Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна патрабуе паставіць на парадак дня перамоваў у Менску вяртаньне Крыму, ліквідацыю «ДНР» і «ЛНР»


©Shutterstock
©Shutterstock

Чарговыя перамовы Трохбаковай кантактнай групы для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе прайшлі ў Менску 13 сакавіка і доўжыліся​ сем гадзінаў. Такія перамовы праходзяць двойчы на месяц зь сярэдзіны 2014 году.

У часе сямігадзінных перамоваў 13 сакавіка прадстаўнікі Расеі нават хацелі выйсьці з памяшканьня, бо не ішлі на саступкі, калі ўкраінцы завастралі перамоўны працэс насьпелымі пытаньнямі. У ліку апошніх — рэжым замірэньня і гарантыі расейскага боку, вызваленьне захопленых Расеяй у Азоўскім моры ўкраінскіх маракоў.

Як расказалі Свабодзе кіраўнік украінскай дэлегацыі на перамовах у Менску Яўген Марчук і ўдзельнік палітычнай падгрупы Аляксандар Моцык, цяпер іхная дэлегацыя запатрабавала ўключыць у парадак дня перамоваў пытаньні поўнага аднаўленьня сувэрэнітэту Ўкраіны на ўсёй яе тэрыторыі, вяртаньня акупаванага Расеяй Крыму, ліквідацыю падтрыманых Расеяй так званых «ДНР» і «ЛНР».

«Гэта быў своеасаблівы наступ, заснаваны на міжнародным праве і заканадаўстве Украіны, — распавёў Моцык. — Мы патлумачылі расейскай дэлегацыі пытаньне акупаваных тэрыторыяў.

Расеі вельмі недаспадобы, што ва Ўкраіне ёсьць закон аб акупаваных тэрыторыях, і яна спрабуе зрабіць выгляд, што гэта чыста ўкраінская зьява. Затое мы вельмі канкрэтна, на дакумэнтах, паказалі, што на сёньня акупацыя двух раёнаў Украіны, а менавіта Аўтаномнай Рэспублікі Крым і гораду Севастопаль плюс частак Данецкай і Луганскай абласьцей, прызнаная на ўзроўні ААН».

Украінскі бок згадваў таксама Менскія пагадненьні, пад якімі стаіць у тым ліку подпіс Уладзіміра Пуціна — там ёсьць пункт аб павазе сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Урэгуляваньне на Данбасе, перакананыя ўкраінскія перамоўнікі, залежыць перш за ўсё ад вываду расейскіх войскаў, тэхнікі, наймітаў і раззбраеньня незаконных узброеных фармаваньняў.

Пасярэднік на перамовах ад АБСЭ Мартын Сайдык заклікаў бакі «прыняць усе неабходныя захады для забесьпячэньня надзейнага, устойлівага і працяглага замірэньня». Ён таксама сказаў, што сьпісы для абмену палоннымі абмяркоўваюцца. Удакладняецца стан людзей, якія знаходзяцца ў гэтых сьпісах.

Чытайце падрабязьней на старонцы ўкраінскай службы Свабоды >>>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG