Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яна яе панічна баялася». Чаму ўтапілася выхавальніца садка, у якім загадчыцу затрымалі за хабар?


Сож
Сож

8 красавіка ў рацэ Сож у Крычаве патанула 41-гадовая жанчына. Яна працавала ў дзіцячым садку, загадчыцу якога нядаўна затрымалі за хабар. Паводле некалькіх крыніц, нябожчыца пакінула перадсьмяротную запіску. На беразе знайшлі рэчы яе 78-гадовай маці, аднак цела шукаюць дагэтуль.

«Па факце сьмерці ідзе праверка», — сказала Свабодзе прадстаўніца ўпраўленьня Сьледчага камітэту Магілёўскай вобласьці Анастасія Лаўрыновіч. Калегі жанчыны мяркуюць, што гэта было самагубства.

«Яна была ў такім стане, што зямлі пад нагамі ня чула»

У Крычаве нябожчыцу Н. узгадваюць як ціхую і пакладзістую.

«Заўсёды спакойная, ні на кога голасу ніколі не падвысіць. Дома ў яе было чыста, кветкі, клюмбы прыбраныя. Усе ў горадзе ў шоку, што яна магла ўчыніць самагубства».

Маці Н. усё жыцьцё працавала ў падатковай і выхоўвала дачку ў строгасьці, кажуць знаёмыя.

Садок у Крычаве, дзе працавала нябожчыца
Садок у Крычаве, дзе працавала нябожчыца

«Калі мы ў 11-й клясе надзявалі кароткія спадніцы, Н. хадзіла ў школьнай форме па калена і банты вязала, — успамінаюць аднаклясьнікі. — Была шэрай мышкай і не выпендрывалася».

Шмат каго ў Крычаве дзівіла надзвычай шчыльная сувязь паміж нябожчыцай і яе маці.

«Яны часта хадзілі за руку. 78-гадовая маці сустракала 41-гадовую дачку з працы і праводзіла яе туды. Магчыма, баялася за яе душэўны стан».

Маці з дачкою жылі на адной вуліцы каля ракі Сож. «Каб быць бліжэй да маці, Н. набыла дом побач, на адной зь ёй вуліцы».

«Біць трывогу маці Н. пачала раніцай 8 красавіка, — кажа знаёмая нябожчыцы. — Патэлефанавала ў садок, прыбегла да яе дадому, а там знайшла перадсьмяротную запіску. У запісцы Н. прасіла нікога не вінаваціць. Тэкст дакладна не зразумелы, але сутнасьць была ў тым, што жанчына пайшла на раку нешта з сабой зрабіць».

Камэнтаваць зьмест запіскі ў Сьледчым камітэце адмовіліся.

Суседзі нябожчыцы мяркуюць, што маці пабегла на раку ратаваць дачку.

«Яна была ў такім стане, што зямлі пад нагамі ня чула», — кажа знаёмая. З таго моманту маці нябожчыцы больш ніхто ня бачыў.

Крычаў
Крычаў

«Усё нагадвае няшчасны выпадак. Магчыма, яна шукала ў рацэ цела дачкі і патанула сама. Цяпер паводка, і Сож вельмі разьліўся. Бурлівая плынь, халодная вада. За хвілін 10 у вадзе можна акалець», — кажуць у Крычаве.

Маці Н. жыла разам з паралізаваным пасьля інсульту мужам. Пасьля трагедыі яго няма каму даглядаць. Паводле інфармацыі знаёмых, мужчыну ў крытычным стане адвезьлі сёньня ў шпіталь.

У нябожчыцы засталіся 17-гадовая дачка і муж. Камэнтаваць трагедыю яны адмовіліся.

«Увесь горад вінаваціць Пастухову ў сьмерці гэтай жанчыны»

Н. працавала дэфэктолягам у крычаўскім дзіцячым садку № 19. Гэта той самы садок, дзе 26 сакавіка затрымалі 62-гадовую загадчыцу Алу Пастухову. Дашкольную ўстанову называлі «перадавой». Яна неаднойчы станавілася пераможцам раённых спаборніцтваў, апошні раз — у 2018 годзе.

Загадчыца дзіцячага садка № 19 у Крычаве Ала Пастухова на раённай дошцы гонару (фота з архіву газэты «Вольны горад»)
Загадчыца дзіцячага садка № 19 у Крычаве Ала Пастухова на раённай дошцы гонару (фота з архіву газэты «Вольны горад»)

«Сад быў на добрым рахунку. Займаў прызавыя месцы сярод устаноў дашкольнай адукацыі. Быў, застаецца і застанецца. У большай ступені гэта заслуга ўсяго калектыву», — сказаў Свабодзе начальнік аддзелу адукацыі Крычаўскага райвыканкаму Мікалай Капаеў.

«Справа патанулай не зьвязаная з крымінальнай справай, якую распачалі ў дачыненьні да яе былой начальніцы», — сказалі ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту Магілёўскай вобласьці.

Аднак калегі зьвязваюць сьмерць жанчыны менавіта зь нядаўнім затрыманьнем загадчыцы.

«Увесь горад вінаваціць Пастухову ў сьмерці гэтай жанчыны. Загадчыцы яна баялася панічна», — сказала Свабодзе былая супрацоўніца дзіцячага садку.

Крычаў
Крычаў

Пасьля затрыманьня Пастуховай сьледчыя гутарылі з калектывам дзіцячага садку. Работнікі раённага аддзелу адукацыі папярэдзілі: усіх супрацоўнікаў садку чакае праверка ў сувязі з гэтымі справамі.

«Н. прыняла гэта блізка да сэрца. Казала, што нейкія паперы ў яе не ў парадку. Такая панікёрка! Магчыма, баялася агалоскі і ёй было сорамна перад роднымі», — кажуць яе знаёмыя.

Калі іншыя калегі Пастуховай у размовах са сьледчымі давалі выкрывальныя паказаньні супраць загадчыцы, Н. нібыта яе выгароджвала. Пасьля шкадавала, бо, кажуць знаёмыя, нібыта баялася вочнай стаўкі.

Паводле папярэдніх зьвестак, Пастухова незаконна завалодала 6 тысячамі рублёў — нібыта выплачвала сваім падначаленым прэміі, якія потым забірала і выкарыстоўвала па-свойму.

Партрэт Алы Пастуховай быў на раённай дошцы гонару. Яна мела ганаровую грамату Магілёўскага аблвыканкаму, нязьменна старшынявала ва ўчастковых выбарчых камісіях.

«Аблашчаная ўладамі, яна ўмела сябе добра паднесьці. Страх зусім страціла. Усюды пераможца, граматы, першыя месцы. Старшыня выбарчых камісій, патрэбныя працэнты. Дзякуючы гэтаму ёй усё сыходзіла з рук», — кажа ў інтэрвію Свабодзе жыхар Крычава, які быў знаёмы з Пастуховай.

Муж Пастуховай — настаўнік сьпеваў. Яе дарослая дачка жыве ў Магілёве. Як кажуць у Крычаве, жыла Пастухова нябедна, набыла кватэру, машыну, дом, кватэру дачцэ.

Знаёмы Пастуховай кажа, што ніхто ў горадзе пра яе арышт моцна не шкадаваў.

«Брала ўсім, толькі, можа, хартовымі шчанюкамі ня брала. Ніякага жалю (да яе. — РС) у людзей няма. Наадварот — нібы так і трэба», — кажа ён.

Пошукі 78-гадовай маці працягваюцца. Пахаваньне загінулай Н. прызначана на 11 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG