Пракуратура Ленінскага раёну Менску перадала ў суд крымінальную справу дырэктара і загадчыка аддзелу адной з крамаў у менскім мікрараёне Серабранка. Ім пагражае да 15 гадоў турмы, расказвае «Минск-Новости».
Як сьцьвярджаюць пракуроры, выявілі двух пацярпелых, але іх можа быць больш. Мужчын зьвязвалі, залеплівалі раты скотчам, білі, аднаму зламалі нос.
Адзін з пацярпелых — беспрацоўны 38-гадовы мянчук, неаднаразова судзімы за рабаваньне і нявыплату алімэнтаў. Ён спрабаваў выкрасьці з крамы пляшку гарэлкі, пранесьці яе пад швэдрам. Але гэта заўважылі прадаўцы. Пацярпелага зацягнулі ў падсобнае памяшканьне, пачалі біць, у тым ліку малатком, патрабавалі заплаціць за раней скрадзеныя тавары (да якіх пацярпелы ня меў дачыненьня). Пасьля зьбіваньня мужчыну прымусілі цалкам разьдзецца і выгналі з крамы.
Другі пацярпелы — 54-гадовы беспрацоўны, да гэтага судзімы дзевяць разоў. Ён спрабаваў выкрасьці з крамы бутэльку настойкі. Яго таксама пабілі супрацоўнікі крамы, таксама вымагалі грошы, плюхнулі кавай у твар, выгналі голым на двор.
Пры гэтым падазраваныя самі таксама раней судзімыя. Дырэктара крамы, 1979 году нараджэньня, судзілі за гвалт у дачыненьні супрацоўніка ДАІ, а загадчыка аддзелу, 1989 году нараджэньня, прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці за ўхіленьне ад войска.