Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Менску на год забаранілі будаваць хмарачосы. Прынамсі на год


Кастрычніцкая плошча пасьля зносу музэю Вялікай айчыннай вайны і да пачатку будаўніцтва
Кастрычніцкая плошча пасьля зносу музэю Вялікай айчыннай вайны і да пачатку будаўніцтва

Плян разьвіцьця Менску на 2019 год прадугледжвае «выключэньне высотнага будаўніцтва ў цэнтры гораду», піша агенцтва «Мінск-навіны».

Сам плян быў прыняты 28 лютага, але дагэтуль не апублікаваны ў адкрытым доступе. Раней паведамлялася толькі, што ў час абмеркаваньня пляну старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак заяўляў: «неабходна сыходзіць ад будаўніцтва высотных будынкаў, разьмяшчаць такія аб’екты толькі як акцэнты».

Дзе пачынаецца і сканчаецца цэнтар і якой вышынёй абмежаванае будаўніцтва, невядома.

Пры гэтым у цэнтры Менску цяпер будуецца некалькі высотных будынкаў: працягваецца будаўніцтва гатэлю, вядомага ў народзе як «Некемпінскі», на месцы першай гарадзкой электрастанцыі (між паркам Горкага і цыркам), а таксама гмаха на месцы музэю Вялікай айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы. Мае распачацца будоўля на месцы зьнесенага павільёну «БелЭкспа» між Опэрным тэатрам і Сьвіслаччу.

Адносна пляну адзначаецца таксама, што ў ім замацаванае «недапушчэньне карэктаваньня зацьверджанай праектнай дакумэнтацыі на аб'екты, якія будуюцца, што прадугледжваюць выключэньне альбо скарачэньне абавязацельстваў інвэстара па будаўніцтве сацыяльных, інфраструктурных абʼектаў і добраўпарадкаваньні тэрыторыяў» і «фармаваньне пастаяннай працоўнай групы з удзелам у тым ліку незалежных архітэктараў у мэтах падрыхтоўкі прапановаў і дачы экспэртных заключэньняў па найбольш значных тэрыторыях гораду».

У пляне прапісаная, акрамя таго, распрацоўка стратэгіі фармаваньня «ўласнага стылю Менску і яго пазнавальнага міжнароднага аблічча» дзеля папулярызацыі сярод турыстаў; разьвіцьцё гораду пераважна за кошт рэканструкцыі наяўных аб’ектаў «з фармаваньнем цэласнага аблічча гораду, выключаючы зьяўленьне неспалучальных архітэктурных рашэньняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG