Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску на Дзень Волі заплянавалі канцэрт у Кіеўскім сквэры. Ёсьць дазвол уладаў


Сьвяткаваньне 100 гадоў Беларускай Народнай Рэспублікі каля Опэрнага тэатру ў Менску, 25 сакавіка 2018 году
Сьвяткаваньне 100 гадоў Беларускай Народнай Рэспублікі каля Опэрнага тэатру ў Менску, 25 сакавіка 2018 году

Лідэры руху «За свабоду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада») акрэсьлілі фармат сьвяточных імпрэзаў, прысьвечаных Дню Волі.

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў нагадалі, што атрымалі адмоўныя адказы на ўсе заяўкі пра адрасы сьвяткаваньня 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У Менгарвыканкаме параілі зьбірацца ў месцах, адведзеных для гэтага гарадзкімі ўладамі.

Кампанія #БНР101, якая зьбіралася ладзіць канцэрт у Менску 23 сакавіка, адмовілася ад прапанаваных месцаў і перанесла галоўную імпрэзу ў Горадню, дзе ўлады далі дазвол на канцэрт у Каложскім парку. Гэта не адмяняе акцыі 24 сакавіка ў менскім Кіеўскім сквэры.

Старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч адзначыў складаны працэс сёлетняга ўзгадненьня — як з уладай, так і ўнутры дэмакратычнай супольнасьці. Тым ня менш 24 сакавіка ў Кіеўскім сквэры адбудзецца канцэрт, як таго вымагае сьвяточны фармат, паведаміў Губарэвіч.

Юры Губарэвіч
Юры Губарэвіч

«Яшчэ на мінулым тыдні мы падалі паведамленьне ў Менгарвыканкам наконт пляцоўкі ў Кіеўскім сквэры, якая зьмяшчае ня меней людзей, чым ля Опэрнага тэатру, — адзначыў Юрась Губарэвіч. — Пачатак а 12-й, сама імпрэза пачнецца праз гадзіну. Будзе канцэрт беларускіх выканаўцаў. Выдаткі могуць перавысіць 5 тысяч даляраў, але талакой сабрана сродкаў удвая больш, таму павінны ўкласьціся».

Увечары 19 сакавіка заяўнікі запрошаныя ў Менгарвыканкам, каб удакладніць фармат імпрэзы і захады бясьпекі. Удзельнікі нагадалі, што спачатку «Арт-сядзіба» і БНФ «Адраджэньне» падалі заяўку на сьвяткаваньне Дня Волі на стадыёне «Дынама», іншыя рухі супольна прасілі дазволіць канцэрт ля Опэрнага тэатру. Прыйшлі адмовы.

Тады зьвярнуліся з ініцыятывай адзначыць дату адкрыцьцём мэмарыяльнай дошкі на доме па вуліцы Валадарскага, 9, якую ўлады абяцалі адкрыць яшчэ год таму. Ніякага адказу пакуль няма.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі паведаміў, што ўлады па-ранейшаму ня хочуць шырока адзначаць гадавіну абвяшчэньня БНР — адмову атрымалі практычна ўсе заяўнікі, акрамя Горадні. У Берасьці традыцыйна плянуецца акцыя супраць акумулятарнага заводу, якую апазыцыйныя сілы хочуць сумясьціць са сьвяткаваньнем.

Афіша ўдакладняецца і будзе агучаная 20 сакавіка.

Выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў панаракаў на «бандытызм» з боку ўладаў, якія абкладаюць масавыя акцыі несувымернымі паборамі – найперш на міліцыю, якую беларусы і без таго ўтрымліваюць.

На 25 сакавіка заплянавалі ўскладаньне кветак

Мікалай Казлоў заявіў, што 25 сакавіка а 18.30 ён плянуе прайсьці ад Кастрычніцкай плошчы да Валадарскага, 9, каб ускласьці кветкі да будынка, дзе адбываліся гістарычныя падзеі. Да гэтай ініцыятывы выказалі жаданьне далучыцца Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч і Ігар Барысаў.

Пра пляны Беларускага нацыянальнага кангрэсу, кіраўніцтва якога звычайна агітуе за вулічныя акцыі, апазыцыйныя палітыкі ня ведаюць — хоць і кажуць, што застаюцца ў каардынацыі зь Мікалаем Статкевічам і Ўладзімерам Някляевым.

Стрыжнёвая тэма #БНР101, як адзначыў Юрась Губарэвіч, — умацаваньне незалежнасьці Беларусі і выхад з усіх саюзных дамоваў пад пратэктаратам Крамля. Падчас канцэрту плянуецца збор подпісаў за гэта.

Што важна ведаць пра Дзень Волі-2019?

  • 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
  • 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
  • 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
  • 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
  • 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
  • 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
  • 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.

Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG