Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт: санкцыі ЗША супраць Расеі «будуць узмацняцца»


Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў фінансавым і санкцыйным супрацьдзеяньні Дэвід Пэйман у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» заявіў, што, на яго думку, санкцыі ўжо ўтварылі расколіны паміж буйным бізнэсам і Крамлём.

Як мяркуе Дэвід Пэйман, вялізныя страты, якія ў выніку санкцый ЗША панесьлі расейскія алігархі, блізкія да Крамля, «утварылі расколіны ў адносінах у Расеі і паміж буйным бізнэсам і Крамлём». Але, паводле Пэймана, ЗША ўводзяць гэтыя санкцыі ня толькі для «павышэньня выдаткаў» Расеі, але і для таго, каб выклікаць зьмены ў яе паводзінах, і ў гэтым сэньсе ў ЗША «паўстала выдатнае трансатлянтычнае адзінства з нашымі эўрапейскімі партнэрамі».

«Па меры актывізацыі зламысных паводзінаў з боку Расеі санкцыі будуць узмацняцца і мы будзем выступаць сумесна з нашымі эўрапейскімі партнэрамі, каб нашы санкцыі далі мультыплікатыўны эфэкт і рабілі дастаткова моцны ціск на Расею, каб яна несла адказнасьць за сваё зламысныя паводзіны», — сказаў Пэйман.

У тых сфэрах, дзе ёсьць вобласьці супрацоўніцтва і ўзаемныя інтарэсы, «уключаючы сырыйскі тэатар ваенных дзеяньняў», ЗША працягваюць весьці дыялёг з Расеяй, спрабуюць узгадніць інтарэсы абодвух бакоў і працаваць разам, падкрэсьліў Пэйман.

«Але, відавочна, у такіх пытаньнях, як Крым, Украіна, умяшаньне на выбарах, мы павінны ўбачыць станоўчыя зьмены з боку расейскага ўраду і Крамля, перш чым мы будзем вывучаць магчымасьць якіх-небудзь зьменаў у нашай палітыцы санкцый», — дадаў ён.

На гэтым тыдні намесьніца міністра ў пытаньнях тэрарызму і фінансавай выведкі Міністэрства фінансаў ЗША Сыгал Мандэлкер заявіла Кангрэсу, што адміністрацыя Трампа за апошнія два гады ўвяла санкцыі супраць 270 чалавек і арганізацый, зьвязаных з Расеяй. Некаторыя з гэтых санкцый ставяць сваёй мэтай канкрэтныя змены ў паводзінах Расеі, напрыклад захаваньне рэжыму спыненьня агню ва Ўкраіне; іншыя санкцыі закліканыя пакараць Расею за пэўную палітыку, напрыклад, за меркаванае ўмяшаньне на выбарах у ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG