваць сытуацыю: ах, калі аддадуць Бамбізу (Сьцяпан Бамбіза — генэральны дырэктар нацпарку «Прыпяцкі». — РС), усё — ніхто ня зойдзе. Дык што, Бамбіза — вораг у раёне? Думаю, што не. Ня трэба тут шукаць ворагаў».

А што райвыканкам?

Старшыня райвыканкама запэўніў, што канфлікт ужо вырашаны на 99%. Будуць урэгуляваныя і астатнія пытаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG