Тэрміну пачатку забудовы пляцоўкі ў гістарычным цэнтры Менску, на беразе ракі Сьвіслач, уключна з былым Траецкім кляштарам, не называюць, як і кошту праекту гатэльнага комплексу. Пляцоўка аддадзеная інвэстару з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
У адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску прайшло абмеркаваньне праекту забудовы пляцоўкі плошчай 6 гектараў ля Сьвіслачы, дзе раней стаяў выставачны комплекс «БелЭкспа».
На гэтым месцы інвэстар з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заплянаваў будаўніцтва гатэльнага комплексу. Арганізатары абмеркаваньня расказалі, што будзе пабудавана, назвалі парамэтры будынкаў, прывялі высновы экспэртыз, у тым ліку экалягічнай.
Гатэльны комплекс будзе пабудаваны ў першую чаргу, а ў другую забудоўнік абяцае аднавіць тры ацалелыя карпусы Траецкага манастыра (кляштара базыльянак), дзе яшчэ нядаўна разьмяшчаліся карпусы 2-й клінічнай лякарні. Трэцяя чарга — узьвядзеньне пешаходнага моста цераз Сьвіслач насупраць новага гатэльнага комплексу і былога кляштара.
Што плянуюць пабудаваць?
- 5-зоркавы гатэль на 200 месцаў;
- кругласутачны рэстаран;
- некалькі казіно;
- Spa-салон;
- падземную паркоўку на сотню аўтамабіляў;
- бутыкі і крамы, іншыя забаўляльныя аб’екты і пункты сэрвісу.
Ад вуліцы Янкі Купалы, адкуль прадугледжаны асноўны ўваход у гатэльны комплекс, будынак будзе 5-павярховым, 20 мэтраў вышыні, з найвышэйшым пунктам на купале на 23 мэтрах. Але ад ракі Сьвіслач, куды ідзе паніжэньне, з улікам двух цокальных паверхаў будынак будзе 7-павярховым, паведамілі архітэктары.
«Фасады спакойныя, ляканічныя, лічым, яны будуць добра пасаваць да навакольнай забудовы», — зазначылі аўтары праекту з архітэктурнага бюро «Вараб’ёў і партнэры».
Што будзе ў другой чарзе?
Пасьля аднаўленьня трох карпусоў былога Траецкага манастыра базыльянак у іх зьявіцца шэраг рэкрэацыйных аб’ектаў:
- на першым паверсе будынкаў разьмесьцяцца крамы, кавярні, дзіцячыя цэнтры;
- частку адноўленых памяшканьняў аддадуць пад апартамэнты;
- будынкам прыдадуць гістарычны выгляд, які будзе адпавядаць часу да 1835 году, калі ў кляштары разьмясьціліся тагачасныя мэдыцынскія ўстановы;
- зьнікне апорная сьцяна, якая адгароджвала былы шпіталь ад вуліцы Максіма Багдановіча і закрывала від на будынкі былога кляштара.
«Цяпер і выглядам, і насычанасьцю аб’ектаў гэтыя тры будынкі будуць вернутыя ў гістарычнае культурнае асяродзьдзе гораду», — запэўніваюць аўтары праекту. Аднак калі гэта адбудзецца, не паведамілі.
Ці ёсьць экалягічная пагроза?
Паводле адмыслоўцаў, гатэльны комплекс амаль на 40% не вычэрпвае норму ў забруджваньні навакольля, дазволеную для падобных аб’ектаў.
«У тым ліку прадугледжаныя асаблівыя фільтры для ачысткі вады, якая будзе выкарыстоўвацца пральнямі гатэлю», — паведамілі праектанты.
Прадугледжаная частковая кампэнсацыйная высадка дрэваў. «Алея герояў захаваецца», — запэўнілі аўтары праекту.
Гатэльны комплекс пабудуе кампанія «Капаонік», вядомая ўзьведзенымі аб’ектамі ў Чачэніі і Сэрбіі, якая рэалізуе праекты на грошы з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Колькі будзе каштаваць аб’ект, гэтае пытаньне арганізатары абмеркаваньня старанна абыходзілі, як і тэрміны пачатку і заканчэньня будоўлі. «Гэта не ўваходзіць у тэму абмеркаваньня», — сказалі арганізатары.
Назва гатэлю таксама яшчэ не агучаная, але праектанты кажуць, што новы гатэль на вуліцы Янкі Купалы будзе ўваходзіць у вядомую сетку гатэляў Viceroy.
За што крытыкуюць забудоўнікаў?
Каардынатар ініцыятывы «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў мяркуе, што адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менска і фірма-праектант не выконваюць прадугледжаны законам парадак абмеркаваньня, і ў выніку грамадзкасьць можа атрымаць аб’ект, які немагчыма будзе падкарэктаваць.
«У Менску ўжо склалася вельмі дрэнная практыка, калі абяцаюць адно, а потым узводзяць такое, што вельмі адрозьніваецца ў горшы бок. Дастаткова згадаць Dana Mall альбо будоўлю на Кастрычніцкай плошчы, якая, як ужо відаць, разбурае кампазыцыю гэтага гістарычнага месца і за якую ўжо сорамна.
Мы сёньня даведаліся, што праект яшчэ да канца не гатовы, а плян будаўніцтва ўжо ёсьць. Яны сьпяшаюцца, каб хутчэй пачаць будоўлю і потым сказаць гараджанам: бачыце, зьмены ўжо немагчымыя», — сказаў ён Свабодзе.
Паводле Дяніса Кобрусева, будоўлю гатэльнага комплексу на месцы былога «БелЭкспа» зьбіраюцца пачаць увесну і закончыць праз два гады.
Паводле ранейшых зьвестак, фонд Royal Group насьледнага прынца Абу-Дабі Тахнуна бін Заід аль-Нахаяна, прыяцеля Аляксандра Лукашэнкі, гатовы ўкласьці ў забаўляльны бізнэс у Менску 250 мільёнаў даляраў. Якая частка гэтых грошай пойдзе на гатэльны комплекс і рэканструкцыю былога Траецкага кляштара, невядома.