Жыхары Жыткавіцкага раёну атрымалі адказ на зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта з просьбай не аддаваць Нацыянальнаму парку «Прыпяцкі» возера Чырвонае. Пад зваротам было больш за тысячу подпісаў.
Канфліктная сытуацыя ў Жыткавіцкім раёне ўзьнікла праз жаданьне нацпарку далучыць да сваёй тэрыторыі возера Чырвонае. Мясцовыя — і ўлады, і жыхары — катэгарычна супраць.
Возера да 2025 году мае сваіх арандатараў — лясгас і «Жыткавічыхімсэрвіс». Цяпер толькі адна траціна Чырвонага належыць Нацпарку.
«Нам давядзецца забыць пра возера. Абнясуць усё калючым дротам, шлягбаўмы паставяць. Мы сюды і блізка не падыдзем. Для чаго ствараць такое напружаньне ў народзе? Яны чакаюць, што мы зь віламі выйдзем?» — абураліся на стыхійным сходзе вяскоўцы.
Што адказала Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта?
Адказ дасланы за подпісам намесьніка кіраўніка спраў прэзыдэнта Андрэя Стралецкага. Чыноўнік піша, што паводле праекту распараджэньня прэзыдэнта плянуецца павялічыць плошчу паляўнічых угодзьдзяў нацпарку «Прыпяцкі» за кошт перадачы для арганізацыі паляваньня возера Чырвонае з прылеглай тэрыторыяй працягласьцю 3 кілямэтры.
«Праект распараджэньня ўзгоднены з зацікаўленымі», — зазначана ў адказе.
Што абяцае Нацыянальны парк мясцовым жыхарам?
- Улічыць інтарэсы малазабясьпечаных слаёў насельніцтва, уключаючы пэнсіянэраў, а таксама стварыць умовы, якія забясьпечаць максымальную даступнасьць прыроднага аб’екта.
- Для мясцовага насельніцтва, якое ня мае льготаў, узровень цэнаў на паляўнічыя пуцёўкі плянуецца ўсталяваць на 15% ніжэй за дзейныя цэны.
- Захаваць дзейны парадак збору грыбоў і ягад.
- Не будаваць агароджу вакол возера.
- Ня ўмешвацца ў здабычу сапрапэлю, якую цяпер ажыцьцяўляе на возеры «Жыткавічыхімсэрвіс».
Падпісантаў звароту адказ з Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі не задаволіў. Яны даслалі чарговы калектыўны зварот кіраўніцы адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай.
«Усё, чым карыстаецца цяпер у нас нацпарк — а гэта 60% тэрыторыі раёну — прама ці ўскосна было „экспрапрыявана“ ў каго-небудзь. Час спыніць гэтую заганную практыку», — пішуць палешукі.