Расея абавязкова адкажа на ўведзеныя ЗША і Канадай новыя антырасейскія санкцыі. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным 15 сакавіка камэнтары расейскага зьнешнепалітычнага ведамства.
«Што тычыцца нашага практычнага адказу, то ён абавязкова будзе», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Расеі.
У ведамстве адзначылі, што ЗША і Канада, уводзячы новыя санкцыі супраць расейскіх кампаній і грамадзян, працягваюць прытрымлівацца курсу на поўнае разбурэньне адносінаў з Расеяй.
«Выказваем шкадаваньне, што ў амэрыканскіх і канадзкіх сталіцах працягваюць кіравацца згубным курсам на поўнае разбурэньне двухбаковых адносінаў з Расеяй, якія і так апынуліся ў нікчэмным стане з прычыны дрымучай русафобіі, што захапіла Вашынгтон і Атаву», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на сайце расейскага зьнешнепалітычнага ведамства ў пятніцу ўвечары.
Канада ўвяла санкцыі супраць 24 расейцаў у сувязі з інцыдэнтам з захопам ўкраінскіх караблёў у Керчанскай пратоцы і анэксіі Крыма. Сярод іх кіраўнік Нацгвардыі Віктар Золатаў, кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын, кіраўнік ВТБ Андрэй Косьцін і былы кіраўнік РЖД Уладзімер Якунін.
Пад санкцыі таксама патрапілі фізычныя асобы і арганізацыі, адказныя за незаконнае ўварваньне і працяглую акупацыю Крыму, а таксама дэстабілізацыю сытуацыі ва ўсходняй Украіне.
Санкцыі ўведзеныя ў каардынацыі з Эўрапейскім зьвязам і ЗША.