Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 6375 рублёў толькі за ахову. Урад вызначыў, колькі плаціць за правядзеньне масавай акцыі


АМАП на Дні Волі, ілюстрацыйнае фота, 2015 год
АМАП на Дні Волі, ілюстрацыйнае фота, 2015 год

За паслугі міліцыі, мэдыкаў і дворнікаў арганізатары акцый і раней мусілі плаціць, але колькі канкрэтна — вызначалі мясцовыя ўлады. Цяпер стаўкі вызначыў урад. Лідэры апазыцыі лічаць іх празьмернымі і несправядлівымі.

Новы парадак аплаты паслуг міліцыі па ахове грамадзкага парадку, выдаткі на мэдычнае абслугоўваньне і прыбіраньне тэрыторыі пасьля правядзеньня масавых акцый зацьверджаныя пастановай Савету Міністраў ад 24 студзеня 2019 году № 49, паведамляе прэс-служба ўраду.

Згодна з пастановай, пасьля атрыманьня дазволу (або пры адсутнасьці забароны) на правядзеньне акцыі арганізатар не пазьней як за два дні да заплянаванай даты павінен заключыць дамовы:

  • аб ахове грамадзкага парадку,
  • мэдычным абслугоўваньні,
  • прыбіраньні тэрыторыі.

За ахову грамадзкага парадку арганізатар мусіць заплаціць:

  • 76,5 рубля — калі ў акцыі бяруць удзел да 10 чалавек;
  • 637,5 рубля — ад 11 да 100 чалавек;
  • 3825 рублёў — ад 101 да 1000 чалавек;
  • 6375 рублёў — больш за 1000 чалавек.

Калі акцыя праводзіцца ў месцы, не аднесеным мясцовымі ўладамі да сталых месцаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў, названую суму трэба памножыць на 1,5.

Таксама арганізатар мусіць аплаціць выдаткі спэцыялізаваных арганізацый:

  • расходы на зарплату прыцягнутым работнікам і выплату ім абавязковых страхавых унёскаў,
  • кошт патрачаных матэрыялаў (лекаў, мэдычных вырабаў, мыйных сродкаў),
  • ускосныя выдаткі спэцыялізаваных арганізацый,
  • падаткі, зборы, іншыя абавязковыя плацяжы.

Палажэньне тычыцца масавых акцый, якія арганізуюць прафэсійныя саюзы, палітычныя партыі, іншыя аб’яднаньні, а таксама грамадзяне. Выключэньне — акцыі, якія ладзяцца за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў.

Янукевіч: «Гэта абсалютна несправядліва»

Раней арганізатары акцыяў таксама мусілі плаціць за «паслугі» міліцыі, мэдыкаў і камунальнікаў, канкрэтныя стаўкі вызначалі мясцовыя выканкамы,— патлумачыў Свабодзе намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Новаўвядзеньні ён ацэньвае нэгатыўна:

«Улады будуць выкарыстоўваць гэтыя стаўкі, каб яшчэ больш абмежаваць свабоду сходаў і дэманстрацый у краіне. Масавыя акцыі арганізоўваюць грамадзяне Беларусі, якія і так плацяць падаткі дзяржаве, а ўлады хочуць дадаткова браць зь іх грошы за працу бюджэтных структур. Гэта абсалютна несправядліва», — сказаў Свабодзе Аляксей Янукевіч.

Рымашэўскі: «Закон ўводзіць сапраўдную сэгрэгацыю»

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі перакананы, што падобнымі навацыямі ўлады фактычна скасавалі права на свабоду мірных сходаў у Беларусі.

«Такіх законаў ня ведае ніводная краіна сьвету, нават у дыктатарскіх кутках Афрыкі няма нічога падобнага. Гэтыя нормы ўводзяць самую сапраўдную сэгрэгацыю. Калі чытаць літаральна, ідзе падзел беларусаў па даходах. Бедныя пласты насельніцтва ня маюць права ня тое што на мірныя акцыі, нават на свабоду сходаў. Бо людзі могуць зьбірацца зь якой заўгодна прычыны, не абавязкова супраць улады. І калі адпачатку закон скіроўвалі супраць апазыцыі, у выніку атрымаўся зьдзек з уласнага народу. Самыя актуальныя, насьпелыя набалелыя акцыі пратэсту зьвязаныя з сацыяльным зьбядненьнем. Чынавенства жыруе ў сваіх катэджах, а людзей абкладае непад’ёмнымі выдаткамі».

Як адзначыў палітык, гэта наўпростае парушэньне правоў чалавека, пра якое будзе інфармаваная ў тым ліку міжнародная супольнасьць. 29 студзеня пытаньне плянуюць ўзьняць на паседжаньні працоўнай групы «Эўранэст» па Беларусі, на якія не запрашаюцца афіцыйныя ўлады — якраз з прычыны зьяўленьня падобных абмежаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG