Суд у расейскім горадзе Арэнбургу арыштаваў на два месяцы прадстаўнікоў забароненай у Расеі рэлігійнай арганізацыі Сьведак Яговы — Уладзіміра Кочнева і Аляксандра Суворава. Гэтых людзей абвінавачваюць у арганізацыі і ўдзеле ў дзейнасьці экстрэмісцкай супольнасьці. Пра гэта паведамляе Эўрапейская асацыяцыя Сьведак Яговы.
Яшчэ адзін пасьлядоўнік рэлігійнай арганізацыі Ўладзіслаў Калбанаў быў зьмешчаны пад хатні арышт. Зь 17 траўня ў Арэнбурскай вобласьці паліцыя правяла 18 ператрусаў у дамах грамадзян, якія лічацца Сьведкамі Яговы. 15 зь іх былі затрыманыя.
У 2017 годзе Вярхоўны суд Расеі прыняў рашэньне аб прызнаньні Сьведак Яговы экстрэмісцкай арганізацыяй і забароне яе дзейнасьці на тэрыторыі краіны. Паводле дадзеных егавістаў, у Расеі ў іх каля за 170 000 пасьлядоўнікаў.