Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліва падаражала сёмы раз з пачатку году, зноў на 1 капейку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад 7 красавіка бэнзін АІ-92 каштуе 1,50 за 1 л, АІ-95 – 1,61 р, АІ-98 – 1,72 р, дызэльнае паліва – 1,61 р.

Дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» пры гэтым паведаміў, што цана літру АІ-98 складае 1,82 рубля — адразу на 11 капеек больш, чым раней. Але падобна, гэта памылка на сайце: запраўкі падвысілі цану на 1 капейку.

Паводле канцэрну, чарговае падаражаньне на 1 капейку адбываецца «ў сувязі з прынятай палітыкай стрымліваньня цэнаў» і «ў сувязі з ростам кошту нафты».

«З пачатку 2019 году цана расейскай нафты, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ, вырасла на 17,9%, а розьнічныя цэны на маторнае паліва за гэты пэрыяд павялічаныя ў сярэднім на 3,9%, што не кампэнсавала росту выдаткаў НПЗ на набыцьцё сыравіны», — сьцьвярджае «Белнафтахім».

На самой справе, з пачатку году АІ-92 падаражаў на 4,89%, дызэльнае паліва і АІ-95 – на 4,54%, АІ-98 – на 4,24%.

Мінулы раз цэны падвышаліся з 31 сакавіка. Гэта сёмае запар падаражаньне на капейку, цэны растуць штотыдзень. 2 студзеня цэны на бэнзін часова зьнізілі на 2 капейкі (на дызэль — на капейку), але менш як празь месяц цэны «вярнуліся».

У сьнежні 2018 году на сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу віцэ-прэмʼер Ігар Ляшэнка заявіў, што правядзеньне ў Расеі падатковага манэўру можа прывесьці да падаражаньня аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку Беларусі на 5-7%.

Віцэ-прэмʼер падкрэсьліў, што, згодна з разьлікамі ўраду, з прычыны падатковага манэўру можа адбыцца штогадовае падаражаньне нафты для Беларусі прыкладна на 21 даляр за тону з выхадам на сусьветныя цэны да 2024 году.

У 2018 годзе паліва ў Беларусі даражэла 27 разоў, цэны падняліся больш як на 20%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG