Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хай Лукашэнка пачуе народ!». Палешукі талакой адстойваюць возера Чырвонае


Жыхары вёсак ля возера Чырвонага (Жыткавіцкі раён) ладзяць талокі ля вадаёму. Яны прыбралі сьмецьце, цяпер будуюць альтанкі і садзяць дрэвы. Усё — сваімі сіламі. Возера хоча далучыць да сваёй тэрыторыі Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Палешукі паўсталі супраць такога рашэньня.

Змаганьне за возера пачалося з пачаткам новага году. У студзені зьявіўся праект распараджэньня прэзыдэнта, дзе плянуецца павялічыць плошчу паляўнічых земляў нацыянальнага парку «Прыпяцкі» за кошт перадачы ў бясплатнае карыстаньне возера Чырвонага з прылеглай тэрыторыяй працягласьцю 3 кілямэтры.

Цяпер 2/3 возера — у арэндзе мясцовага лясгасу і прадпрыемства «Жыткавічыхімсэрвіс» да 2025 году. Яшчэ траціну арандуе нацыянальны парк.

Мясцовыя людзі абурыліся, што пры новым «гаспадару» яны ня здолеюць нават падысьці да возера. У Жыткавіцкім раёне ўжо былі выпадкі, калі нацыянальны парк абносіў вадаёмы і лес калючым дротам, ставіў шлягбаўмы.

Вяскоўцы напісалі колькі зваротаў у структуры ўлады з патрабаваньнем пакінуць ім возера, правялі некалькі сходаў, напісалі калектыўны ліст Аляксандру Лукашэнку.

Пабудавалі альтанку, высадзілі клёны і бярозы

На ліст пакуль не было адказу. Вяскоўцы вырашылі ўзяць возера ў свае рукі — правялі тут тры талакі. Падчас першых дзьвюх жыхары вёсак Дуброва, Пухавічы і Марохарава сабралі па беразе сьмецьце. Сёньня жыхары Дубровы пабудавалі вялікую альтанку на дваццаць чалавек, высадзілі клёны і бярозы на беразе Чырвонага.

Аляксандар Купрацэвіч нарадзіўся ля гэтага возера, у вёсцы Дуброва. Цяпер жыве ў Жыткавічах. «Мы будуем альтанку, каб годна сустрэць пачатак рыбнага сэзону ў траўні. Каб мы маглі сюды прыехаць з сем’ямі, адпачыць, схавацца ад дажджу. Гэта альтанка для ўсіх, для людзей. Мы самі арганізаваліся. Матэрыялам дапамог лясгас, а цьвікі, тэхніка, рукі — нашы. Будзем працаваць і ў наступныя суботы і нядзелі. Пабудуем яшчэ дзьве альтанкі. Бо гэта наша возера. Мы ня хочам, каб яно адышло Нацыянальнаму парку», — патлумачыў Аляксандар.

Аляксандар Купрацэвіч
Аляксандар Купрацэвіч

Ён кажа, што ніводная арганізацыя не навядзе такі парадак, як самі людзі, і не прасочыць за чысьцінёй. «Сюды едуць на рыбу з усёй Беларусі. Мы будзем тлумачыць людзям, каб ня кідалі сьмецьце. Бо пакуль людзі самі не пачнуць сачыць за парадкам — ніводная арганізацыя не пасьпее прыбраць», — дадаў Аляксандар.

Ён спадзяецца, што ўлада пачуе людзей і пакіне ім возера. «Ужо ня ведаем, што рабіць, куды зьвяртацца. Хай прэзыдэнт нас пачуе, мы спадзяёмся на гэта», — кажа жыхар Жыткавічаў.

«Хай Бамбіза сабе возьме калгас, падыме яго і пакажа, які ён гаспадар»

Жыхар Дубровы Ўладзімер Пышняк працуе прадпрымальнікам. Ён дапамог талацэ тэхнікай падвозіць матэрыял і сам габлюе дошкі для альтанкі.

Уладзімір Пышняк
Уладзімір Пышняк

Яго аднавясковец Андрэй Макарэвіч — рыбак і паляўнічы. «Я моцна перажываю за наша возера. На нас наступае Сьцяпан Бамбіза (дырэктар нацыянальнага парку. — РС). Ён ня дасьць нам права ні на паляваньне, ні на рыбу. Мы талокамі хочам паказаць, што мы тут — народ, супольнасьць, і возера гэта — для людзей, а не для пана Бамбізы», — кажа Андрэй.

Андрэй Макарэвіч
Андрэй Макарэвіч

Ён спадзяецца, што кіраўнік дзяржавы прыслухаецца да палешукоў. «Гэта адзінае возера, якое засталося народным, і тое хочуць адабраць — ну навошта? Хоць бы нам хоць што засталося! Мы ж тут жывём, працуем! Хай Бамбіза возьме сабе калгас, які на каленях, два калгасы — і падыме іх, пакажа, які ён гаспадар. А тут — на ўсё гатовае хоча прыйсьці, дзе нічога ня трэба ўкладаць, на прыроднае возера!», — хвалюецца жыхар Дубровы.

«Возера павінна застацца людзям, народу»

На возеры ў суботу шмат рыбакоў. Сюды прыяжджаюць на адпачынак з вудай са Слуцку, Салігорску, Любані, Бабруйску.

«Не варта нацыянальнаму парку аддаваць гэтае возера. Я тут дваццаць гадоў лаўлю рыбу, усім задаволены — і цэнамі на пуцёўку — а гэта 12 рублёў на дзень, і ўмовамі», — кажа жыхар Бабруйску Вадзім.

Ягоны прыяцель Ігар таксама з Бабруйску. «Я магу казаць за ўсіх бабруйскіх рыбакоў, бо мы ўсе сябруем — гэтае возера павінна застацца людзям, народу. Назіраем за сытуацыяй праз СМІ і моцна перажываем за мясцовых жыхароў. Бо яны — простыя людзі, такія ж, як мы, працоўны люд. А той чалавек, які хоча прыйсьці на возера, — ён зь іншага асяродку, ён нас, простых людзей, не зразумее. Тут вельмі добрыя людзі — і пераначаваць могуць пакінуць, і дапамагчы. У нас баліць душа, проста баліць душа, калі пэўны чалавек забярэ гэтае возера, прычым у бясплатнае карыстаньне. Дык мне аддайце ў бясплатнае карыстаньне, ці я абліччам не выйшаў?», — злуецца Ігар.

Ён кажа, што возера — адзінае адхланьне, якое засталося ў ваколіцах у рыбакоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG