Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палешукі просяць Лукашэнку пакінуць ім возера


Возера Чырвонае ўзімку з дрона
Возера Чырвонае ўзімку з дрона

З пачатку году жыхары Жыткавіч і раёну адстойваюць возера Чырвонае. Вадаём плянуе далучыць да сваёй тэрыторыі Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Шмат хто зь мясцовых жыхароў — супраць. Звароты ў структуры ўлады не прынесьлі плёну. Вяскоўцы напісалі кіраўніку дзяржавы.

«Зьвяртаюцца да вас жыхары Жыткавіцкага раёну з надзеяй знайсьці разуменьне, абарону і дапамогу. У народу, як ніколі раней, існуе попыт на справядлівасьць», — пішуць у звароце.

Калектыўны ліст падпісалі 650 чалавек. «Гэта за адзін дзень. У нас мала часу. Каб быў час — мы бы і тысячы подпісаў сабралі», — пракамэнтаваў Свабодзе жыхар Жыткавічаў Аляксандар.

У звароце адзначана, што возера мае сваіх, мясцовых арандатараў — лясгас і «Жыткавічыхімсэрвіс». Яны арандавалі возера паводле закону, да 2025 году. Толькі траціна возера цяпер ва ўладаньні Нацыянальнага парку. Але ён хоча ўсё возера.

Чаму палешукі супраць Нацыянальнага парку?

  • Нацпарк не рэалізоўваў мясцовым пуцёўкі на паляваньне
  • Пуцёўкі на паляваньне «Прыпяцкага» даражэйшыя, чым у лясгасу
  • Калі ўстанова стане гаспадаром на возеры — пра паляваньне і рыбалку давядзецца забыць
  • У 2003 годзе «Прыпяцкі» завалодаў возерам Чарацянскім, цяпер мясцовыя ня могуць туды трапіць
  • Людзі ня вераць абяцаньням чыноўнікаў пра танныя пуцёўкі і адсутнасьць агароджы на возеры
  • Падпісанты лісту задаволеныя працай цяперашніх арандатараў — лясгасу і «Жыткавічыхімсэрвіс»

Чаму Нацыянальны парк супраць пазыцыі палешукоў?

«Прыпяцкі» адносіцца да Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Адтуль раней прыйшоў адказ, што Нацыянальны парк, калі атрымае возера, павялічыць экспарт паляўнічых паслуг. Паводле інфармацыі Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, «Прыпяцкі» хоча навесьці парадак на возеры, але ня можа праз «супрацьдзеяньне мясцовых жыхароў».

Гэтыя словы абурылі жыхароў Жыткавіцкага раёну. Яны пісьмова зьвярнуліся па тлумачэньне ў Нацыянальны парк. Адтуль прыйшоў адказ, што:

  • З 2010 па 2018 год у раёне возера Чырвонае было выяўлена пяць парушэньняў правіл паляваньня, тры парушэньні правіл рыбалоўства
  • Шэсьць жыхароў раёну прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці
  • У 2014 годзе жыхар вёскі Дуброва незаконна паляваў на тэрыторыі «Прыпяцкага»

«Гэтыя грамадзяне ігнаравалі заканадаўства і супрацьдзейнічалі навядзеньню парадку на тэрыторыі ўстановы, за што судом былі прыцягнутыя да адказнасьці», — зазначыла ў адказе выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара Нацпарку Вольга Прыходзька.

Яна дадае, што шаснаццаць гадоў таму, у 2003 годзе, Нацпарк зарыбляў судаком возера Чырвонае.

«Установа мае намер зьнізіць кошты на паляўнічыя пуцёўкі для мясцовага насельніцтва на 20% ніжэй, чым у Петрыкаўскім лясгасе», — напісана ў адказе.

«Пры чым тут браканьеры? Гэта непасрэдны абавязак Нацыянальнага парку — ахоўваць свае тэрыторыі. Тым больш яны былі затрыманыя не на возеры Чырвоным, а за дзесяць кілямэтраў ад яго. Пры чым тут Петрыкаўскі лясгас, калі мы жывём у Жыткавіцкім раёне? Адзін падман. Нешта ўсё круцяць, верцяць. Мы ў сваім лясгасе свабодна бяром пуцёўкі. А ў Нацыянальны парк і дазваніцца ня можам — сёньня дзень ніхто слухаўку не браў! Ці нам ехаць туды па пуцёўкі, за 70 кілямэтраў у Ляскавічы — ня факт, што нам іх дадуць», — абураецца Аляксандар.

Ёсьць праект распараджэньня прэзыдэнта, паводле якога плянуецца павялічыць плошчу паляўнічых угодзьдзяў нацпарку «Прыпяцкі» за кошт перадачы для арганізацыі паляваньня возера Чырвонае з прылеглай тэрыторыяй працягласьцю 3 кілямэтры.

«Нам цяжка цягацца з Нацыянальным паркам, які адносіцца да Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Але спадзяёмся да апошняга, што прэзыдэнт нас пачуе», — дадаў жыхар Жыткавічаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG