Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Астане затрымалі пратэстоўцаў супраць перайменаваньня гораду ў Нурсултан


Затрыманьне пратэстоўцаў у Астане
Затрыманьне пратэстоўцаў у Астане

Паліцыя сталіцы Казахстану затрымала каля 20 чалавек, якія пратэставалі ля будынка акімату (гарадскога ўраду) супраць перайменаваньня Астаны ў Нурсултан.

Карэспандэнты на месцы падзеяў паведамілі, што паміж удзельнікамі мітынгу і прыхільнікам перайменаваньня пачалася сварка. Пасьля гэтага паліцыя ўмяшалася і затрымала некалькі пратэстоўцаў.

Напярэдадні ў сеціве зьявіліся як мінімум дзьве пэтыцыі супраць перайменаваньня гораду «безь легітымнага абмеркаваньня гэтага пытаньня з народам». Адна зь іх набрала менш за 2 тысячы галасоў, другая — больш за 29 тысяч.

Парлямэнт Казахстану адразу ў двух чытаньнях прагаласаваў за перайменаваньне Астаны ў Нурсултан 20 сакавіка. Гэта была прапанова новага прэзыдэнта Касыма-Жамарта Такаева, які заступіў на пасаду 20 сакавіка.

Гэта будзе ўжо другім перайменаваньнем гораду за апошнія 25 гадоў (Цалінаград быў перайменаваны ў Акмалу, а Акмала ў 1998 годзе ў Астану).

Касым-Жамарт Такаеў стаў другім прэзыдэнтам Казахстану. Ён будзе выконваць абавязкі да заканчэньня выбарчага тэрміну ў 2020 годзе, пасьля чаго адбудзецца новае галасаваньне.

На будучых выбарах на пасаду прэзыдэнта Казахстану будуць прэтэндаваць некалькі кандыдатаў. Сярод іх старэйшая дачка Назарбаева Дарыга.

Дарыга Назарбаева 20 сакавіка была абраная сьпікерам парлямэнту краіны. Яе кандыдатуру вылучыў новы прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў. Пасаду сьпікера парлямэнту да гэтага займаў сам Такаеў, але пасьля сыходу Назарбаева да яго паводле Канстытуцыі перайшлі прэзыдэнцкія паўнамоцтвы.

Нягледзячы на тое, што Назарбаеў больш ня будзе прэзыдэнтам, ён працягне ўзначальваць Раду бясьпекі Казахстану і захавае за сабой пасаду кіраўніка партыі «Нур Атан».

Рада бясьпекі ў Казахстане, па сутнасьці, вызначае асноўныя напрамкі разьвіцьця краіны. Таксама яна кантралюе выкананьне законаў і абмяркоўвае кандыдатуры чыноўнікаў, якія рэкамэндуюцца на пасады кіраўнікоў цэнтральных і мясцовых выканаўчых органаў, непасрэдна падсправаздачных прэзыдэнту.

Узначальваючы раду бясьпекі, Назарбаеў па-ранейшаму зможа кантраляваць кадравую і стратэгічную палітыку Казахстану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG